Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Януковіч абраны ўкраінскім прэм''ерам


Юры Сьвірко, Кіеў Сёньня пасьля некалькіх месяцаў працяглага крызісу Украіна атрымала новага прэм’ер-міністра. Вярхоўная Рада прагаласавала за Віктара Януковіча.

Аднагалосна прагаласавала фракцыя "Партыі рэгіёнаў" на чале зь Віктарам Януковічам - 184 дэпутаты, а ўсяго 271 дэпутат выказаўся “за”, а 9 “супраць” . Дарэчы, поўны склад украінскага парляменту налічвае 450 дэпутатаў.

Адразу пасьля таго, як сталі вядомыя вынікі адкрытага галасаваньня, Віктар Януковіч падыйшоў паціснуць руку прэзідэнту Юшчанку і заля пачала скандаваць "Януковіч! Януковіч!" У той жа час сьпікер Аляксандар Мароз незадаволена сказаў новаму прэм''ер-міністру : "Віктар Фёдаравіч, ваша месца там, " і накіраваў яго ў супрацьлеглы бок залі пасяджэньняў Вярхоўнай Рады.

Пасьля гэтага пачалася прысяга судзьдзяў Канстытуцыйнага суду, праца якога была парадізаваная амаль год з прычыны шматлікіх вакансыяў у ягоным складзе.

Перад тым, як адбылося галасаваньне, у залі выступіў прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка. Ён заклікаў вярхоўную Раду зьняць тыя супярэчнасьці, якія былі штучна створаныя палітыкамі і заклікаў да цэласнасьці, сувэраннасьці і еднасьці Украіны. Юшчанка таксама заявіў, што "Майдан-2"- гэта міф і легенда, не той для яго час. Ён нагадаў пра неабходнасьць пераемнасьці курсу і ў залі гэта зразумелі так, што пераемнікам курсу Юшчанкі будзе Віктар Януковіч.

Сам Януковіч заявіў, што пасьля нядаўняга круглага стала ўсе ўкраінскія палітыкі сталі іншымі. Паводле яго цяпер якраз зьявілася магчымасьць стварыць мэханізм супрацоўніцтва ўраду з парлямантам, якога не хапала ўсе 15 гадоў украінскай незалежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG