Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці згодныя вы з дзеяньнямі барысаўчан?


Радыё Свабода Як ставяцца да ўчынку жыхароў Барысава, што перакрылі рух цягнікоў людзі, якія карыстаюцца паслугамі чыгункі? Ці мэтазгоднымі, справядлівымі былі дзеяньні барысаўчан? Апытаньне на чыгуначнай станцыі Менск-Цэнтральны.

(Спадар: ) “Я б на іх месцы страхаваў жытло – гэта б надалей спрасьціла падобныя сытуацыі... Але натуральна, у людзей было безвыходнае становішча. Вы, мусіць, маеце на ўвазе стаўленьне да таго, што яны паставілі грамадзкія інтарэсы вышэй за асабістыя? Натуральна, я лічу, што чыгуначныя, транспартныя камунікацыі мусяць працаваць бесперапынна – паводле раскладу... Але я не асуджаю тых людзей – зразумела, што гэта было апошнім крокам”...

(Спадарыня: ) “Мяркую, няправільнае гэта было рашэньне... Людзі, якія ехалі ў цягніках, ні ў чым вінаватыя не былі. Але мне, як жыхарцы сталіцы, не зразумець жыхароў Барысава. Мабыць, у іх былі падставы да настолькі рашучага кроку. У Менску ці любым абласным цэнтры, на маю думку, улады б зрэагавалі хутчэй... А што там: “Затапіла? Ну, набывайце шлюпку”...

(Спадар: ) “Напэўна, людзі проста вымушаны да гэткіх сродкаў зьвяртацца, - бо ўлады зусім ніяк не рэагуюць... Але я там ня быў – таму ня ведаю, ці маю рацыю”...

(Спадарыня: ) “Кожны вырашае гэтак, як можа вырашыць свае праблемы. Калі б я была на іх месцы, я ня ведаю, што рабіла б асабіста я...Што б я рабіла... Але, калі дзяржава не ў стане адразу хутка зрэагаваць... то людзі мусяць неяк прыцягнуць увагу... У нас жа народ мае права на ўласнае меркаваньне? На права голасу? На права й магчымасьць вырашаць свае праблемы”?

(Спадарыня: ) “Не... Гэтак нельга было рабіць... У людзей безвыходнае становішча было, я так разумею... Людзі ж, якія ў цягніку ехалі, былі ні пры чым... А спазьніліся хто на працу, хто яшчэ некуды... А да ўлады гэткімі сродкамі не дастукацца, мяркую. Абяцанкі ды ўсё”...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG