Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Летні альбом": фігурнае катаньне


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

За савецкім часам бясспрэчным фаварытам тэлеэкрану было фігурнае катаньне. Па тэлевізіі паказвалі ня толькі фінальныя часткі спаборніцтваў, але і папярэднія выступы, і нават разьмінкі спартоўцаў. І зараз гучаць увушшу занудлівы голас камэнтатара Віктара Кананыхіна ды прозьвішчы фігурыстаў: Габі Зайфэрт, Жужы Алмашы, Пэгі Флемінг, Ондрэя Нэпэлы, Патрыка Пэра. Як высьветлілася потым, фігурнае катаньне любіла жонка Леаніда Ільліча Брэжнева Вікторыя. Таму на тэлевізіі і панавала фігурыстыка з усімі ейнымі падтрымкамі, двайнымі тулупамі ды скачкамі ў два з паловаю абароты.

Народнымі ўлюбёнцамі, аднак, была сямейная пара Людміла Белавусава і Алег Пратапопаў: шматразовыя чэмпіёны сьвету. Спадарыня Белавусава – зграбная бляндынка з прычоскай “цюльпан” наагул была сэкс-сымбалем сваёй эпохі. “Файф-найт, файф-найт, файф-эйт, файф-найт…” – гучала ў лядовых палацах пасьля выступу згаданай пары, і Віктар Кананыхін зь лёгкай крыўдай у голасе тлумачыў: “Пяць і восем дзясятых балаў савецкім фігурыстам паставіў судзьдзя зь Вялікай Брытаніі”. І савецкія тэлегледачы, прыліпнуўшы да чорна-белых “Нёманаў” ды “Рэкордаў”, разам выдыхалі словы абурэньня на адрас туманнага альбіёнца. Зрэшты, абурэньне тут жа і суціхала, бо Белавусавай і Пратапопаву судзьдзі дадавалі бал за артыстызм і яны чарговым разам станавіліся чэмпіёнамі.

Гэты самы дадатковы бал прыдаўся потым у жыцьці. Калі які апівуда куляў чарку, не варухнуўшы кадыком, субяседнікі дружна гарлалі: “Ну, табе бал за артыстызм!”

Белавусава з Пратапопавым стала перамагалі, але ў 1969 годзе, на чэмпіянаце Эўропы, іх абышла пара Радніна--Уланаў. А неўзабаве надарылася страшная прыгода: куміры савецкіх заўзятараў засталіся на Захадзе. Газэты апэратыўна адгукнуліся на такую падзею. Пісалі, у прыватнасьці, што Белавусава з Пратапопавым, маючы шыкоўную кватэру ў Ленінградзе, не плацілі за жытло, паводзілі сябе фанабэрыста і з маладых гадоў былі прагнымі да нажывы. Мая цётка, што жыла ў Ленінградзе, казала, што пасьля таго выпадку ў Піцеры мужа з жонкаю разам за мяжу не пускалі, толькі паасобку.

Неўзабаве кумірам і сьцяганосьбітам савецкага спорту стала фігурыстка Ірына Радніна, якая памяняла на той час партнэра. Яе любілі паказваць па тэлевізіі дарэшты зарумзаную, падчас уручэньня чарговага залатога мэдалю. Калі абрынула жалезная заслона, Ірына, адставіўшы ўбок сьцяг савецкага спорту, таксама падалася на Захад, паўтарыўшы, ужо ў іншых гістарычных умовах, подзьвіг Белавусавай і Пратапопава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG