Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа абмежаваць продаж беларускіх камбайнаў


Міхал Стэльмак У так званай саюзнай беларуска-расейскай дзяржаве насьпяваюць новыя эканамічныя супярэчнасьці. Расея можа абмежаваць на сваёй тэрыторыі рэалізацыю беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. У Маскве лічаць, што Беларусь парушае нормы добрасумленнага партнэрства.

Расейскі саюз вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталяваньня для аграпрамысловага комплексу "Саюзаграмаш” зьвярнуўся ў міністэрства эканамічнага разьвіцьця сваёй краіны зь ініцыятывай увядзеньня кампэнсацыйнага мыта на беларускія кормаўборачныя камбайны. Расейскія вытворцы лічыць сваю ініцыятыву абгрунтаванай. Вось што патлумачыў Радыё Свабода афіцыйны прадстаўнік "Саюзаграмашу" Максім Лёзін:

(Лёзін: ) “Сэнс такі, што спадар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога шэраг беларускіх прадпрыемстваў атрымліваюць субсыдыі на вытворчасьць сваёй прадукцыі. Гэтая тэхніка пастаўляецца ў Расею. То бок Беларусь субсыдуе вытворчасьць, але ў Расею прадае па рынкавай цане. Гэта заява тычыцца кормаўборачных камбайнаў вытворчасьці “Гомсельмаш”.

Паводле спадара Лёзіна, “Саюзаграмаш” мае зьвесткі, што летась “Гомсельмаш” атрымаў субсыдыяў на вытворчасьць кормаўборачнай тэхнікі памерам больш за 5 мільёнаў даляраў. У той жа час расейскія прадпрыемствы, якія вырабляюць аналягічную тэхніку, ніякіх субсыдыяў не маюць. Гэта, як лічаць у “Саюзаграмашы”, стварае няроўныя ўмовы канкурэнцыі на тэрыторыі так званай Саюзнай дзяржавы.

Ці насамрэч субсыдуецца ў Беларусі вытворчасьць сельскагаспадарчай тэхнікі? Вось што тлумачыць начальнік упраўленьня сельскагаспадарчага машынабудаваньня беларускага Міністэрства прамысловасьці Іван Штайда:

(Штайда: ) “Субсыдаваньне можна па-рознаму разумець. Датуецца, але не прадпрыемства, а сельская гаспадарка. Так, ідзе субсыдаваньне сельскагаспадарчым арганізацыям. Перадача тэхнікі сельгаспрадпрыемствам ажыцьцяўляецца па цане на 50 працэнтаў таньней”.

Як вынікае з тлумачэньня спадара Штайды, Беларусь мае свае падыходы ў сфэры рэалізацыі сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэтыя падыходы, паводле ягоных слоў, зьвязаныя, у прыватнасьці, з плянамі адраджэньня беларускай вёскі.

Між тым, у Маскве лічаць, што беларуская палітыка ў гэтай сфэры шкодзіць расейскім вытворцам сельгастэхнікі. Напрыклад, у 2005 годзе гомельскае прадпрыемства рэалізавала на тэрыторыі Расеі 125 камбайнаў, што складае пятую частку унутранага расейскага попыту. Тым самым, паводле “Саюзаграмашу”, страты расейскіх прадпрыемстваў склалі летась каля 6 мільёнаў даляраў. Таму, паводле Максіма Лёзіна, яны й вырашылі абараніць свае інтарэсы:

(Лёзін: ) “Мы прапануем увесьці мыта на кормаўборачную тэхніку ”Гомсельмаш”. У якасьці заяўніка выступіў камбайнавы завод “Ростсельмаш”, які вырабляе кормаўборачныя камбайны “Дон-680М”

“Саюзаграмаш” прапануе ўвесьці на беларускія камбайны, якія будуць рэалізоўвацца ў Расеі, кампэнсацыйнае мыта ў памеры 140 эўра за 1 кіляват магутнасьці рухавіка. Цяпер гэтая прапанова разглядаецца Міністэрствам эканамічнага разьвіцьця Расейскай Фэдэрацыі.

Гэта не першы скандал у беларуска-расейскіх эканамічных дачыненьнях. Некалькі месяцаў таму Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі разглядала ініцыятыву Саюзу расейскіх цукравытворцаў “Саюзросцукру”, скіраваную на абмежаваньне продажу на расейскай тэрыторыі беларускага цукру. Нагадаю, расейцы таксама падазравалі сваіх беларускіх партнэраў у недобрасумленнай канкурэнцыі, зьвязанай з рэалізацыяй цукру з цукровага трысьнягу, замест бураковай прадукцыі. Таксама нагадаю, што гэтая ініцыятыва расейскага “Саюзросцукру” была задаволена – Мінэканомразьвіцьця Расеі прыняло рашэньне аб увозе беларускага цукру на расейскую тэрыторыю праз адзін мытны склад.
XS
SM
MD
LG