Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Менскам блукае небясьпечны конь


Юлія Шарова, Менск Агляд некаторых публікацыяў незалежнай прэсы 8 жніўня

Вядомы палітоляг Уладзімер Падгол на старонках “Народнай волі” разважае наконт праблемы лідэрства ў беларускай дэмакратычнай апазыцыі. На думку экспэрта, Аляксандар Мілінкевіч – абаронца дэмакратычных каштоўнасьцяў, аднак сапраўднай барацьбы за гэтыя каштоўнасьці ў яго не было. Што да Аляксандра Казуліна, дык ягоная праблема ў недаверы часткі актывістаў апазыцыі, якая можа папракаць палітыка ў ранейшых сувязях з рэжымам. Да таго ж Казуліну не хапіла досьведу тэлевізійных выступаў. На думку Уладзімера Падгола, ролю змагара экс-кандыдат выконваў, як актор правінцыйнага тэатру.

А доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш на старонках той самай “Народнай волі” піша пра сапраўдныя прычыны асуджэньня Аляксандра Казуліна да турэмнага зьняволеньня. Казулін быў вінаваты найперш у сваім жаданьні ўзяць уладу, няхай нават і легітымным шляхам. Арганізацыя паходу на Акрэсьціна стала толькі нагодай, каб вынесьці палітыку гэтулькі жорсткі прысуд.

Двух слонімскіх падлеткаў асудзілі за крадзеж дошак – дзеці хацелі пабудаваць шалаш для сваёй кампаніі. На сваёй вуліцы яны не знаходзілі сабе занятку, бо двароў з пляцоўкамі для гульняў там няма. Затое на бліжэйшым пустыры дзятва ва ўзросьце ад 10 да 16 год вырашыла змайстраваць шалаш. Дошкі, якія старэйшыя хлопцы Аляксей і Арцём цягалі са штабэлю на тым самым пустыры, належалі гаспадару дзялкі – ён зьбіраўся выкарыстаць іх пад прыватную забудову. Ён зьвярнуўся ў міліцыю й тая бязь цяжкасьцяў знайшла хлопцаў. Суд не выракаў іх на пакараньне, бо яны мелі станоўчыя характарыстыкі й небясьпекі для грамадзтва ў іхным злачынстве не было. Затое на адрас Слонімскага райвыканкаму накіраванае прыватнае азначэньне пра неабходнасьць стварыць умовы для дзіцячых гульняў.

У сёньняшняй “Камсамолцы” можна прачытаць пра небясьпечнага каня, які блукае пад Менскам. 30 ліпеня рудая кабылка Хрысьцінка ўцякла ад сваіх гаспадароў зь вёскі Зацень пад Менскам. Цяпер гаспадары спрабуюць яе знайсьці, але папярэджваюць, што кабылка, калі яе паспрабуюць затрымаць, можа брыкацца й нават угрызьці чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG