Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для многіх беларусаў інтэрнэт стане недаступным?


Ігар Карней, Менск Беларускія інтэрнэт-правайдэры накіравалі калектыўны ліст нацыянальнаму апэратару паслугаў электрасувязі “Белтэлекам” у зьвязку з палітыкай цэнаўтварэньня, што праводзіцца гэтым дзяржаўным манапалістам у дачыненьні да камэрцыйных структураў.

Як адзначаецца ў лісьце, канфлікт спарадзіла 30-разовае падвышэньне кошту за падключэньне да тэлефоннай лініі паводле тэхналёгіі АDSL і 40-працэнтнае падаражаньне шэрагу паслугаў для правайдэраў з боку “Белтэлекаму”. Адзначаецца, што ў выніку такіх захадаў адбудзецца істотнае павелічэньне тарыфаў для спажыўцоў інтэрнэт-паслугаў.

Ліст на адрас “Белтэлекаму” падпісалі буйныя інтэрнэт-правайдэры, у ліку якіх “Атлант Тэлекам”, “Айчына Плюс”, “Белінфанэт”, “Анітэкс” ды іншыя.

Сутнасьць калектыўнай прэтэнзіі наступная: ад 1 жніўня “Белтэлекам” падвысіў для правайдэраў кошт на так званае красіраваньне (падлучэньне) тэлефоннай лініі амаль у 30 разоў. Раней атрымальнік паслугі ADSL сам аплачваў гэтую працэдуру; цяпер жа яе павінен аплачваць апэратар. І калі раней абанэнт плаціў 630 рублёў, то, згодна з новымі тарыфамі, апэратар мусіць заплаціць за тое ж самае 18 700 рублёў.

“Пры гэтым склад працы й яе сабекошт з боку “Белтэлекаму” не зьмяняецца”, – канстатуецца ў лісьце. Прадстаўніца кампаніі “Атлант Тэлекам” Юлія Дайнэка кажа, што разьвіваць у такіх умовах інтэрнэт-рынак немагчыма.

(Дайнэка: ) “Не, на такіх умовах працаваць можна. Але на такіх умовах вельмі складана разьвіваць рынак інтэрнэту ў Беларусі. Калі мы ўсё ж гаворым, што імкнёмся да інфарматызацыі, інтэрнэтызацыі грамадзтва, то, пэўна, гэта ня тыя дзеяньні, што такому паспрыялі б”.

У “Белтэлекаме” адмовіліся выказаць афіцыйную пазыцыю адносна ліста камэрцыйных правайдэраў, адаслаўшы да тлумачэньня, разьмешчанага на інтэрнэт-сайце прадпрыемства. Там жа адзначаецца: “Белтэлекам” зьяўляецца ўладальнікам тэлефоннай сеткі, несучы выдаткі за эксплюатацыю абсталяваньня. У зьвязку з гэтым ад 1 жніўня за карыстаньне абанэнцкай лініяй усталяваныя адзіныя тарыфы: аднаразовая плата за інсталяцыю – 18 700 рублёў, штомесячная плата за выкарыстаньне абанэнцкай лініі “Белтэлекаму” іншым апэратарам – 15 990 рублёў.

“Гэта не падвышэньне тарыфаў на красіраваньне абанэнцкай лініі, а ўвядзеньне новай паслугі й тарыфаў на яе”, – падкрэсьліваецца ў тлумачэньні “Белтэлекаму”. Аднак такія аргумэнты камэрцыйных правайдэраў не задаволілі. Гаворыць прадстаўніца “Атлант Тэлекаму” Юлія Дайнэка.

(Дайнэка: ) “Ну, а як яны могуць задаволіць? Шчыра кажучы, ніякага камэнтару я ня ўбачыла. Я ўбачыла выключна канстатацыю факту: так, узьнялі цану ў 30 разоў, плюс на 40% падвысілі кошт за ADSL-канал. Тлумачэньня, чаму так адбылося, у адказе “Белтэлекаму” няма. Усё гэта ў любым выпадку ляжа на плечы канчатковага спажыўца, што ў выніку, зразумела, адрэзануе на коштах паслугаў на рынку”.

У калектыўным лісьце камэрцыйных інтэрнэт-правайдэраў адзначаецца, што “Белтэлекам” зьмяніў умовы дамоўленасьцяў з апэратарамі без папярэдняга ўзгадненьня й абгрунтаваньня, у той час як паводле заканадаўства аднабаковая зьмена ўмоў пагадненьняў не дапускаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG