Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады дэпартавалі актывістку расейскай “Обороны”.


Любоў Лунёва, Менск Грамадзянка Расеі Кацярына Вінаградава і беларус Віктар Сімановіч выйшлі на волю пасьля адбыцьця 10 сутак арышту. Іх і яшчэ аднаго грамадзяніна Расеі Мікалая Збарашэнку пакаралі за пікет ля расейскай амбасады. 21 ліпеня двое расейцаў і адзін грамадзянін Беларусі спрабавалі разгарнуць расьцяжку: “Расея без Пуціна, Беларусь без Лукашэнкі”.

Кацярына з’яўляецца актывісткай расейскага моладзевага руху “Оборона” і сябрам Рэспубліканскай партыі Расеі. Яна паведаміла Радыё Свабода, што ведала якія яе чакаюць наступствы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.

Нагадаем, 21 ліпеня на Мікалая Збарашэнку, Віктара Сімановіча і Кацярыну Вінаградаву склалі пратаколы і адпусьцілі да 27 ліпеня. Расейцы прыехалі зноў, бо далі слова прыйсьці ў міліцыю.

Учора некалькі дзесяткаў чалавек з моладзевых дэмакратычных рухаў сустракалі Кацярыну і Віктара ля брамы турмы на Акрэсьціна. Віктар Сімановіч выйшаў на волю раніцай. Яго сустрэлі кветкамі і воплескамі. Віктар не скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня. Ён паведаміў, што сьвядома ўдзельнічаў у пікеце і нічога іншага не чакаў. Бацькі Кацярыны Вінаградавай вельмі непакоіліся. Яны прыехалі з Масквы, каб сустрэць сваю дачку. Як толькі скончыўся тэрмін пакараньня, супрацоўнікі міліцыі адвезьлі Кацярыну ў аддзел міграцыйнай службы. Там ёй паставілі штамп у пашпарт аб забароне перасякаць беларускую мяжу цягам 5 гадоў.

Гаворыць Крысьціна Шацікава:

(Шацікава:) “Мы сустрэлі Віктара і Кацярыну і падарылі ім кветкі. Кацярыну адвезьлі на вакзал. Мы падарылі ёй белыя і чырвоныя кветкі, а таксама наш беларускі бел-чырвона-белы сьцяг. Мы выказалі ёй падзяку за мужны ўчынак. Спадзяемся, што яна значна раней пазначанага ў пашпарце тэрміну прыедзе да нас у госьці”.

Людміла Гразнова лічыць, што штампы аб забароне перасякаць беларускую мяжу ня спыняць хвалю актывістаў з замежных моладзевых дэмакратычных рухаў, якія наведваюць сваіх партнэраў у Беларусі.

(Гразнова:) “Гэтыя штампы аб забароне на 5 гадоў ня спыняць хвалю. Людзі разумеюць якая тут небясьпека. Гэтыя расейцы зрабілі мужны ўчынак. Мяркую, што такіх людзей будзе больш і больш і ў Беларусі, і ў Расеі”.

Дэпартацыя Кацярыны Вінаградавай адбывалася за кошт яе бацькоў. Яны набылі квіткі на цягнік. Каля сотні іншаземцаў, якіх затрымалі ў часе выбарчай кампаніі, беларускія ўлады дэпартавалі за іх кошт. Грамадзянам Украіны, якія мелі пры сабе квіткі на цягнік да Кіева, але былі арыштаваныя пасьля заканчэньня сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі, страты не кампэнсавалі.

10 жніўня ля брамы турмы на Акрэсьціна будуць сустракаць актывіста расейскага руху “Оборона” Мікалая Збарашэнку.
XS
SM
MD
LG