Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ужо нікога не зьдзіўляе, што ў Беларусі судзяць “за палітыку”…"


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 6 жніўня.

За якое злачынства арыштавалі й судзілі чатырох актывістаў арганізацыі “Партнэрства”? Чаму грамадзкае зацікаўленьне гэтым палітычным працэсам аказалася не такім маштабным, каб прыцягнуць увагу як мага большай колькасьці людзей і паўплываць на рашэньне суду?

Адзін зь лістоў – са спробай адказаць на гэтыя ды іншыя такога кшталту пытаньні – даслаў нам Дзяніс Кучар зь Менску.

“У нас ужо нікога не зьдзіўляе, што ў Беларусі судзяць “за палітыку”. Многія ўсур’ёз лічаць, што дачыненьне да палітычнай дзейнасьці ёсьць крыміналам.

Пра суд над “Партнэрствам” амаль ніхто ня ведае. А калі й ведаюць, то лічаць, што так гэтым апазыцыянэрам і трэба. І маладых, і пэнсіянэраў цікавіць адно – грошы: як уладкавацца гэтак, каб меней працаваць, а чым больш атрымліваць. Некаторым гэта ўдаецца, але для большасьці знайсьці добрую працу ў Беларусі – вялікая праблема.

Многія мае знаёмыя паехалі на заробкі ў Расею, пераважна – у Маскву. Праца нялёгкая, галоўным чынам – на будоўлі. Але й заробкі немалыя. Прыяжджаючы з Расеі, яны лаюць расейскія парадкі й расейскую палітыку й хваляць Лукашэнку: за ім, маўляў, парадак, а ў Расеі – хабарнікі, разлад і ніякай дысцыпліны. “Чаму ж вы ў такім разе тут не працуеце, дзе парадак, а ў Маскву ўвесь час пняцеся?”– пытаюся. На гэта яны толькі рукамі разводзяць”.

Надзвычай істотнае для сёньняшняй Беларусі пытаньне задаяце Вы сваім знаёмым, спадар Кучар. З гэтым фэномэнам чалавечай псыхалёгіі ня раз даводзілася сутыкацца й мне. Нават у самым адсталым калгасе, у занядбанай абяздоленай вёсцы сустрэнеш людзей, якія разважаюць гэтак жа: “У нас цьвёрдая ўлада, парадак – ня тое, што ў суседзяў”. “Чаму ж пры такім парадку ў вас калгас амаль разваліўся й заробкі жабрацкія?”,– спытаесься. “Ну, гэта мясцовае начальства вінавата. Зь Менску за ўсім ня ўгледзіш”,– найчасьцей даюць адказ.

Напэўна, толькі тады, калі самі гэтыя людзі пачнуць задаваць сабе гэткія пытаньні й самастойна шукаць на іх адказы, могуць адбыцца нейкія зрухі ў іхняй сьвядомасьці.

Электронны ліст ад Ільлі Шкроба з ізраільскага паселішча Нацрат-Іліт. Ільля піша пра тое, што сёньня найбольш хвалюе людзей на Блізкім Усходзе – пра вайну ў Паўднёвым Лібане:

“Я разумею: Лукашэнка знайшоў у іранскіх аяталах роднасныя душы. Ён прадаў зброю былой Беларускай ваеннай акругі, здаецца, усім, хто пра тое прасіў, уключна з Сырыяй і Іранам. І цяпер Іран рукамі "Хізбулы" ваюе гэтай зброяй.

Я не разумею вас. Фатаздымкі – выключна разбуранага Лібану. Тое, што сапраўдны агрэсар – "Хізбула", нідзе ня згадваецца. Зразумейце, Ізраіль вядзе вайну на выжываньне дзяржавы – інакш Іран выканае сваё абяцаньне й сатрэ яго з мапы сьвету.

А тое, што 300 тысяч жыхароў Ізраілю сталі ўцекачамі, што гарады на поўначы абязьлюдзелі, што жыхары Хайфы й прыгарадаў (600 тыс. чалавек) жывуць у бамбасховішчах ці паўцякалі, – вы ведаеце? І нікому няма справы да габрэяў – як перад Другой усясьветнай вайной. Усім значна важней іранская ды арабская нафта, чым габрэйская кроў.

Але асабіста я, калі ўжо выпадзе выбіраць, лепш памру свабодным чалавекам з аўтаматам у руках, чым застануся жыць рабом рэжыму, створанага Лукашэнкам. З павагай – Ільля Шкроб, Нацрат-Іліт, Ізраіль”.

Радыё Свабода імкнецца даваць поўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў зоне канфлікту на Блізкім Усходзе й вакол яе. Нашы слухачы мелі магчымасьць пазнаёміцца з рознымі пунктамі гледжаньня на гэтую праблему, з гісторыяй канфлікту, з сутнасьцю й мэтадамі дзейнасьці арганізацыі "Хізбула". Гэта тэма пасьлядоўна асьвятляецца ў нашых інфармацыйных паведамленьнях. Магчыма, пра разбурэньні ў Лібане й ахвяры сярод лібанскага насельніцтва, сапраўды, паведамляецца больш, чым пра разбурэньні й ахвяры сярод жыхароў Ізраілю. Але ёсьць і патлумачэньне гэтага: маштаб і разбурэньняў, і ахвяраў на розных баках лініі фронту розныя. Калі колькасьць забітых на ізраільскім баку вымяраецца дзясяткамі, то на другім баку лік загіблых ідзе на многія сотні. Тое ж можна сказаць пра наступствы артылерыйскіх абстрэлаў і авіяўдараў. Натуральна, гэта адбіваецца й на журналісцкіх матэрыялах – асабліва тых, якія суправаджаюцца фотаілюстрацыямі альбо відэастужкай.

Непрыемнае здарэньне адбылося нядаўна з нашым даўнім слухачом і аўтарам Ільлём Копылам зь Менску – ён нечакана трапіў у шпіталь хуткай дапамогі.

“Адбылося гэта так раптоўна, што не пасьпеў узяць з сабой нават неабходных рэчаў. На наступны дзень сын прывёз самае патрэбнае, у тым ліку й радыёпрымач “Родстар” – дарунак “Свабоды”. Так што ў мяне была магчымасьць слухаць любімае радыё й на шпітальным ложку. Але расказаць пра пачутае й абмеркаваць не было з кім. Адзін сусед сказаў, што яго гэта не хвалюе, а другі назваў мяне прыслужнікам ЦРУ, якога трэба здаць у КГБ”.

Спадара Копыла непрыемны інцыдэнт, аднак, з каляіны ня выбіў – ён і ў шпітальнай палаце пільна сачыў за перадачамі “Свабоды”. Асаблівую ўвагу слухач зьвярнуў на сюжэты пра дзейнасьць апазыцыйнай Партыі камуністаў пад кіраўніцтвам Сяргея Калякіна. Стаўленьне ягонае да гэтай партыі супярэчлівае.

“З аднаго боку, яны змагаюцца з рэжымам, дамагаюцца пераменаў, як і АГП, і БНФ, а з другога, – канчатковыя мэты гэтай партыі, хутчэй, супадаюць з мэтамі рэжыму. Яны не прызнаюць за сьвята дату 25-га сакавіка, шануюць Леніна, не ўспрымаюць нашых нацыянальных сымбаляў…

Палітычны крызыс, які адбываецца цяпер ува Ўкраіне, паказвае, што ўступаць у хаўрус зь цяперашнімі й былымі камуністамі небясьпечна. Вунь лідэр украінскіх сацыялістаў Мароз (былы камуніст) быў у хаўрусе зь Юшчанкам, а ў крытычны момант здрадзіў яму й далучыўся да Януковіча.

