Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: лекары называюць стан здароўя спадарыні Разановіч цяжкім


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Любоў Разановіч, якая сем сутак трывала сухую галадоўку, паведаміла Радыё Свабода, што пачала піць ваду.

(Разановіч: ) “Я ўжо адчуваю, што мне хана... Адчуваю па ўсім... Вось і цяпер ляжу, а ў сьпіне нешта як дасьць! Напэўна, гэта ныркі...”

Раней Радыё Свабода паведаміла, што Любоў Разановіч была дастаўлена ў тэрапэўтычнае аддзяленьне цэнтральнай гарадзкой лякарні Берасьця. Кантралюе стан здароўя пацыенткі загадчык аддзяленьня Ўладзімер Сварцэвіч:

(Сварцэвіч: ) “У яе абязводжаньне арганізму. Гэта вынік працяглага галадаваньня. Ёсьць спэцыяльныя мэтодыкі аднаўленьня. Будзем выкарыстоўваць. Паводле дадзеных, звычайныя тэрміны аднаўленьня пасьля галадоўкі – два тыдні. А, магчыма, і больш. Гэтыя пытаньні мы цяпер якраз і абмяркоўваем”.

Сёньня нашаму радыё таксама стала вядома, што прызначаная раней на 10 гадзін раніцы сустрэча намесьніка старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Міхаіла Юхімука з удзельнікамі галадоўкі ўладальнікаў маршрутных таксі й кіроўцаў не адбылася. Як паведаміла Радыё Свабода ўдзельніца акцыі пратэсту Любоў Лаўруковіч, чыноўнікі перанесьлі сустрэчу на 16 гадзін – абяцаюць новую інфармацыю што да вырашэньня канфліктнай сытуацыі.

Акцыя пратэсту ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. У ёй удзельнічае 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год.
XS
SM
MD
LG