Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Пётра Крачэўскі


Уладзімер Арлоў, Менск 7.8.1879, Кобрыншчына — 8.3.1928, Прага. Пахаваны на праскіх Альшанскіх могілках.

Трапіўшы ў Прагу, дасьведчаны беларускі падарожнік абавязкова наведае адзін зь яе найбуйнейшых нэкропаляў — Альшанскія могілкі. Паміж шыхтоў надмагільных помнікаў «белым» генэралам і казацкім палкоўнікам, паўз месца апошняга прыстанку маці Набокава ўтравелая сьцежка прывядзе да плітаў з надпісамі па-беларуску. Тут пахаваныя геніяльны опэрны тэнар Міхал Забэйда-Суміцкі, прэзыдэнт Рады БНР Васіль Захарка з жонкаю, а непадалёку, праваруч ад праваслаўнае царквы, пад помнікам з «Пагоняю», спачывае прах яшчэ аднаго прэзыдэнта Беларускай Народнай Рэспублікі — Пётры Крачэўскага (Крэчэўскага).

У 1917-м ён, выпускнік Віленскай духоўнай сэмінарыі, потым настаўнік, банкаўскі службовец і вайсковец, бярэ ўдзел у Першым Усебеларускім зьезьдзе і абіраецца сябрам яго выканкаму. Праз два гады, у сьнежні 1919-га, Крачэўскі ўзначаліў Раду БНР, што ў тых палітычных умовах прывяло да непазьбежнай эміграцыі — спачатку ў Літву, а затым у Чэхаславаччыну.

Пётра знаходзіўся ў ліку тых нашых палітыкаў, якія выступілі супраць пастановаў 2-й усебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне (1925 г.), дзе Менск быў прызнаны адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі.

Пяру Крачэўскага належаць паэтычныя й драматургічныя творы, але найперш ягоны талент гісторыка й літаратара выявіўся ў эсэ й артыкулах, прысьвечаных асобам і падзеям беларускай мінуўшчыны. У адным зь іх — эсэ «Скарына і незалежнасьць» — прэзыдэнт БНР напісаў словы, актуальнасьць якіх непадуладная часу: «Бяз мовы няма нацыі, без культуры — няма народу і ня можа быць Незалежнасьці, сваёй уласнай дзяржавы».
XS
SM
MD
LG