Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібане застаецца каля паўсотні беларусаў


Ігар Карней, Менск Паводле беларускага замежнапалітычнага ведамства, з зоны лібана-ізраільскага канфлікту эвакуаваныя 442 грамадзяніны Беларусі й некалькі дзясяткаў небеларусаў – перадусім дзяцей ад зьмешаных шлюбаў. МЗС Беларусі мае зьвесткі яшчэ пра паўсотню этнічных беларусаў, якія адмовіліся пакідаць рэгіён. Адначасова назіраецца тэндэнцыя вяртаньня з Ізраілю некаторых былых грамадзянаў Беларусі, якія ў розны час выехалі ў гэтую краіну.

Нягледзячы на працяг ваеннага процістаяньня паміж Ізраілем і Лібанам, у амбасадзе Беларусі ў Сырыі паведамілі: цягам мінулага тыдня ніхто зь беларускіх грамадзянаў не зьвяртаўся па дапамогу ў эвакуацыі з зоны канфлікту. Яшчэ каля 50-ці нараджэнцаў Беларусі застаюцца ў Лібане, аднак пакінуць краіну яны адмовіліся. У дыпляматычным прадстаўніцтве запэўнілі, што апэратыўна адрэагуюць на любы запыт суайчыньнікаў.

(Супрацоўнік амбсады: ) “Наша амбасада працуе, і калі зьяўляецца нейкая інфармацыя, вартая ўвагі, – яна адразу ж накіроўваецца ў МЗС. Усе зьвесткі акумулююцца ва ўпраўленьні інфармацыі МЗС”.

Паводле дадзеных на канец мінулага тыдня, з зоны ўзброенага канфлікту ў Беларусь эвакуаваныя 442 чалавекі. Гэта нашмат больш, чым меркавалася спачатку. Празь некалькі дзён пасьля абмену бакамі ракетна-бомбавымі ўдарамі гаворка вялася пра 300 беларусаў, якія пастаянна ці часова жывуць у Лібане. Як патлумачылі ў МЗС, статыстыка папоўнілася за кошт дзяцей, народжаных у зьмешаных шлюбах, якія зьяўляюцца грамадзянамі іншых краінаў.

Да вымушаных вяртанцаў можна аднесьці й грамадзянаў Ізраілю, якія ўсё актыўней пакідаюць эпіцэнтар канфлікту. Дзьве авіякампаніі – “Белавія” й “EL AL” – тройчы на тыдзень ажыцьцяўляюць палёты зь Менску ў Тэль-Авіў і назад. І – цьвердзяць у “Белавіі” – усе рэйсы практычна поўныя.

Аршанец Ігар Шнэйдар расказвае, што вярнуцца ў Беларусь яго змусіў перадусім клопат пра бясьпеку сям’і. Паводле майго суразмоўцы, каб ня шэраг абставінаў (найперш неабходнасьць выплачваць банкаўскія крэдыты), з Ізраілю ад’яжджала б цяпер куды больш людзей.

(Шнэйдар: ) “Тыя, у каго засталіся ў Беларусі блізкія сваякі, каго ня зьвязвае банкаўскі крэдыт, у каго дзеці ў школу яшчэ ня ходзяць, дык тыя вяртаюцца. Нават пэнсіянэры вяртаюцца. Вось у мяне адна знаёмая пэнсіянэрка таксама нядаўна вярнулася. Пражыла ў Ізраілі гады, напэўна, чатыры – і вярнулася ў Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) “Якога стаўленьня да канфлікту трымаюцца ў Ізраілі?”

(Шнэйдар: ) “Мне здаецца, тыя, хто прыехаў у Ізраіль пазьней, яшчэ больш правыя, чым мясцовыя. Новыя пасяленцы за яшчэ больш жорсткую палітыку ў адносінах да арабаў, чым старыя ізраільцы, якія там жывуць шмат даўжэй і лепей ведаюць тых жа арабаў. Узяць да прыкладу хоць бы такога адыёзнага палітыка, як Лібэрман, які прыехаў з Малдовы. Той адназначна заяўляе: трэба ўсіх арабаў адсяліць, як колісь Сталін чачэнцаў. Маўляў, неабходна ўсіх арабаў з тэрыторыі Ізраілю прыбраць і расьсяліць па арабскіх краінах”.

У Беларусі нямала лібанцаў, якія засталіся тут пасьля заканчэньня навучальных устаноў. Асобныя дасягнулі заўважных посьпехаў, маюць уласны бізнэс. Адзін зь іх, Карым Ахмадзін, на праблему глядзіць як на штучна створаную ізраільскімі ўладамі.

(Ахмадзін: ) “Я думаю, ёсьць проста нейкая нагода, адмыслова прыдуманая для апраўданьня ўсёй гэтай справы. Бо хто такія кіраўнікі “Хізбулы”? Палова зь іх навучалася ў Вялікай Брытаніі й Злучаных Штатах. Гэта група на палітычнай арэне адносна нядаўна зьявілася. А цяпер усё хочуць павесіць на яе. Таму зусім беспрычынна ў яму загналі наш народ. І ўсё гэта ў рэчышчы новай усясьветнай палітыкі”.

Ад пачатку эскаляцыі двухбаковага канфлікту ў Лібане загінулі 772 чалавекі. Бальшыня зь іх – мірныя жыхары. Пра 98 ахвяраў заяўляюць улады Ізраілю; 60 зь іх – страты ізраільскага войска.
XS
SM
MD
LG