Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне Свабоды: ці хвалююць вас падзеі на Блізкім Усходзе?


Галіна Абакунчык, Менск Узброены канфлікт паміж Ізраілем і Лібанам доўжыцца цягам некалькіх тыдняў. Ці хвалююць вас падзеі на Блізкім Усходзе? Як, на вашу думку, можа быць завершана супрацьстаяньне?

(Спадар: ) “Праблемы на Блізкім Усходзе, канечне, хвалююць. Непрыемна, што дзесьці ідзе вайна. А якія шляхі вырашэньня, я нават не магу спрагназаваць”.

(Спадарыня: ) “Канечне, людзі гінуць, і гэта хвалюе. Ня ведаю, як можа вырашыцца гэтая праблема. Мне падаецца, людзі павінны падумаць пра тое, што жыцьцё адно, і на гэтым сьвеце ня так доўга мы ўсе жывём”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці хвалююць вас падзеі на Блізкім Усходзе?”

(Юначка: ) “Так, канечне. Вайна ёсьць вайна, і калі ў мірны час адбываецца нейкі ўзброены канфлікт, то, натуральна, гэта хвалюе кожнага чалавека. А як вырашыцца, – я нават ня ведаю. Гэта ўжо рашэньне ўладаў мусіць быць”.

(Спадар: ) “Хвалююць, канечне ж. Кадры, што мы бачым па тэлебачаньні, – канечне, жудасна. Я лічу, што ўсё мае быць вырашана на падставе ўзаемапаразуменьня. Бо ва ўсе часы ад вайны пакутуюць найперш мірныя людзі. А таму ўсё мусіць вырашацца за круглым сталом мірным шляхам”.

(Юнак: ) “Тыя, хто там жыве, павінны самі паміж сабой дамаўляцца. Яны ж ведаюць, якія ў іх праблемы, і мусяць дамаўляцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы думаеце: як можа вырашыцца канфлікт паміж Ізраілем і Лібанам?”

(Спадарыня: ) “Ня ведаю. Павінна ўсталявацца паразуменьне між імі. Бо там не саступаюць ні адзін, ні другі. А трэба, каб хтосьці саступіў. Дай Бог, каб яны ўсё ж-такі дамовіліся, бо забіваюць нявінных людзей. А тыя, хто мусіць трымаць адказнасьць, застаюцца ўбаку, хаваюцца”.

(Юнак: ) “Ня ведаю, як яно вырашыцца. Але будзем спадзявацца, што ў лепшы бок. Што яны знойдуць паразуменьне й спыняць гэтую бессэнсоўную вайну”.

(Юнак: ) “Я лічу, што падзеі на Блізкім Усходзе хвалююць усе краіны сьвету. Гэта праблема ўсяго чалавецтва. Мы жывём у ХХІ стагодзьдзі, і людзі мусяць быць больш абачлівымі, усе пытаньні вырашаць мірным шляхам”.

(Спадар: ) “Канечне, гэтыя праблемы хвалююць. Ізраіль там разышоўся не на жарт. Нельга гэтак паводзіцца. Канечне, з тэрарызмам там складанае пытаньне, але такія праблемы варта больш дыпляматычна вырашаць”.

(Юнак: ) “Праблемы Блізкага Ўсходу, канечне, хвалююць, але ня вельмі. Бо, паводле разьмеркаваньня, я працую ў калгасе, дзе няма нічога – ні сьвятла, ні тэлевізара. І ўвесь гэты месяц я нічога ня ведаю, што робіцца ў сьвеце. Таму мяне больш хвалююць свае праблемы – як выжыць у нашай Беларусі, чым тое, што адбываецца ў габрэяў. Няхай там робяць, што хочуць”.
XS
SM
MD
LG