Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Барысаве адрэагуюць на перакрыцьцё руху цягнікоў?


Севярын Квяткоўскі, Менск У нядзелю каля трох дзясяткаў чалавек Залінейнага раёну Барысава перакрылі чыгунку. Стыхійная акцыя пратэсту выбухнула пасьля моцнай залевы, калі чарговы раз мноства дамоў апынуліся затопленымі. Нягледзячы на тое, што ў выніку акцыі пратэсту рух некалькіх цягнікоў былі затрыманыя – адзін на 50 хвілін, міліцыя нікога не затрымлівала і не складала пратаколаў. Але паабяцала даць прававую ацэнку да 9 жніўня. Чаму пратэстоўцы не былі затрыманыя? Што іх можа чакаць? І ці магчыма ліквідаваць праблему незадаволенасьці людзей – спыніць мініпаводкі ў Залінейным раёне?

Тое, што барысаўскіх пратэстоўцаў не затрымалі, яшчэ ня значыць, што міліцыя не адрэагуе. Так мяркуе юрыст Юры Чавусаў:

(Чавусаў: ) “Наконт парушэньня чыгуначнага руху ёсьць адмысловыя артыкулы. Аб’ектыўны склад злачынства можа быць. Гэта можа быць крымінальнае злачынства”.

(Карэспандэнт: ) “Міліцыя мусіла складаць пратаколы?”

(Чавусаў: ) “Калі на месцы не складаліся пратаколы, гэта яшчэ нічога ня значыць. Яны пасьля могуць прыехаць, узбудзіць справу, пачаць расьсьледаваньне: хто быў ініцыятар, хто ўдзельнічаў і г.д.”.

Да пратэстоўцаў прыяжджалі прадстаўнікі Барысаўскага выканкаму, у тым ліку міліцыя. Улады паабяцалі вырашыць праблему з затапленьнямі, а міліцыя – цягам трох дзён даць прававую ацэнку інцыдэнту.

У Беларусі за менш значныя правапарушэньні людзей саджаюць на суткі адміністратыўнага арышту. Напрыклад, за несанкцыянаваны пікет, а тут –перакрыцьцё чыгункі. Чаму ж улады пакуль лагодна паставіліся да пратэстоўцаў? Камэнтуе барысаўскі грамадзкі актывіст Зьміцер Бародка, якога ня раз затрымлівалі і каралі ў часе вулічных акцыяў пратэсту:

(Бародка: ) “У гэтым стыхійным пратэсьце не было яскравай палітычнай афарбоўкі. Таму ўлады вырашылі не даваць хаду справе. Можна параўнаць са стыхійным страйкам у Менску, калі працоўныя “Мотавелазаводу” перакрылі Партызанскі праспэкт. Там таксама не складалі пратаколаў”.

Паводле Віктара Капульцэвіча, які ўзначальваў Барысаўскі выканкам ў 1993-1997 гадах, дамы Заліцейнага раёну – адзіныя ў Беларусі, якія стаяць ніжэй узроўні ракі. Пасьля вайны тут былі зробленыя мэліярацыйныя работы, але з цягам часу мясцовыя жыхары закапалі адводныя канавы, бо вада іх не турбавала. Але клімат зьмяніўся, і вада пачала прыбываць. У сярэдзіне 1990-х праблема абвастрылася:

(Капульцэвіч: ) “Я быў вымушаны выйсьці на прэзыдэнта. Я выцягнуў прэзыдэнта ў Барысаў, і завёз яго туды. Ён гаворыць: “Я думаў, у вас тут нейкая дамба…” Даў нам па тых часох салідныя грошы. Усе інжынэрныя работы былі збольшага зробленыя, але да канца іх не давялі”.

Віктар Капульцэвіч упэўнены, што цяпер праблему можна цалкам вырашыць. Што да магчымага ўзбуджэньня крымінальнай справы, барысаўскі журналіст Аляксандар Абрамовіч спасылаецца на сваю размову з прадстаўніком міліцыі Аляксандрам Пальчэўскім:

(Абрамовіч: ) “Пальчэўскі падкрэсьліў, што гэта малаверагодна”.

Рашэньне ўладаў стане вядомым 9 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG