Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікі ў Берасьці намерваюцца спыніць акцыю (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня ў Берасьці некаторыя ўдзельнікі галадоўкі заяўлялі пра магчымае спыненьне акцыі. Як паведаміў Радыё Свабода Віктар Чайкоўскі, узьнікла рэальная небясьпека жыцьцю Любовіч Разановіч. Са слоў нашага суразмоўцы, ужо сем сутак жанчына трывае сухую галадоўку, і сіла пакідае яе.

Сёньня Любоў Разановіч асьцерагаецца траціць сілу нават на гутарку. У ейнай кватэры – сваякі, сябры, удзельнікі акцыі пратэсту. Адзін зь іх, Віктар Чайкоўскі, паведамляе, што цяпер абмяркоўваюцца намеры спыніць галадоўку:

(Чайкоўскі: ) “Калегі й сваякі прасілі Любоў Разановіч спыніць галадаваньне. Вельмі цяжка бачыць, як чалавек памірае. Яна ж – інвалід другой групы. І доктар папярэдзіла: можа адбыцца непапраўнае. Хто будзе выхоўваць двух дзяцей? Да таго ж, адно дзіця, Арцём, – інвалід зь дзяцінства...”

Віктар Чайкоўскі – прадпрымальнік, працуе на рэчавым рынку ў Берасьці. Кажа, што далучыўся да галадоўкі паводле салідарнасьці. Ён падае некаторыя вынікі акцыі:

(Чайкоўскі: ) “Большасьць прадпрымальнікаў адмаўляецца даваць інтэрвію. На сустрэчу з Аляксандарам Мілінкевічам не прыйшлі. Я ня ведаю, чаго яны баяцца. Не жадаюць, каб дазналіся іхныя імёны. Не выяўляюць ініцыятывы. Сьмелая толькі адна гэтая жанчына. За ейнай сьпінай іншыя хаваюцца”.

Паводле Віктара Чайкоўскага, сёньня галадоўнікі атрымалі прапанову аблвыканкаму плаціць рэспубліканскі збор у растэрміноўку. Сумы – ад 20 мільёнаў рублёў. Сытуацыю камэнтуе лідэр Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі:

(Шыманскі: ) “Улада цудоўна разумее: калі хоць адна акцыя галадоўнікаў дасягне выніку, – на наступны дзень будуць галадаваць дзесяць, а тое й сто чалавек. Таму вельмі важнае значэньне мела гэтая галадоўка. Па сутнасьці, людзі змагаліся ня толькі за свае правы, але й баранілі іншых. Дарэчы, нават у Берасьці пакуль не да ўсіх прадпрымальнікаў былі выстаўлены патрабаваньні пра выплату рэспубліканскага збору, а толькі да пяці чалавек. Яшчэ ж прыкладна 70 – на падыходзе. Гэтыя людзі не разумеюць, што назаўтра яна патрапяць у тую ж самую сытуацыю. Між тым, яны не палічылі за патрэбнае падтрымаць сваіх калег”.

Такім чынам, на гэты час рашэньне пра спыненьне галадоўкі ў Берасьці не прынята.

Нагадаю: акцыя пратэсту ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. У ёй удзельнічае 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год.
XS
SM
MD
LG