Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Бачна, што мы жывём... “пад каўпаком у Мюлера” гэтак званага".


Радыё Свабода “Ці лічыце Вы, што ўлады ўмешваюцца ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў?” Апытаньне ў Горадні

(Спадарыня: ) “Пэўна ж, такія выпадкі ёсьць. Напрыклад, узяць грашовыя пераводы з-за мяжы, пра якія цяпер з пошты паведамляюць у падаткавую інспэкцыю. А пасьля я мушу плаціць падатак – нібыта, за атрыманы прыбытак. Які гэта прыбытак, калі мне грошы гэтыя сябра даслаў?”

(Спадарыня: ) “З турыстычных бюро, калі купляеш пуцёўку, зьвесткі паведамляюцца ў падаткавую. Можна толькі здагадвацца, хто й як потым можа гэтыя зьвесткі скарыстаць. Няма пра што спрачацца: дзяржава, безумоўна, умешваецца ў прыватнае жыцьцё. Тэлефонныя размовы праслухоўваюцца – пра гэта ў нас гавораць вельмі часта. Мне здаецца, такое таксама не на пустым месцы ўзьнікла”.

(Маладзён: ) “Я думаю, у маё асабістае жыцьцё ўлады ня ўмешваюцца. Што датычыць іншых людзей, дык гэта, магчыма, і так. Я пра такое чуў”.

(Спадар: ) “Думаю, у прыватнае жыцьцё дзяржава ўмешваецца. Вось мы атрымалі грашовы перавод, які абклалі падаткам. Хаця гэта быў звычайны перавод, а не “даход”, як цяпер называюць любыя, атрыманыя з-за мяжы, грошы. Лічу, што, апроч гэтага, вядома таксама нямала іншых выпадкаў”.

(Малады спадар: ) “Падчас рэпрэсій у дачыненьні да актывістаў дэмакратычнага руху на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах было шмат выпадкаў, калі праслухоўвалі мабільныя тэлефоны. Прычым, слухалі прыватныя, нават інтымныя размовы. Я сам патрапіў у гэта, і мне было вельмі непрыемна. Такое адчуваньне, што ў цябе ніякага прыватнага жыцьця няма”.

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, што ўлады ўмешваюцца ў жыцьцё грамадзянаў, часам вельмі моцна. Я маю такі прыклад: у нас быў інтэрнэт-форум, на якім мы абменьваліся сваімі думкамі. Але калі мы сталі там пісаць, што думаем пра нашу дзяржаву й гэтак далей, форум афіцыйна закрылі. Хаця гэта ж не забаронена – абмяркоўваць такія пытаньні, праўда?”

(Спадар: ) “Бачна, што мы жывём, як той казаў, “пад каўпаком у Мюлера” гэтак званага. Напрыклад, па тэлефоне лепш шчыра не размаўляць. Бо калі будзеш гаварыць пра ўсё, што думаеш, асабліва калі бізнэсам займаесься, заўтра да цябе прыйдуць з праверкай і вялізныя штрафы дадуць, або ўвогуле кайданкі начэпяць на рукі. Таму спраўныя людзі стараюцца ў нас па тэлефоне размаўляць умоўнымі фразамі ці абмяркоўваць важныя пытаньні ў асабістых сустрэчах”.
XS
SM
MD
LG