Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сялец: “Пасьля досьледу тутэйшых гістарычных здрад веры ў беларускі народ усё-такі не паменела...”


Віталь Сямашка, Лідзкі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. Эфір 8 жніўня.

“Вось жа ад нас ты едзеш “трайным тузом”, – самазадаволена запэўніў мяне ўвечары на пэроне 32-гадовы Алесь Тур, лідзкі беспрацоўны, мой добраахвотны гід. – Па-першае, патрапіў у Сялец акурат на 600-годзьдзе вёскі, па-другое, Мікалай Мікалаевіч закончыў кнігу, па-трэцяе, сустрэў зранку мяне”.

Усё было чыстай праўдай. Нават і апошні аргумэнт майго шанцаваньня – як патлумачыла трохі пазьней пажылая кабета…

(Спадарыня: ) "Маладых амаль няма – у Ліду зьехалі. Засталіся толькі старыя…"

Апошніх у Сяльцы, вёсцы па-над Нёманам, кілямэтраў за трыццаць ад Ліды, да 90 адсоткаў. Але ў 30-градусную сьпёку ўсе пахаваліся па хатах, і вуліца агаломшвала пустэчай. Мяне ж найперш цікавіў 82-гадовы былы настаўнік фізкультуры, краязнаўца з прызваньня, як ён сам сябе называе, Мікалай Мікалаевіч Дзікевіч. Рэдакцыя незалежнага часопісу “Лідзкі летапісец” пачынае друкаваць ягоны дакумэнтальны досьлед гісторыі вёскі. Увесь век пражыўшы ў гэтых мясьцінах, сп.Мікалай гадамі запісваў сьведчаньні жыхароў розных пакаленьняў.



(Дзікевіч: ) “У Сяльцы было й да тысячы жыхароў, як будавалі мост пасьля вайны. Цяпер – ледзь да 200 дацягвае. Сялец будуць трымаць чыгунка й дачнікі. І рэчка: прыехаў, 100 мэтраў – і ты там...”

Гэтымі днямі споўнілася роўна шэсьць стагодзьдзяў зь першай летапіснай згадкі пра селішча. 5-га жніўня 1406-га году смаленскі князь Юры Сьвятаслававіч з дружынай гайдамакаў абрабаваў і спаліў Ліду. Але тут жа прысьпеў з радавога маёнтку Селіца (сучасны Сялец) стараста Якуб, які й прагнаў чужынцаў. Сп.Мікалай зьлёту кідае мяне ў гушчыню тутэйшых гістарычных падзеяў.

(Дзікевіч: ) “У 1885-м прайшоў першы цягнік, былі збудаваны тартак, млын, фанэрная фабрыка – іх у 43-м спалілі чырвоныя партызаны. Людзі казалі: тартак гэты ніякай вайсковай прадукцыі не выпускаў, напачатку 41-га рабілі шпалы, але матэрыялу не ставала, і працаваў толькі млын. Я сам езьдзіў – рабілі крупу, муку й яшчэ што. Фанэры таксама не было з чаго рабіць. Спалілі, каб паказаць: “мы вядзем нейкую барацьбу”. Ёсьць даклад у Цэнтральны партызанскі штаб, як палілі”.

(Карэспандэнт: ) "Сапраўды ўжо барацьба зь “ветракамі”…"

(Дзікевіч: ) “Магчыма, так (сьмяецца ). І людзі засталіся бяз працы”.

Асобную старонку ў досьледах Дзікевіча складаюць падзеі другой усясьветнай вайны, пададзеныя з успамінаў сьведак. На фронце загінула ўсяго пяць жыхароў Сяльца. Затое 13 расстраляна ў 1941-м немцамі, яшчэ столькі ж у гэтай, пераважна праваслаўнай, вёсцы ў 1944-м забілі “акаўцы”, у шэрагах якіх было й чацьвёра мясцовых, – кажа сп. Дзікевіч.

(Дзікевіч: ) “Мо гэта і ўратавала, што немцы, адступаючы, не спалілі вёскі. З Арміі Краёвай езьдзілі цэлы дзень, зьбіралі. У іх, напэўна, былі тут свае стукачы. І калі каго ў хаце не было, гаварылі: як ня прыйдзе гаспадар, – мы вас забярэм. Людзі зьяўляліся. Дамоўленасьць была зь немцамі! Праскурэнка, настаўніца, гаворыць: “Красавіцкім днём зьявіліся жаўнеры АК. Немцы ім не пярэчылі. “Белыя” – у нас “акаўцаў” так называлі – вольна разьяжджалі на конях, са сьпісам хадзілі па хатах. Глядзіце далей: “адводзілі ва Ўрбанава гумно, там па сваіх законах судзілі й расстрэльвалі”. Сярод 13-ці – дзьве жанчыны. Гуйда Вольга Міхайлаўна мела 5 дзяцей, у кнізе “Памяць” праходзіць, як партызанка. Ды ніхто з гэтых загінулых у партызанах ня быў! Усе яны працавалі на гаспадарцы. Каму яны што рабілі дрэннае? Як людзі кажуць? Квіталіся па сваіх рахунках. Закапалі побач. Празь месяц сваякі раскапалі й пахавалі на вясковых могілках..."

