Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі асуджаных актывістаў "Партнэрства" спадзяюцца на міжнародныя структуры


Любоў Лунёва, Менск Сваякі пакараных актывістаў незарэгістранай арганізацыі “Партнэрства” лічаць, што трэба дабівацца іхнага апраўданьня ў міжнародных структурах. Нагадаем Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку пакаралі пазбаўленьнем волі ад 6 месяцаў да двух гадоў за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, створаную з мэтай назіраньня за выбарамі. Ад 21 лютага актывістаў трымалі пад вартай. Суд ад 28 ліпеня па 4 жніўня праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША назіралі за справай актывістаў “Партнэрства”. Яны выступілі з крытыкай у бок беларускіх уладаў і назвалі прысуд палітычна матываваным. Дзярждэпартамэнт ЗША папярэдзіў афіцыйныя ўлады пра магчымае ўвядзеньне далейшых санкцый супраць беларускага чынавенцтва.

Сваякі пакараных актывістаў “Партнэрства” 7 жніўня пойдуць па дазвол на спатканьне з Міколам Астрэйкам, Цімафеем Дранчуком, Аляксандрам Шалайкам і Энірай Браніцкай да судзьдзі Леаніда Ясіновіча. Пасьля прысуду яны атрымалі словы падтрымкі ад дыпляматаў і паплечнікаў з дэмакратычнага руху. Маці Міколы Астрэйкі абурылі выказваньні дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Вольгі Абрамавай. Тая паведаміла, што спачувае сем’ям пакараных, але лічыць, што суд вынес справядлівае рашэньне ў адносінах да Міколы Астрэйкі. Гаворыць Яўгенія Астрэйка:

(Астрэйка:) “Даведалася, што 6 гадоў таму Вольга Абрамава хацела падаць у суд на майго сына, 19-цігадовага юнака, хаця сама на той момант была ўжо даволі немаладой жанчынай. Я хацела папрасіць у яе прабачэньня, але думаю, што ня буду гэтага рабіць. Мой сын без віны за кратамі шосты месяц. Яго пакаралі двума гадамі зьняволеньня. У яго цяжарная жонка, вельмі хворы бацька і яму толькі 25. Хай бароніць Бог маці, жонку, бабулю, дэпутатку Вольгу Абрамаву ад таго стану, у якім наш сын Мікола і ўся наша сям’я”.

Маці Эніры Віялета Браніцкая 21 жніўня мусіць сустрэцца са сваёй дачкой. Яна ўпэўнена, што яе дачка не вінаватая. Віялета Браніцкая лічыць, што зьвяртацца ў беларускія суды і пракуратуру, каб яе дачку апраўдалі, бессэнсоўна. Яна мяркуе, што толькі міжнародныя структуры здолеюць даць ацэнку таму, што адбылося з яе дачкой і яе сябрамі спачатку ў ізалятары КДБ, а потым у судзе Цэнтральнага раёну.

(Браніцкая:) “У апошнім лісьце яна пісала, што ня можа зразумець, што адбываецца. Ёй шкада і пракурора, і судзьдзю, і адвакатаў, і сябе, і нас… Галоўнае пытаньне: “Чаму?” Калі яна выйдзе з турмы, то зможа расказаць тое, пра што не магла напісаць у лістах, бо цэнзура вельмі жорсткая”.

Судзьдзя Леанід Ясіновіч, які судзіў Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, цяпер пакараў і актывістаў “Партнэрства”.

Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч:) “Магу зразумець, хаця не апраўдаць паводзіны сяржанта міліцыі з дубінай, якому далі каманду: “Фас!”, ці “Наперад!” на разгон дэманстрацыі. Але не магу зразумець паводзіны асобаў, якія, згодна з усім заканадаўствам, з’яўляюцца незалежнымі, якія прымаюць на сябе адказнасьць за такія прысуды”.

Прозьвішча судзьдзі Леаніда Ясіновіча не было ўнесена ў сьпіс так званых “невыязных”.

Дзярждэпартамэнт ЗША пасьля вынясеньня прысуду Міколу Астрэйку, Эніры Браніцкай, Цімафею Дранчуку і Аляксандру Шалайку папярэдзіў афіцыйныя ўлады пра магчымае ўвядзеньне далейшых санкцый супраць беларускага чынавецтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG