Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 7 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Наведнікі форумаў абмяркоўваюць беларускае жніво, праблему пабудовы АЭС у Беларусі, ізраільска-лібанскую вайну ды іншае.

Тэма жніва турбуе немалую колькасьць удзельнікаў дыскусіяў ў беларускім сеціве. Так, на адмысловым форуме парталу TUT.BY карыстальнік пад нікам pan_sudzilouski прапануе наладзіць таталізатар, колькі збожжа зьбяруць у Беларусі:

“Прымаюцца стаўкі тутэйшых з дакладнасьцю да 100 тыс. тон. Напрыклад, 5,6 млн ці 6,5 млн. Таму, хто апярэдзіць афіцыйную статыстыку, урачыста надаецца годнасьць заслужанага дажыншчыка з запрашэньнем у Бабруйск на паляваньне на тамтэйшых баброў”.

Наведніца форуму olefftina ўпэўненая: “Па TV доўга расказвалi, колькi страцiлi Польшча i Лiтва ўраджаю ад сьпёкi. А Беларусь быццам на iншым паўшар''i – жнiво iдзе, як заплянавана. Таму – 7, 1 млн!!!”

А вось што піша ўдзельнік дыскусіі Albus: “Я вось чакаю чарговага сэлектарнага сходу па пытаньнях уборкі. Я б наогул выдаў запісы сходаў на DVD. З магчымасьцю прагляду асобных эпізодаў”.

А для ізраільцаў беларускага паходжаньня галоўнай тэмай абмеркаваньняў застаецца канфлікт з ісламскай групоўкай "Хізбула".

На старонках аналітычнага парталу “Маоф” карыстальнікі дзеляцца ўражаньнямі ад вайны на адмысловым форуме “Маоф”. Shmerochka пра ізраільскі горад Хайфу: “Хайфа за апошнія дні прайшла натуральны адбор. Усе, хто баяліся за сябе ды сваякоў, зьехалі. Засталіся толькі абыякавыя: “Кажаце, дзе хавацца ад ракеты? Ды вунь – стаіць бэтонная грамадзкая прыбіральня. А наагул, я пра гэта ня думаў… Шмат шыльдаў, што зьзяюць, заклікаюць патанчыць, пакаштаваць крэветкі і т.д., на фоне шчыльна зачыненых дзьвярэй і вокнаў робяць уражаньне сюррэалізму, гэта даволі страшнавата. Вайна адчуваецца больш за ўсё на фоне рэклямы крэвэтак”.

Блогер Андранік Антанян у сваім інтэрнэт-дзёньніку ўвязвае праблему пабудовы АЭС у Беларусі з праблемай дзеяньняў аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі: “Пляцоўку (пад АЭС) шукаюць на ўсходзе Мугулёўшчыны. Праект амбіцыйны, але жыхароў рэгіёну ня надта сымпатычны. “Аб’яднаныя дэмакраты пакуль не выпрацоўвалі пазыцыі адносна АЭС”, – паведаміў мне Вінцук Вячорка. Цікава, а калі яны яе такі выпрацуюць? Здавалася, тэма вострая і актуальная. А не… трэба пасавішчацца. З кожным днём усё больш пераконваюся ў тым, што людзі, якія называюць сябе аб’яднанай апазыцыяй, не зьбіраюцца перамагаць”.

На сайце “Свабоднага тэатру” паведамляецца пра тое, што сэзон быў завершаны трыма спэктаклямі на хутары за 100 км ад Менску. Каб не забіраць увагі ўладаў, прыбыцьцё актораў і гледачоў закамуфлявалі пад вясельле. У перапынках паміж спэктаклямі перад прысутнымі выступаў музыкант Зьміцер Вайцюшкевіч. На сайце адзначаецца, што тэатар выступае ў самых нечаканых месцах: у цэнтры Менску ў кавярні альбо за горадам – на прыродзе. А таксама тое, што на тле разьвіцьця падпольнага тэатру працягваецца прэсінг на яго актораў.

Аматарам паэзіі варта зазірнуць на старонку маладога магілёўскага паэта Віталя Рыжкова. Віталь Рыжкоў ня толькі піша паэзію, але выстаўляе свае творы на ўласным сайце, разважае пра творчасьць, робіць фотасправаздачы пра ўдзел у літаратурных імпрэзах, а таксама дае прыхільнікам паэзіі паслухаць сваю дэклямацыю. На сайце сярод іншага можна знайсьці ў фармаце МР3 запіс дэклямацыі вершу “Справаздача па роспачы”.

(Рыжкоў: ) “Мне сумна. Шпурнутая ў сьпіну сьнежка – мэтафара сумы атрыманых ведаў у барацьбе са звыкласьцю: зьмяшалася ўсё ў адну біблейскую суну, зьліплася... Зьліліся разуменьні сэнсаў існаваньня ды існасьці – вось так перастанем адрозьніваць з часам адценьні. І ня ў вочы будзем глядзець, а крывавіць: “Зьлітуйся!”, – і не чалавеку, а – ценю.

Па адзеньні, як павялося, мяне сустрэнуць, праводзяць па розумe: нехта прыме маё, нехта скрывіць сківіцы... Мы ўсе пражываем жыцьцё па-рознаму: бог глядзіць на нас – толькі дзівіцца”.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG