Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У музэі Максіма Багдановіча працягваецца фэстываль паэзіі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў менскім музэі Максіма Багдановіча працягваў працу першы міжнародны фэстываль сучаснай паэзіі “Парадак слоў”, які адкрыўся 4 жніўня. Удзел у паэтычных чытаньнях бяруць літаратары Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны, Казахстану й Расеі.

Адзін з арганізатараў, галоўны рэдактар маскоўскага часопіса “Современная поэзия” Андрэй Новікаў заявіў, што мэта фэстывалю – пашырэньне культурнага поля Менску ў пляне найбольш сучасных плыняў. Мноства падобных імпрэзаў праходзіць у Расеі і Ўкраіне, а вось у Менску міжнародны фэст упершыню. Ці ўдалося ператварыць Менск у паэтычную сталіцу?

(Новікаў: ) “Тыя зносіны, якія ёсьць у рамках гэтага фэстывалю, абсалютна дакладна прывядуць у будучым да таго, што мерапрыемствы тут будуць адбывацца значна часьцей, і людзі будуць больш цікавіцца паэзіяй”.

Мяркуючы па поўнай залі, аматараў паэзіі ў Менску многа. А паэтаў, якія прэзэнтавалі свае вершы, арганізатары абралі на свой літаратурны густ. Плянуецца ня толькі другі падобны фэстываль наступным летам, але й іншыя паэтычныя сустрэчы ў музэі Максіма Багдановіча.

Сярод беларускіх удзельнікаў – паэт з Магілёва, 28-гадовы Дзьмітры Дзьмітрыеў.

(Дзьмітрыеў: ) “Зараз я назіраў такую сцэнку– дзяўчаты, якія прыехалі з Масквы, пыталіся пра кнігі менавіта на беларускай мове. А паколькі я на гэты момант пачаў пісаць толькі па беларуску і маю толькі рускамоўную кнігу, таму мне вельмі захацелася, каб у мяне была такая беларускамоўная кніга, каб менавіта дзяўчаткі з Масквы прыяжджалі і шукалі менавіта мае, беларускамоўныя кнігі”.

Паэт Андрэй Хадановіч мяркуе, што фэстываль ня мусіць абмяжоўвацца расейскай ці беларуска-расейскай тусоўкай, і было б добра пачуць на фэстывалі сучасных паэтаў з тых жа краін Балтыі, якія пішуць ня толькі па расейску, але і на сваіх родных мовах.

(Хадановіч: ) “Пры тым голадзе, які існуе ў нас на жывыя акцыі, кожны фэстываль патрэбны і актуальны. У сытуацыі, калі літаратура ў сярэдняй бабулькі там ці школьніцы асацыюецца з даўно мінулым, памерлым, кожная спроба актуальнай літаратуры вельмі пахвальная, і можна толькі папляскаць у далоні нахабству маладых арганізатараў”.

Жэня Манцэвіч з Вілейкі таксама піша вершы, але на фэстывалі яна ў якасьці слухача. Ёй спадабаўся выступ беларускіх паэтаў. Паэзія і свабода гэта рэчы роднасныя. Ці ёсьць на фэстывалі пачуцьцё свабоды?

(Манцэвіч: ) “Ну, я думаю, што ёсьць пачуцьцё свабоды. Па-першае, музэй гэты заўсёды славіўся такім пачуцьцём свабоды, тут заўсёды зьбіраліся свабодныя літаратары, свабодныя людзі. І па вершах, якія тут гучалі, можна было гэта адчуць”.
XS
SM
MD
LG