Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7,5 працэнта зьняволеных у Беларусі – жанчыны


Юрась Бушлякоў, Прага Звыш паўмільёна жанчын у сьвеце знаходзяцца ў турмах – гэтая колькасьць пададзеная ва “Ўсясьветным сьпісе жанчын-зьняволеных”. Такі сьпіс – упершыню ў гісторыі – абнародаваны сёньня Міжнародным цэнтрам для вывучэньня пэнітэнцыярных сыстэм пры Каралеўскім коледжы ў Лёндане.

Абнародаваны сёньня сьпіс дае зьвесткі аб жанчынах-вя́зьніцах у 187 дзяржавах сьвету. У бальшыні выпадкаў складальнікі сьпісу зыходзілі зь лічбаў, пададзеных ім пэнітэнцыярнымі службамі дзяржаваў. У Беларусі, паводле стану на 1 студзеня 2006 году, турэмнае пакараньне адбывалі 3098 жанчын – гэта 7,5 працэнта ад агульнай колькасьці зьняволеных у краіне.

Як вынікае з “Усясьветнага сьпісу жанчын-зьняволеных”, на чатыры краіны – Кітай, ЗША, Расею й Тайлянд – прыпадаюць дзьве траціны ўсіх вя́зьніц сьвету. У Злучаных Штатах 183 тысячы зьняволеных жанчын, у Кітаі – звыш 71 тысячы, у Расеі каля 55 тысяч і ў Тайляндзе больш як 28 тысяч.

Самы высокі працэнт жанчын-зьняволеных ад агульнай колькасьці вязьняў – у Ганконгу (22 працэнты з тых, хто адбывае там турэмнае пакараньне, гэта жанчыны). Аўтары абнародаванага сёньня сьпісу адзначаюць даволі высокі працэнт вя́зьніц у шэрагу краінаў былога СССР.

Гаворыць навуковы супрацоўнік лёнданскага Каралеўскага коледжу Антон Шалупанаў:

(Шалупанаў: ) “Расейскі працэнт даволі высокі: 6,5 працэнта ад усіх зьняволеных – гэта жанчыны. Ва Ўкраіне – 6,1 працэнта. Найвышэйшы з краінаў былога СССР гэты паказчык у Беларусі – 7,5 працэнта. Гэта прыкметна вышэй за сярэдні ўзровень. У іншых краінах мы бачым даволі нізкія паказьнікі. У Азэрбайджане, напрыклад, толькі 1,4 працэнта жанчын у турэмным зьняволеньні – гэта ніжэй за сярэднія паказьнікі”.

Міжнародны цэнтар для вывучэньня пэнітэнцыярных сыстэм пры Каралеўскім коледжы ў Лёндане рэгулярна публікуе “Ўсясьветны сьпіс зьняволеных” – гэты сьпіс лічыцца набольш верагоднай крыніцаю інфармацыі аб вязьнях у сьвеце. Дырэктар цэнтру Роб Ален:

(Ален: ) “Сёлета мы вырашылі сабраць зьвесткі аб жанчынах у турмах – такі агляд робіцца ўпершыню. Сацыяльныя выдаткі на ўтрыманьне жанчын у турмах, як вядома, высокія, таму, на нашую думку, важна даць краінам магчымасьць убачыць, як яны выглядаюць у параўнаньні”.
XS
SM
MD
LG