Між іншым, занатаваныя сп.Дзікевічам успаміны сьведчаць, што немцаў у Сяльцы баяліся значна меней, чым, нібыта, “сваіх” – “акаўцаў” ды партызан.

(Дзікевіч: ) “Калі падрывалі мост, ад’яжджала ахова празь вёску, і самі немцы сказалі: закрывайце вокны, бо праз дзьве гадзіны ўзарвецца. Я не выдумляю – усё запісана. У іх было два бункеры, і яны паводзіліся вельмі добра: прыходзілі з гармонікамі, танчылі зь дзяўчатамі. У нас і ня ведалі, што такое фашысты. Партызаны не сказалі б, напэўна. Яны ж пра фабрыку, як яе палілі, не сказалі...”

*** Па Сяльцы хаджу ўжо разам зь Мікалаем Мікалаевічам і памянёным Алесем Турам. З-пад ракі дзядуля з трыма ўнукамі вяртаецца на лецішча – дамкі каштуюць тут ад пяцісот да чатырох тысяч даляраў.



(Спадар: ) “У нас лепшых месцаў няма на Лідчыне, чым гэты Нёман...”

(Карэспандэнт: ) “А каму найбольш падабаецца?”

(Дзіця: ) “Мне!.. Завуць Франак… Ужо купаўся ў Нёмане...”

Сп. Дзікевіч, аднак, ахалоджвае: хоць, як пісаў Колас, па-над берагам яшчэ стаяць “дубы ў пары з хваіною”, Нёман даўно ня “срэбнаводны”.

(Дзікевіч: ) “Калі я сюды прыехаў, дык ідучы зь сенакосу, прыгаршчамі піў ваду – чыстая была. А цяпер яна сіняя зьверху. Я й не купаюся. З гарадоў “бэнзін” цячэ. А так некалі былі рачныя флятыліі, хадзілі пасажырскія параходзікі, землечарпалка працавала. Мы, бывала, сьмяяліся: ставіць ваду ў копы. Я 40 гадоў трымаў карову, а цяпер сілы не хапае. Накасіць мог бы. Але ў нас сенакос за Нёманам: як яго даставіць?”

Да таго ж – дадае Алесь Тур – супрацьлеглы бераг зь нядаўняга часу зрабіўся недасягальным – праз мост не перайсьці.

(Тур: ) “Раней ніхто не ахоўваў, бабка зь венікам хадзіла. Паставілі вышакі, надавалі аўтаматаў. Хацеў прайсьці на той бераг, – дык давялося плысьці. Мне, праўда, не звыкацца. Стратэгічнае месца тут”…

Такая вось назіраецца праява раптоўна ўзьніклага беларускага варыянту міжнароднай барацьбы з тэрарызмам. Зрэшты, чыгуначная станцыя “Нёман”, з гледзішча грузапатоку, відочна да гэткага статусу не “дацягвае”. Гутару зь дзяжурнай – спадарыняй Марыяй Гусак.

(Гусак: ) “За дзень праходзіць 7 “дызэляў” – на Ліду й на Баранавічы. А пасажырскія – Рыга–Вільня–Трускавец і Гомель–Гродна. Грузавых цягнікоў 18–20 за дзень, а за месяц больш за 800 праз нашу станцыю праходзіць. Працоўных месцаў у нас сем і пуцейцаў сем чалавек...”

(Павал: ) “А працаваць можна толькі на мосьце ахоўнікам ды ў лякаматыўным дэпо ў Лідзе...”

(Сп. Алена: ) “Мы старэем, пусьцеюць хаты – з 90 двароў засталося, мо, 60 жылых толькі. Усё вакол пустуе, палі зарасьлі. Было 56 кароў, засталося 14 – лянуюцца людзі...”



Гэтак да нашай гутаркі далучыліся 43-гадовы мантэр-пуцеец Павал Казак ды ягоная маці Алена Сяргееўна, жонка сяльцоўскага старасты.

Алесь Тур, аднак, падае свае развагі.

(Тур: ) “Вось бабка-пэнсіянэрка. Як яна дроў нарыхтуе? Паставіць бічам пару бутэлек – і яны насякуць. Альбо ўзяць мужыка любога. Навошта яму нарыхтоўваць? Ідзі ў лес, заплаці за дзялку, знайдзі транспарт, знайдзі мужыкоў прывезьці… Дык лепш купіць – таньней абыходзіцца. А лес такі цяпер завалены. Я ў лесе вырас – ідзеш, ногі зломіш, бо адпілуюць, каб праехаць – і ўсё...”

78-гадовую Веру Міхайлаўну Круповіч за бязьдзейнасьць не зьвінаваціш: кажуць, ейны гучны голас штодзень чуваць на паўвёскі. Была актыўнай прыхільніцай Аляксандра Лукашэнкі. Чаму была? Сп.Круповіч дагэтуль не завяршыла шматгадовага бюракратычнага ліставаньня наконт атрыманьня пасьведчаньня ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны.

(Круповіч: ) “Я ўдзельнічала ў партызанскім руху, была сувязной, жыла ня тут. Сустракае неяк намесьнік камандзіра й кажа: чаму ня хочаш зрабіць дакумэнты? Ён даў адрас начштаба, камандзіра. Усё знайшлі – і ў Лідзе ў райвыканкаме тры гады трымалі. Усё-ткі паехала я туды. Далі мне копіі, я дасылаю ў Менск. Праз тыдзень звоняць з адміністрацыі: патрэбен арыгінал. Адаслалі. Чакаю. Раптам атрымала “дакумэнт” – ані герба, ані пячаткі, ані нумароў. Ліпа! “Аб адмове ў прызнаньні ўдзельнікам партызанскага руху Круповіч В.Д.”. Я – кажу – не дурніца: чаму даслалі без усялякага тлумачэньня?! Пазваніла ў прыёмную прэзыдэнта”…

(Карэспандэнт: ) “Вы верыце, што там дапамогуць?”

(Круповіч: ) “Я ня ведаю. Там няма партыі, няма гаркаму. Хаця Лукашэнка стараецца, але многа ён гаворыць (сьмяецца)...”

Сп. Дзікевіч тым часам прапануе абавязкова наведаць тутэйшага Эдысана – 70-гадовага Генадзя Аляксандравіча Ўладзімірава.

(Дзікевіч: ) “Цэлая перадача пра яго мусіць быць!”



Падвор’е былога вайскоўца, машыніста цягніка застаўлена рознымі мэталёвымі канструкцыямі. З ангарчыка гаспадар выкочвае трактарок з прымацаваным плугам – уласнае канструкцыі, як, зрэшты, і ўсё астатняе тут.

(Уладзіміраў: ) “Гэта лухта! (Агульны сьмех.) Зрабіў 11 трактароў з мэталёвага лому – на ўласнае разуменьне. Вось я збудаваў адну мадэль, яна мне не спадабалася – сілы мала, габарыты ня тыя – пачынаю займацца іншым. А той трактар – мне за яго ганак зрабілі. А яшчэ адзін памяняў на дызэльны рухавік. Пачаў “танцаваць” іншую мадэль”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі трактарок з плугам каштуе?”

(Уладзіміраў: ) “А чорт яго ведае… Дзесьці 700–800 даляраў – капейкі, канечне. Дый няма бізнэсу – гэта маё хобі! Я з жалезам кладуся, з жалезам устаю – пачышчу, змажу, павешу. Цана гэтага плугу неапісальная. Ім можна ня толькі ўзараць поле, але й выкапаць бульбу, бо адкідаюцца лемяхі”.

Мы ў 70-гадовага пэнсіянэра сп. Тэафізія Прашкурэнкі, якому паштальёнка, нарэшце, прынесла адразу некалькі нумароў “Народнай волі”. Суседзі ізноў будуць пляткарыць, – сьмяецца ён разам зь яшчэ адным сяльцоўскім падпісчыкам, вядомым нам сп. Дзікевічам.

(Прашкурэнка: ) "Лічыцца ж: як выпісваеш “Народную волю”, дык апазыцыянэр. І яго ў вёсцы называюць “бэнээфаўцам”. А калі чалавек папросту хоча ведаць больш, чым у афіцыйных СМІ?! Я пісьменны чалавек, маю дзьве вышэйшыя адукацыі – мне цікава тут і тут параўнаць..."

(Карэспандэнт: ) “І на чыю карысьць спаборніцтва, па-вашаму?”

(Прашкурэнка: ) "Канечне, я за тых, хто за незалежную Беларусь. Хаця я – не беларус. Я свайго прэзыдэнта абраў – Юшчанку. А ў Беларусі я прагаласаваў бы за Аляксандра Казуліна..."

(Карэспандэнт: ) “А ты, Алесь, галасаваў за каго-небудзь?”

(Тур: ) “Не скажу. Толькі за Лукашэнку галасаваць ніколі ня буду...”

(Дзікевіч: ) “Датэрмінова прагаласавалі ўсе. Бо як мы з жонкай прыйшлі, – я склаў удвая бюлетэнь. І адчуў, як ён “плюхнуўся” ў пустое дно. А я жыву побач з выбарчым участкам: прывязуць 15 чалавек, а прагаласуе 45 – за жонку, за брата-свата. У кабіны ніхто й не заходзіць”.

Толькі на пэроне наважваюся задаць свайму галоўнаму герою пытаньне, якое круцілася на языку цягам усёй сустрэчы.

(Карэспандэнт: ) “А не паменела веры ў беларускі народ пасьля досьведу сяльцоўскіх гістарычных здрад?”

(Дзіковіч: ) "Мусіць, не. Як бы там ні было, я застаюся беларусам…"
XS
SM
MD
LG