І Мілінкевічу, і Вячорку, і Лябедзьку трэба вучыцца на чужых памылках. Калякін і ягоная ПКБ – вельмі ненадзейны хаўрусьнік для апазыцыі. За кошт яе ён імкнецца “раскруціць” сябе. І ў яго гэта атрымліваецца. На плячах апазыцыі ён можа прыйсьці да ўлады, і тады ня будзе дзяліцца гэтай уладай ні з АГП, ні з Народным фронтам, ні з кім іншым. І апазыцыі давядзецца пачынаць усё спачатку”.

Параўноўваць цяперашнюю палітычную сытуацыю ва Ўкраіне зь беларускімі рэаліямі наўрад ці выпадае, спадар Копыл. Нягледзячы на ўсе супярэчнасьці й драматычныя павароты, ува Ўкраіне адбыліся свабодныя выбары й паступова складаецца дэмакратычны дзяржаўны лад. Вострая палітычная барацьба, імклівае стварэньне й такі ж імклівы распад кааліцый і хаўрусаў – адзін з абавязковых атрыбутаў гэтых працэсаў.

У Беларусі ўсё па-іншаму. Апазыцыйныя партыі тут (прычым, як правыя, так і левыя) пастаўлены ў такія ўмовы, што галоўная на сёньня мэта для іх – уласнае выжываньне, а не міжпартыйныя сваркі, што было б толькі на карысьць рэжыму. Партыйныя лідэры гэта адчуваюць, таму й рухаюцца да аб’яднаньня й каардынацыі дзеяньняў, а не да сварак і падзелаў. Калі ў Беларусі складзецца дэмакратычная сыстэма кіраваньня й стануць магчымымі свабодныя выбары, разьмежаваньне паміж “правымі” й “левымі” адбудзецца вельмі хутка”.

На заканчэньне – фрагмэнт ліста Анатоля Кулеша зь Ліды:

“Вельмі часта даводзіцца чуць у перадачах “Свабоды” выказваньні розных палітолягаў і філёзафаў наконт існаваньня ці неіснаваньня беларускай нацыі. Адны сьцьвярджаюць, што яна існуе, іншыя – што толькі фармуецца”.

У нашага сураўзмоўцы свой погляд на гэтую праблему:

“Карані беларускай нацыі – не на вуліцах гарадоў, не ва ўстановах і ня ў школах. Беларускі побыт, абрады, традыцыі і ўвогуле лад жыцьця захаваліся ў “глыбінцы”. Але іх, нібы тое дрэўца, трэба даглядаць, песьціць, гадаваць, а не лупіць па іх абухом: маўляў, няма іх – і ўсё тут. Апусьціцеся, спадарства навукоўцы, са сваіх вучоных ступеняў, азірніцеся, пашукайце – і знойдзеце тое, што лічыце зьніклым. Альбо сядзьце дзе-небудзь у сваім непрыкметным кутку ды паспрачайцеся, ці нават пасварыцеся. Але не пускайце ў эфір гэтых вельмі сумнеўных “вераб''ёў”. А то людзі слухаюць і думаюць: “Дык хто ж мы такія? Нас жа няма”. З народам трэба гутарыць адкрытай, зразумелай для яго мовай, каб яна дайшла да душы кожнага, каб абуджала ў слухачоў мысьленьне. Бо дзе сьпіць розум, там нараджаюцца бязглуздыя ідэі.

Сам я – беларус, маленькая кропелька эўрапейскай беларускай нацыі. І ад гэтага ніколі й ні пры якіх абставінах не адракуся”.

Ня ўсе навукоўцы, спадар Кулеш, умеюць выказваць свае думкі так, каб яны былі зразумелыя кожнаму, нават ня вельмі адукаванаму чалавеку. Здараецца й так, што, намагаючыся справакаваць спрэчку, прыцягнуць да сябе ўвагу, іншы мысьляр выступае з самымі эпатажнымі ідэямі й высновамі, якія насамрэч і сам часам ня лічыць за слушныя. Але тое спараджае дыскусію, змушае нешта адно аднаму даводзіць, аспрэчваць і даказваць… І гэта цікава ня толькі навукоўцам, але й многім слухачам. Таму такія асобы, такія дыскусіі й абмеркаваньні гучаць і на Радыё Свабода.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG