Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хіба пазбаўленьне цэлых сем’яў сродкаў на існаваньне ня ёсьць умяшаньнем у прыватнае жыцьцё?”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за панядзелак, 7 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”! Аднойчы прачытаў нарыс паважанага Алега Трусава. Алег Трусаў расказвае, што Аляксандр Уладзіслававіч Казулін вельмі добра праводзіў перадвыбарчую прэзыдэнцкую кампанію. І ён кажа, што той вельмі старанна вучыў беларускую мову і браў у яго урокі. Ён вельмі спраўны вучань, у яго гэта вельмі добра атрымліваецца. Алег Трусаў у сваім нарысе апісвае Аляксандра Казуліна, як чалавека вельмі сумленнага, паважлівага, як стараннага вучня, кажа, што ён здатны, і ніякі ён не праект. Мне здаецца, што насамрэч гэты чалавек вельмі здатны і паважлівы. Тым больш, калі ён быў у Бабруйску, то зь ім быў Уладзімер Колас, а таксама іншыя паважлівыя людзі. Уладзімер Колас ніколі б не пачаў дапамагаць здрадніку… Так што, Аляксандр Уладзіслававіч Казулін – гэта ніякі не праект. Некаторыя кажуць, што яго фінансаваў Павал Барадзін…”

(Віктар Бутто зь Менску: ) “Пра незалежнасьць. Больш за ўсё незалежнасьць у Рэспубліцы Беларусь патрэбна ўладам … дзеля беспакаранасьці крымінальных злачынстваў, што яны зьдзяйсьняюць асабліва амаральна, бесчалавечна і цынічна, пры гэтым яны праяўляць некампэтэнтнасьць, неаб’ектыўнасьць і іншыя нэгатыўныя якасьці заміж выкананьня сваіх абавязкаў перад грамадзянінам Беларусі. Вось такая існуе незалежнасьць па-беларуску ўжо больш за 15 год”.

(Спадар: ) “Копыльскі раён АОА, ці як там, гэта Старыца-агра. Некалі быў дырэктарам Рубель, усё ў нас было “капітальна”, усё было добра, усё было выдатна. А вось зараз у нас ужо ўсё развалена. Два гады, як у нас няма лазьні. Кідаюцца людзі, мыюцца, хто як можа. Раскрадаецца ўсё пасьля Рубеля Мар''яна Іосіфавіча, быў такі старшыня калгаса, цяпер Рымашэўскі, поўнасьцю стаўленік Лукашэнкі. Дамашкевіч прыяжджае, напакоўвае сумкі, ня сумкі, а машыны, людзі добрыя, машыны! І вось сёньня 4 жніўня вясельле ў Лукашэнкавага стаўленьніка, гэта значыць, у Рудакоўскага сына. І Дамашкевіч сёньня прыедзе. Косяць газоны, стрыгуць галінкі, амаль пазногці ў людзей састрыгаюць. Чакаюць “Дамаша”, можа, і “Лукаш” прыедзе…Людзі добрыя, дапамажыце! Немагчыма глядзець, як раскрадаецца калгас бяз нашага нармальнага старшыні. Разумееце? Немагчыма. Вось і ўсё. Да пабачэньня”.

(Спадар: ) “Я наконт прызначэньня Януковіча старшынёю Савета міністраў ва Ўкраіне. Вось уся сутнасьць так званай дэмакратыі праяўляецца. Цяпер бой ідзе страшны ў Нямеччыне і ў Амэрыцы, што вось прызначылі Януковіча, а ён, бачце, больш прыхільнік Расеі. Вось так… Буш ставіць пытаньне: калі ён прыхільнік Расеі, то гэта здраднік, гэта дрэнны чалавек. Зараз паслухаў па радыё “Deutsche Welle”, там ёсьць такая… Вось яны гэта і распаўсюджваюць… І ў Амэрыцы так… А гэты герой, рэвалюцыянэр, хоць і бандыцкім чынам прыйшоў да ўлады, ён добры чалавек. І шкада вось, што ён пайшоў на кампраміс і гэтак далей. І ўсе ў Беларусі гэта разумеюць. І яны там такі лёзунг прымянілі, што гаварыць ня хочацца… Вось такая дэмакратыя, якую вы, ... амэрыканская, распаўсюджваеце па радыё ў тым ліку…”

“Хачу выказаць такую звышкрытычную заўвагу ў бок нашага ўраду. Наша Беларусь была ціхім, спакойным куточкам, так яна і засталася. Няма, канечне, ніякіх міжусобіц… Але п’янства, хуліганства, мардабойства, бандытызм расьцьвітаюць агромістым букетам. І на ўсе звароты ў міліцыю і яшчэ куды-небудзь усе яны адказваюць: “Няхай Лукашэнка прымае рашэньне жорсткае. Некуды людзей на 111 кілямэтар…” І гэтак далей…То бок усе прызвычаіліся, што толькі адзін кіраўнік нашых каманчаў калі ня скажа, то ніхто нічога рабіць ня будзе. Але гэта ж бязладзьдзе, калі людзі ня могуць нічога зрабіць. Я кажу тады міліцыі: “Стаўце пытаньне.” Бо калі вас пастроіць ад Менску да Масквы, то вялізная шарэнга будзе ісьці. Ад міністэрстваў, абласных, раённых, гарадзкіх, ад нейкіх там пастарункаў і іншае, таксама пракуратура, МНС, суд, СОБРы… Гэта ня армія, а такая вялікая сіла. А паскуднікі, людзі подлыя, п’яніцы, задзіры, якім места за кратамі, не даюць людзям жыць, тэрарызуюць. Вось парушэньне нашых правоў і свабод беларускага народу. Гэта ж што робіцца каля кожнага пад’езду – людзі прайсьці ня могуць…”

(Спадарыня Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “Апошнім часам, а гэта перад выбарамі і пасьля іх, тэлевізар не ўключаю, бо адзінае, што там паказваюць, гэта рэкляма, якая ўжо значна надакучыла, і фільмы жахаў. Таму адзінае, што можна слухаць – гэта Радыё Свабода, якое, дарэчы, дае магчымасьць выказаць сваё меркаваньне на падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне. А гэта свайго роду дыскусія, якая адбываецца, як паміж прыхільнікамі апазыцыі, так і іх супраціўнікамі. Я зьвярнула ўвагу, што адзін слухач увесь час выступае супраць апазыцыі, супраць Казуліна (праўда сказаў, што сурова судзілі), выступае супраць Амэрыкі: нібы яна скінула сваю прадукцыю нам і тым самым падарвала нашу эканоміку. Ніякая Амэрыка ў гэтым пытаньні нам не перашкаджае. Дарэчы, прамысловых тавараў амэрыканскай вытворчасьці амаль няма. Ёсьць замежныя, але не амэрыканскія. Амэрыка пастаўляе лекі як гуманітарную дапамогу. Ён абвінавачвае часам “Свабоду.” Яны асьвятляюць падзеі, а сваіх камэнтароў не даюць. Так што ўсе падзеі асьвятляюцца аб’ектыўна. А тыя, хто ня слухае “Свабоду,” многага проста ня ведаюць”.

“Пачула пра прысуд актывістам з “Партнэрства.” Прысуд несправядлівы. Але тое, што спачатку судзьдзя папрасіў большы тэрмін, і тое, што тэрмін быў паменшаны, сьведчыць аб тым, што грамадзкасьць, якая выказвалася ў абарону, мела свой плён. Так што, чым больш людзі будуць выказваць свае пратэсты, тым часьцей улада і прэзыдэнт будуць вымушаны рабіць нейкія высновы і неўзабаве будуць вымушаны ісьці на нейкія ўступкі грамадзянам. Я рада за бацькоў. Яны многае перажылі за гэты час. Наогул, у нашай краіне не павінна быць палітвязьняў. Людзі, якія хочуць выказаць свае думкі, павінны свабодна іх выказваць, і каб ня было перасьледу з боку ўлады. А, наадварот, улады павінны іх выслухаць, каб палепшыць сваю працу на карысьць народу”.

(Спадарыня з Магілёву: ) “Паколькі я не гляджу беларускага тэлебачаньня, вельмі рада, што ня бачыла чарговай гадасьці, якую спэцслужбы змантажавалі дзеля шантажу латвійскага дыплямата. Тым самым яны прадэманстравалі, якімі бруднымі мэтадамі робяць кампраматы. Я лічу, што дырэктар гэтага канала павінен быць звольнены і за паказ па тэлевізіі палавых актаў павінен адказаць па закону з усёй суровасьцю, бо на публічны прагляд выносіць такія сюжэты ён ня меў ніякага права. Мяне зьдзіўляе, чаму не абураецца Лукашэнка? Ці яму падабаюцца такія кадры? Пасьля гэтага бруду, магчыма, гледачоў беларускага тэлебачаньня стане яшчэ менш, то бок акрамя бесьперапыннай ілжы, паказухі ды яшчэ такога бруду там больш няма чаго глядзець”.

“Хачу прааналізаваць тыя падзеі, якія адбыліся ў Рэспубліцы Беларусь і што ад гэтых акцый маюць простыя людзі і Лукашэнка. Не абаранілі грамадзяне Рэспублікі Беларусі Казуліна, козыр у руках Лукашэнкі, а ён хацеў растлумачыць, як стаць Беларусі багацей…Цяпер маладыя людзі з арганізацыі “Партнэрства” рыхтавалі незалежнае нагляданьне за выбарамі – іх таксама ў вязьніцу, козыр у Лукашэнкі. Народ не захацеў іх абараніць. Вельмі слабая была абарона ў галадаючых юнакоў з “Маладога Фронту”, Лукашэнку яшчэ козыр. Калі ніхто не абароніць галадаючых таксоўшчыкаў-прыватнікаў у Берасьці, у Лукашэнкі ўсе козыры ў руках для таго, каб душыць сапраўдную незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. Эўропа і Эўразьвяз баяцца ўжыць эканамічныя санкцыі, у Лукашэнкі козыр. У хуткім часе зьнікнуць прадпрымальнікі, бо будуць задушаныя падаткамі. Беларусь вернецца ў 70-80-я гады…Напэўна, гэтага жадае народ Беларусі. Магчыма, ня ўсе. Але ў асноўным”.

“Паважаная Разановіч Люба! Калі я пачула ваш прызнаньне пра тое, што вы давяраеце прэзыдэнту, я стала ўпэўненая, што вы за Лукашэнку галасавалі. Ён выкарыстаў вас у дзень выбараў, і ўжо 20 сакавіка вы яму сталі не патрэбныя. На аснове загаду Лукашэнкі мясцовая ўлада гораду Берасьце налічыла вам такі падатак, які вас як прадпрымальніка ліквідуе. Практычна паміраючы, вы галадаеце, а верыце Лукашэнку. Ваша душа крычыць, а ваш прэзыдэнт і слухаць вас ня хоча. Ён ня будзе перажываць, нават калі вы памрэце. Так што мая вам парада: пераходзьце на вадзічку, 5% манную кашку, дазвольце мэдыкам паставіць вам кропельніцу і паступова выправіце сваё здароўе. Расьціце дзяцей. Ваш прэзыдэнт – гэта ваша памылка”.

(Спадар зь Пінску: ) “З надыходам лета жыцьцё ў нашым горадзе неяк часткова паралізуецца. Справа ў тым, што пачынаюцца раскопкі ў горадзе. Нешта на адной і той жа вуліцы, напрыклад, на вуліцы Першамайскай усё капаюць і капаюць… І ўсё вядзецца замена старых трубаў на новыя. Цяпер гэта супала з рамонтам чыгуначнага пераезду. Так што тысячы людзей церпяць нязручнасьці. Трэба рабіць вельмі нязручныя перасадкі… І зноў жа плаціць грошы. Такім чынам, аўтапарк атрымаў дадатковы нечаканы прыбытак. Куды яна будзе накіраваная, ніхто ня ведае. Але ж калі гэтыя раскопкі скончацца? Што цікава, практычна адны і тыя ж участкі рамантуюцца. Гэта сьведчыць пра тое, што якасьць труб ня тая, ці якасьць працы ня тая. Яшчэ ходзяць чуткі, што за савецкім часам з Масквы прапанавалі нашаму гораду пакласьці нержавеючыя трубы. Тады мясцовыя ўлады быццам адмовіліся ад тых труб з-за іх дарагавізны. Вось кожны год мы бачым раскопкі, і нармальнае жыцьцё гораду неяк прыпыняецца на некаторы час. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар Майсеенка Генадзь: ) “Прывітаньне! На вашае апошняе пытаньне тыдня мажліва замнога казаць і казаць, але ж я проста прывяду ўводны прыклад. Нядаўна да мяне завітала …асоба, якая прагнула мяне на працу на найменную “Сталінскую лінію”. А калі я адмовіўся, гэтая асоба, зрабіўшы вочы ў шчылінку, ціха мне так казала: “Дарэмна. Мы ж ведаем, што вы кожны тыдзень па два-тры разы праз Інтэрнэт размаўляеце з Дзярждэпартамэнтам і Інтэрполам. Не баіцеся, калі што?” Мне стала так сьмешна, што я не ўтрымаўся і пажартаваў такім складам: “Добра, я згодзен на працу. Але ж толькі наглядчыкам”. Вочы ў яго раскрыліся, да твару прычапілася ўхмылка. І тут я закончыў: “Наглядчыкам музэю лукашызма і вартаўніком вэртыкалі ў шкляных клетках. Дабраахвотна, бясплатна”. Што тут зрабілася з маім наведвальнікам! Пачырванеў, дастаў дыктафон! На вачах зьнішчыў запіс! І з гікам: “Яшчэ па-іншаму паразмаўляем”, нецэнзурна вылаяўся і выскачыў з грукатам у дзьверы. Так што…No comment на заяву яго… І вось такое апытаньне тыдня. Усё аднолькава. No comment”.

(Спадар Віктар зь Менску: ) “Пытаньне: ці ўмешваецца дзяржава ў асабістае жыцьцё? Безумоўна, умешваецца. Яшчэ клясык турэмнага камунізму пісаў, што жыць у дзяржаве і быць незалежным ад улады немагчыма. Але ж вельмі дрэнна, калі неадукаваныя нашчадкі злачынцаў, што былі пры ўладзе, прымалі заканадаўства толькі з выгодамі для сябе, будуючы 80 гадоў жыцьцё па турэмных паняцьцях, ня ўлічваючы думкі і жаданьні народа, не даючы грунтоўных ведаў ва ўсіх навучальных установах уключна. Вось і кіруюць у Беларусі нашчадкі злачынцаў з былога СССР, не дапускаючы да палітычнага жыцьця з дапамогай заканадаўства людзей не са свайго кругу. За іх жа трымаецца і апазыцыя, не выхоўваючы сьвежую хвалю, гэта значыць, моладзь. Адсюль і суды, і палітыкі зьбітыя і гэтак далей… Шкада беларусаў”.

(Спадар Яблонскі з Маладэчна: ) “Добры дзень усім добрым людзям.У мяне не хапае слоў, каб выказаць сваё абурэньне тым, што адбываецца. Гэтыя нахабныя й ілжывыя прысуды нашым лідэрам апазыцыі, моладзі і цяпер чатыром актывістам “Партнэрства” паказваюць, што ў нашай Беларусі няма судовай сыстэмы. А ёсьць нейкая хунта, якая выконвае загады зьверху. Для гэтай хунты ўсе, хто думае ня так, як яны, – ворагі. Для іх няма закону, закон для іх сядзіць у прэзыдэнцкім крэсьле. Таму яны плююць нам усім у вочы. Некаторыя з нас гавораць, што гэта “божая раса”. Гэта вельмі сумна. А тое, як абліваюць брудам сакратара латвійскай амбасады, паказвае, што гэтая хунта і на ўвесь сьвет плюе, ня толькі на свой народ. Ня плюйце на ўсіх, грамадзяне, бо прыйдзецца на свой жывот пляваць, ды будзе позна. Ганьба вам!”

(Спадарыня: ) “Добры вечар, паважанае Радыё! Я хацела б выказацца наконт пытаньня пра незалежнасьць краіны, незалежнасьць нашай Беларусі. Я лічу, што незалежнасьць Беларусі, як і любой іншай краіны, гэта магчымасьць асобы, і нацыі ў цэлым, жыць так, каб захаваць сябе, свае маральныя і культурныя каштоўнасьці, свае адметнасьці ад іншых народаў, магчымасьць разьвіваць іх, і на гэтай аснове разьвівацца эканамічна, самім вырашаць пытаньні і праблемы краіны. Сёньня мы, як бы дэ юрэ, краіна, але фактычна, у нас з гэтым вялікія праблемы, бо беларускамоўны садок знайсьці амаль немагчыма ў краіне, школу знайсьці беларускую ў сваім раёне таксама вельмі праблематычна – усё скрозь расейскамоўнае. І, на жаль, тэндэнцыя да русыфікацыі з кожным годам павялічваецца. І мы, па сутнасьці, пры кіраваньні Лукашэнкі сталі той самай Беларускай ССР у трошкі іншым варыянце, нейкім такім пратэктаратам Расеі, на жаль…Цяжка сказаць, што мы засталіся незалежнай краінай. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Даўно слухаю вашу “Свабоду” і ніяк не магу ўцяміць, хто ў гэтай свабодзе прэтэндуе жыць. У мяне ёсьць першае запытаньне: хто плаціць вам заробак за вашую нялёгкую працу, бо, напэўна ж, за дарма рана уставаць і позна лажыцца ніхто ня будзе. А мяркуючы па вашым стараньні, дык крыўды ў вас на гэтыя заробкі няма. Другое пытаньне: што гэта за істота з прозьвішчам Бураўкін? Нібыта ён пісьменьнік, нібыта ён паэт. А калі гэтак, дык што ён добрае стварыў? Вось ужо два ці тры вечары слухаю яго адказы і камэнтары з вашымі прыхільнікамі. Дык здаецца, што гэта не чалавек, а судзьдзя няведама кім пасланы на гэтую беларускую зямлю. Гэта ж трэба, нейкага паэта параўнаць з Богам, а то і вышэй! Суворава зрабіць катам крывавым! Добра, што гэты чалавек ужо два стагодзьдзі з паловай пакінуў гэты сьвет. А як ён захапляецца Мілінкевічам, якому адчынены ўсе дарогі на Захад! У гэтым мы зь ім згодныя, што туды яму і дарога. Там яго гаспадары, а тут здраднікам няма чаго рабіць. І яшчэ ўражве, што гэты судзьдзя ня ведае цяперашніх катаў, якія зьнішчаюць лібанскіх дзяцей, жанчын, старых, маладых, ня чуе, што робіцца ў Іраку, ня ведае, хто гэтым кіруе. На мой погляд, гэта чалавек, якога выпусьцілі…”

(Спадар: ) “Вось непрыняцьце захадаў - гэта таксама ёсьць умяшаньне ў нашае прыватнае жыцьцё. Дык вось, што хачу сказаць. Дзяржава зусім адгарадзілася ад усяго. Вось узяць канкрэтна вуліцу Платонава, што ў Савецкім раёне. Поўная абыякавасьць – гэта таксама ўмяшаньне ў нашае прыватнае жыцьцё. П’яніцы, жулікі, мацюкальнікі! Гэтыя людзі чым толькі не займаюцца! Страшна! У ва многіх пад’ездах робіцца нейкае бязладзьдзе! Людзі баяцца выйсьці на вуліцу! А што робіцца зь дзецьмі! Гэта страшна слухаць! Тут жа валяюцца! Тут жа ходзяць пад сябе! Вось гэта і ёсьць умяшаньне ў нашае нармальнае, прыватнае жыцьцё, калі не прымаюцца гэтыя захады. Напэўна, ні ў воднай дзяржаве такога няма! А што нашыя ўлады?! І гарвыканкам, і адміністрацыя Савецкага раёну! Хоць што ім кажы! Яны прыстроіліся, пазногцікі чысьценькія, з кабінэтамі шыкоўнымі, з заробкамі…І ўсё, ні пра што зусім ня думаюць…Прыйшла нейкая порасьль у кіраўніцтва, самая дзікая! Таму такое і адбываецца. Яны, пэўна, самі такія, што нічога ня робяць. Жахліва, што робіцца! Людзі пакутуюць! Вось гэта і ёсьць умяшаньне ў прыватнае жыцьцё, што яго не даюць…”

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Дазвольце вас павіншаваць з новаю нядзелькаю. Самага найлепшага для нас усіх. Шчасьлівага вам дня! Дзякую за ўвагу.”

(Віктар Бут зь Менску: ) “Пра ўмяшаньне ўладаў. Без умяшаньня ў жыцьцё кожнага грамадзяніна Беларусі ўлада і яе прадстаўнікі проста ня ў стане існаваць, таму чыноўнікі і іншыя прадстаўнікі ўладаў увесь час зьмяняюць і падмяняюць законы, нешта прыдумваюць, а таксама ўсё гэта адкрыта беспакарана парушаецца. Яны зьдзяйсьняюць крымінальныя злачынствы рознай ступені цяжкасьці, а адказваюць заўсёды толькі іх ахвяры, бо аказаліся над правамі грамадзян Беларусі. Такі вось твар нашай улады на самой справе.”

(Уладзімер: ) “Прывітаньне. Наконт пытаньня тыдня, ці актыўна умешваецца дзяржава ў прыватнае жыцьцё грамадзян. Сапраўды, яна даволі актыўна спрабуе гэта рабіць. Наша сям’я, якая займаецца гартаваньнем целаў, гэта вельмі добра адчувае. Напрыклад, школьную адміністрацыю вельмі цікавіць працэс гартаваньня целаў нашых дочак, чаму яны ва ўсе поры года апранутыя ў шорты, чаму мы часта выкарыстоўваем халодную ваду, чаму сам працэс такі напружаны. Але, па-першае, гэта ўсё мы вынайшлі самі, і гэта добра адбілася на іх здароўі. У той час, як тыя сем’і, дзе бацькі п''юць, нікога не цікавяць.”

(Зіноўеў: ) “Вось таксоўшчыкі ў Берасьці зьдзіўляюцца, як плаціць такі жахлівы падатак, бо закон адваротнай сілы ня мае. А як жа прафінансаваць усе гэтыя сакрэтныя здымкі і сачэньне, а таксама падвярбоўкі пасьпяховыя і не? …Ну ў гэтым выпадку з латвійскім дыпляматам. Калі прэсавы сакратар менскай міліцыі заяўляе, што сакрэтная здымка зроблена ў кватэры дыплямата, дык якую даказальную сілу маюць вынікі вобыску потым у гэтай жа кватэры, калі тут сакрэтна былі супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў. Акрамя таго, у мяне ёсьць пытаньне наконт суду над “Партнэрствам.” Калі Андрэй Мігун усяго толькі памочнік пракурора Цэнтральнага раёну Менска, а не пракурор і не намесьнік пракурора, то па УПК ён ня можа падтрымліваць дзяржабвінавачваньне. Гэта з тым жа посьпехам пракуратура магла б паслаць сваю прыбіральшчыцу падтрымаць абвінавачваньне ў судзе. Дзякуй. Слухаю беларускую “Свабоду.”

(Спадарыня з Магілёву: ) “На пытаньне тыдня адказваю наступнае. Ці мала ў рэспубліцы сямей, якія пакутавалі ад самавольства ўладаў усіх узроўняў, пачынаючы ад Лукашэнкі?! Ёсьць зьніклыя, асуджаныя, збанкратаваныя, кінутыя на жабрацтва, бо ў кожнага ёсьць сям’я, у якой парушана і прыватнае, і матэрыяльнае. Ці гэта не ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё гэтых сем’яў? Маральныя пакуты спэцслужбы ўчынілі латвійскаму дыплямату, які абаронены Венскай канвэнцыяй ад умяшаньні ў прыватнае жыцьцё. Усё гэта сьведчыць пра тое, што нахабству ўладаў няма межаў. Падкідваюць розныя недазволеныя рэчы: наркотыкі, зброю, парназдымкі і гэтак далей, займаюцца пасьля гэтага шантажом, вымагаюць грошы ці даводзяць да суду ні ў чым не павінных людзей. Адказы менчукоў на гэтае пытаньне дэманструюць іх вузкія, абмежаваныя інтарэсы. Прабачце, вымушана канстатаваць.”

(Спадар: ) “Цяпер ён выступае, што трэба сябраваць з усімі краінамі. А чаму раней не сябравалі? І зараз вучыцца ў Кітая і іншых краін, як трымаць абарону. Зь кім ён хоча ваяваць? Кітай і так забярэ Беларусь і Расею. Раней казалі “навуковы камунізм.” Навуковы камунізм хацеў увесь сьвет навучыць, як жыць. А цяпер вучымся ўжо ў “гнілога капіталізма,” так? Чаму вы гэтага не перадаяце? А то гэтыя балаболкі балаболяць, а нічога ня робяць. Разьвялі карупцыю, лекі і тыя штучныя, і цукар.”

(Спадарыня: ) “Добры дзень, паважаная “Свабода”! Цяпер на вакацыях я знаходжуся ў вёсцы Савет Бешанковіцкага раёну. І самае сьмешнае, што тут, дзе “Свабода” нікому не патрэбная, апрача, канечне, мяне, яна гучыць без перашкодаў, а ў Менску яе глушаць, што ледзь чуваць. Дык вось. Калі я прыехала сюды, я спыталася ў вяскоўцаў, што яны мяркуюць наконт выбараў і ўсіх сакавіцкіх падзеяў. Яны распавялі, што да іх прынесьлі скрынкі ды гэтыя бюлетэні. Мая бабуля адразу сказала: “Стаўце, за каго хочаце. Хоць за Казуліна, бо мне ўсё роўна.” Гэтыя людзі нешта пасьмяяліся, нешта там адзначылі, можна здагадацца, за каго. Я б хацела сказаць, што тут людзі жывуць яшчэ пры Іосіфу Вісарыёнавічу, бо мая бабуля кажа, што мяне б ўжо расстралялі пры ім, і, пэўна, так яно б і было. Вяскоўцы радуюцца толькі сваёй маленькай пэнсіі, але яны не разумеюць, што акрамя іх пэнсіяў у краіне столькі шмат эканамічных і сацыяльных праблемаў. Яны тут нікому не патрэбныя, яны кінутыя, яны ледзь выжываюць. Ім зусім не да таго, як мы змагаемся за нашую свабоду ў Менску. Ім зусім не да таго, як складана жыць у вялікім горадзе. І гэта пануючая лёгіка…Так што вельмі сумна Дзякуй.”

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “Учора была перадача аб тым, што за зьява - багаты чалавек. Пытаньне вельмі цівкавае, бо ў нашай краіне, быццам, і няма багатых. У Расеі часта ідзе гаворка пра багатых, і нават чутна іх прозьвішчы. І за тое, што яны багатыя, у іх нават адбіраюць маёмасьць і садзяць за краты, як, напрыклад, з Хадаркоўскім. Лужкоў таксама багаты чалавек. Чула, што Лужкоў выкупіў у Менску зямлю ў раёне Старавіленскай вуліцы. Гэта мая радзіма. Мяне зацікавіла, ці магчымы продаж зямлі, ці ёсьць такі закон. У нас, як паведамляе наш урад, алігархаў няма, таму і няма вельмі багатых людзей, асабіста ва ўрадзе. Таму ўзьнікла яшчэ адно пытаньне: за які кошт і за якія заслугі будуюцца катэджы ў раёне Драздоў, пасёлак Піянэрскі. Раней заможнымі лічыліся вучоныя, якія рабілі адкрыцьці ў галіне навукі, якая давала магчымасьць унесьці новае ў тэхналёгіі розных галін прамысловасьці, альбо пісьменьнікі за свае кнігі. Але мы бачым, што нават пісьменьнік ня мог сабе дазволіць будаваць катэджы, што падобныя да палацаў. А … і жыў, і працаваў, і памёр у двухпакаёвай кватэры. Пытаньне: хто ў нас багаты, застаецца адкрытым. А цікава б было даведацца пра сваіх герояў.”

(Спадарыня: ) “Хачу выказацца наконт суду над сябрамі “Партнэрства.” Я хачу выказаць сваё абурэньне наагул наконт гэтага суду і ягонага выніку. Незалежнае назіраньне за выбарамі – гэта вельмі важная і вельмі патрэбная для нашага грамадзтва справа. І такую справу могуць рабіць толькі сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны. Судзіць за гэта – гэта проста нейкае дзікунства. А тое, што арганізацыя не была зарэгістравана, гэта віна толькі мясцовых уладаў, бо ўсё для рэгістрацыі было зроблена. Гэта ж не РНЕ, якое ў нас у краіне гуляе без усялякай рэгістрацыі, і яны не зьбіраюцца рэгістравацца. І нікога з гэтых фашыстаў не судзілі і не пасадзілі ні разу, хоць і ёсьць за што. Дзякуй.”

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Добры дзень! Дзяржава ня толькі ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё людзей, але і паказвае гэта па тэлевізіі, згубіўшы ўсялякі сорам. Існуе вечны Божы закон: што пасееш, тое і пажнеш. Я рызыкну прадказаць, што палітычная сьмерць Лукашэнкі будзе вынікам паказу па тэлевізіі ягонага прыватнага жыцьця. Бог жа ўсё бачыць, і ня толькі Бог. Вечны Божы закон, дарэчы, мае зваротную сілу. Таму што ён вечны. Відаць, Лукашэка, таксама як і Хрыстос, ня лічыць злачынствам быць роўным Богу. Любы іншы чалавек на пасадзе прэзыдэнта: ці то Пазьняк, ці то Мілінкевіч, ці нават Гайдукевіч, успрыняў бы як асабістую зьнявагу, калі б у ягонай краіне жанчына памірала з голаду. А ён радуецца сабе, спажываючы два грэйпфруты на сьнеданьне. Хіба пазбаўленьне цэлых сем’яў сродкаў на існаваньне ня ёсьць умяшаньнем ў прыватнае жыцьцё?”

(Спадар: ) “Вы кажаце, што дзяржава ня ўмешваецца ў наша жыцьцё. Яна ўмешваецца. У кожную душу ўмешваецца, яна зьдзекуецца з нас. Колькі можна трываць такую дзяржаву. Слава Богу, што ёсьць такія людзі як Лябедзька, Вячорка. Яны выратуюць нашую дзяржаву, а не Лукашэнка і яго памочнікі. Хопіць ужо трываць гэтага дыктатара. Ужо трэба далей ісьці ў цывілізаваны сьвет, а не заставацца ў хвасьце Эўропы, быць бяльмом на воку Эўропы.”

(Спадар зь Пінску: ) “На гэтым тыдні адбылася цікавая падзея. Хворы камандантэ Фідэль Кастра перадаў праўленьне свайму брату, крыху маладзейшаму за яго, але таксам і старому, і азызламу дыктатару. Цікавая тэндэнцыя назіраецца ў апошнія часы. Крэсла кіраўнікоў надта прываблівае менавіта некаторых асобаў, напрыклад, у нашай краіне прэзыдэнт мяркуе свайго сына пасадзіць на сваё крэсла. Так, як, напрыклад, на Кубе, хворы ўжо кіраўнік садзіць свайго брата на сваё месца. Няўжо ў нас і на Кубе няма маладых дастойных людзей, якія маглі б кіраваць дзяржавай? Наш прэзыдэнт часта выступае перад моладзьдзю, хваліць яе, а на самой справе крэсла прэзыдэнта рыхтуе свайму сыну. Таксама і на Кубе. Можна колькі заўгодна казаць, што моладзь разумная, сучасная і гэтак далей, а насамрэч у гэтай моладзі ў сваёй краіне ня будзе магчымасьці заняць нейкія высокія дзяржаўныя пасады. Апошнім часам нешта падобнае назіраецца і ў Польшчы, калі прэзыдэнт роднага брата зрабіў прэм’ерам. Таксама нешта незразумелае. Дзякуй за ўвагу.”

(Спадар: ) “У Ізраілі гінуць нашыя суайчыньнікі, якія прыехалі зь Беларусі. Гінуць і будуць гінуць, таму што народ іншы ніколі ніхто не пераможа і не заваюе ў 21-м стагодзьдзі. Гэта ня тыя часы. Але ўсю гэтую агрэсію разьвязала Амэрыка. Яна разьвязала яе ў Іраку, у Аўганістане, спрабавала разьвязаць ва Ўкраіне, але там усё-ткі знайшліся людзі, якія пабаяліся гэта зрабіць. Спрабуе разьвязаць у нас у Беларусі. Ідзе пустая гаворка, што некага там пакрыўдзілі…Гэта ўсё пустое, трэба разабрацца…Тое самае зрабілі ў Югаславіі. Цяпер хочуць зрабіць у Грузіі, гэта будзе страшная вайна, таму грузіны пачалі задумвацца. А не задумаюцца, вельмі шмат людзей загіне, але нічога не даб’юцца. Там і Расея дапаможа. Так што тут фільм быў пра Гітлера, які казаў, што прыйшоў устанавіць мір...”

(Аляксандр Маханёк з Маладэчна: ) “Улада ў прыватнае жыцьцё ня ўмешваецца, але толькі ў прыватнае жыцьцё сваіх, то бок тых, хто ў ва ўладзе. Лукашэнка выдаў адмысловы ўказ, дзе колькасьць хабару прадстаўніка ўлады зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай, бо народ не павінен ведаць, колькі крыві ў працоўных выпілі ўрадоўцы. Мусіць, карупцыя ўжо мае жудасныя памеры. Мусіць, бяз гэтага ўказу, якія прыхоўвае сапраўдную карупцыю, не пазьбегнуць народных хваляваньняў. Роўныя правы, справядлівасьць для простых беларусаў застаюцца непазбыўнай марай. ”
XS
SM
MD
LG