Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Мікола Селяшчук


Уладзімер Арлоў, Менск 4.8.1947, в. Вялікарыта, Маларыцкі раён — 25.9.1996, Сабаудыя, Італія. Пахаваны ў Берасьці.

Апынуўшыся нядаўна на Адрыятычным узьбярэжжы, я кожны раз, заходзячы ў неверагодна чыстую смарагдавую ваду, мусіў пераадольваць псыхалягічны бар’ер: з другога боку Апэнінскага “батфорта” такое самае цёплае ласкавае мора забрала жыцьцё майго добрага знаёмага Міколы Селешчука — мастака зь вечна затоенай у нібыта вясёлых вачах тугою.

Нейкі час мы жылі зь ім у суседніх панэльных дамах у менскай Серабранцы, і Мікола часта падвозіў мяне на сваёй “волзе” ў “горад”. Ён меў не на шмат больш гадоў, але мне здавалася, што ягоныя творы, прынамсі, фантасмагарычныя ілюстрацыі да народных казак, я памятаю ад школы.

Селяшчук, Селя, быў для мяне мэтрам, адным з самых улюбёных беларускіх мастакоў. Думаю, што ня толькі для мяне: на выставах каля ягоных карцінаў заўсёды клубілася публіка. Я і цяпер бязь цяжкасьці — быццам перагортваю старонкі альбому рэпрадукцыяў — бачу ягоныя палотны: “Наведваньне сядзібы Агінскага ў Залесьсі”, “Матылькі тут не жывуць”, “Гучаньне музыкі нябёсаў”, “Люблю цябе сустракаць”...

Мікола быў адным з тых, каму яшчэ за савецкім часам пашчасьціла вырвацца за мяжу. Гэта давала шырыню погляду, разьняволенасьць. Прагна адкрываючы для сябе сьвет, ён і сам імкнуўся адкрыцца сьвету сваім мастацтвам. Ягоныя падкрэсьлена далёкія ад апавядальнасьці працы, што спалучаюць сюррэалістычную манэру з адметнымі вобразамі беларускага фальклёру й гісторыі , можна ўбачыць у галерэях розных краінаў і кантынэнтаў — ад Фінляндыі да Экватарыяльнай Гвінэі.

Апошні раз мы сустрэліся зь Селям на Чарнобыльскім шляху 1996-га. У той самы год ён пакінуў гэты сьвет.

Ёсьць меркаваньне, што літаратуру ад бэлетрыстыкі адрозьнівае наяўнасьць мэтафізыкі. Магчыма, такі крытэр вызначэньня “сапраўднасьці” можа прэтэндаваць на ўнівэрсальнасьць. У творах Селешчука мэтафізыка заўсёды прысутнічала. Не абышлося безь яе і ў ягонай сьмерці : гэта здарылася назаўтра пасьля паездкі ў Рым, дзе Мікола марыў пабыць ад самага маленства.
XS
SM
MD
LG