Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўніца Любоў Разановіч дастаўлена ў гарадзкі шпіталь Берасьця


Радыё Свабода Сёньня ўраніцу брыгада лекараў станцыі хуткай дапамогі ў Берасьці наведала кватэру Любові Разановіч. Як стала вядома Радыё Свабода, удзельніца галадоўкі ўладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксі дастаўлена ў цэнтральны гарадзкі шпіталь Берасьця, што на вуліцы Стахеева.

Гаворыць берасьцейскі прадпрымальнік Віктар Чайкоўскі:

“Я наведаў кватэру Разановіч каля 9-й гадзіны раніцы. Дзьверы адчынілі дзеці – Арцём і Паўлік. Абодва заплаканыя. Пыталіся, калі вернецца дадому мама?”

Са слоў Віктара Чайкоўскага, пасьля мэдагляду Любоў Разановіч знаходзіцца ў тэрапэўтычным аддзяленьні Цэнтральнага гарадзкога шпіталю Берасьця. Факт шпіталізацыі Любові Разановіч пацьвердзілі дактары аддзяленьня, якое ўзначальвае Ўладзімер Сварцэвіч.

Карэспандэнту Радыё Свабода ўдалося пагутарыць зь Любоўю Разановіч. Сёньня – восьмыя суткі, як яна трымае сухую галадоўку. Паводле спадарыні Разановіч, стан ейнага здароўя цяжкі, яна часта губляе прытомнасьць. Жанчына даводзіць, што шпіталізацыя была змушаная:

(Разановіч: ) “Мне паведамілі, што “хуткую” накіраваў памочнік намесьніка старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Вячаслаў Мятліцкі. На гэты раз я ня здолела адмовіцца ад дапамогі ўрачоў, бо некалькі разоў губляла прытомнасьць. Мае дзеткі ў роспачы. Вельмі за іх хвалююся”.

Падрабязнасьці пра разьвіцьцё сёньняшняй сытуацыі ў Берасьці – пазьней на сайце і ў эфіры Радыё Свабода.

Акцыя пратэсту ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. У ёй удзельнічаюць 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG