Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: ці ўмешваецца ўлада ў прыватнае жыцьцё грамадзян?


Галіна Абакунчык, Менск Ці лічыце вы, што ўлада ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё грамадзян? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

(Юнак: ) “У прыватнае ня ўмешваецца. Прыватнае жыцьцё вызначаецца тымі законамі, якія ёсьць”.

(Спадарыня: ) “Лічу, што так, умешваецца. Да прыкладу, у мяне ўзьнікае вельмі шмат праблемаў. Але я сябрую з многімі людзьмі, якія займаюцца такімі пытаньнямі, і ім ствараюць перашкоды”.

(Юнак: ) “Напэўна, так. Тэлебачаньне беларускае ўвогуле немагчыма глядзець, бо там паказваюць толькі “замоўленыя” ролікі. Тых жа бедных студэнтаў прымусова разьмяркоўваюць, і бедным прадпрымальнікам таксама кепска жыць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ўмешваецца ўлада ў прыватнае жыцьцё нашых грамадзян?”

(Юнак: ) “Думаю, што ўмешваецца, і дастаткова глыбока. Хаця б таму, што няма свабоды слова, свабоды выбара, увогуле, свабоды. Вельмі цяжка рабіць тое, што ты жадаеш. Урад, улада – яны абмяжоўваюць рух чалавека й любыя намаганьні палепшыць сваё жыцьцё. Яны ўмешваюцца, і ўсе намаганьні чалавека марнуюцца”.

(Спадар: ) “Вельмі кепска, што ўмешваецца. У нас могуць заглянуць у кватэру й што хочаш. Асабіста я памятаю прыклад, калі гады два таму, а 23-й гадзіне ночы, да мяне на кватэру прыйшлі міліцыянты. Яны прыйшлі праверыць што ў мяне ў кватэры адбываецца! Чаго, хто, што, навошта – невядома. Вось яны проста прыйшлі паглядзець – што хочуць, тое й робяць”.

(Юначка: ) “Я, канечне ж, лічу, што ўлада ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў. І я лічу, што ўлада парушае правы ўсіх грамадзянаў Беларусі. Да прыкладу, возьмем падзеі падчас выбараў, калі моладзь мітынгавала, і гэта было законна. Моладзь пасьля гэтага выганялі з унівэрсытэтаў. Гэта найперш здольныя, адукаваныя людзі, якія затым зьяжджалі за мяжу, бо тут яны не маглі нават выказваць свае думкі”.

(Юнак: ) “Насамрэч, дзяржава ўмешваецца нашмат больш, чым гэта ведаюць звычайныя людзі. Да прыкладу, я дакладна ведаю, што ўвесь інтэрнэт “фільтруецца”, бо ў Беларусі толькі адзін канал інтэрнэту. І ніякай праблемы няма адфільтраваць усю інфармацыю, якая выходзіць з краіны. Гэтыя “фільтры” спрацоўваюць на такія словы, да прыкладу, “рэвалюцыя”, “далоў Лукашэнку” і гэтак далей. Гэта ўсё проста ад людзей хаваюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG