Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты “Партнэрства” застануцца за кратамі


Радыё Свабода, Менск Два гады пазбаўленьня волі Міколу Астрэйку, год – Цімафею Дранчуку, паўгоду адміністрацыйнага арышту Эніры Браніцкай і Аляксандру Шалайку. Такі вырак вынес суд Цэнтральнага раёну Менску актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якіх ад 21 лютага трымаюць пад вартай.

Эніру, Аляксандра, Міколу й Цімафея абвінавацілі ў кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы й інтарэсы грамадзянаў. Судзьдзя Леанід Ясіновіч разглядаў крымінальную справу за зачыненымі дзьвярыма. Ад 28 ліпеня да будынку суду прыходзілі сваякі, паплечнікі арыштаваных актывістаў “Партнэрства” з дэмакратычных моладзевых рухаў, выкладчыкі коласаўскага ліцэю, палітыкі й амбасадары краінаў Эўразьвязу й АБСЭ.



Пасьля абвяшчэньня прысуду людзі воплескамі правялі актывістаў “Партнэрства”. Яны кідалі белыя й чырвоныя кветкі перад аўтазакам, на якім павезьлі арыштаваных.

Судзьдзя Леанід Ясіновіч дазволіў сваякам, дыпляматам і журналістам заслухаць прысуд у судовай залі – пры ўмове, што тыя ня будуць рабіць відэа- й аўдыязапісаў. Насамрэч людзі больш за гадзіну стаялі пад праліўным дажджом каля ганку суду, пакуль спэцназаўцы вызначалі, каго прапусьціць у будынак суду, а каго – не.

Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая, Цімафей Дранчук і Аляксандар Шалайка трымаліся бадзёра. Яны з усьмешкамі павіталіся з прысутнымі. Актывісты “Партнэрства” рыхтаваліся да горшага: памочнік пракурора патрабаваў для Міколы Астрэйкі тры гады пазбаўленьня волі, для астатніх – два.

Пасьля агалошаньня прысуду актывістаў “Партнэрства” павялі ў аўтазак. Людзі стаялі пад дажджом на вуліцы Багдановіча. Яны чакалі, пакуль арыштаваных выведуць з памяшканьня.

Байцы спэцназу ачапілі будынак суду, не дазваляючы нікому нават зайсьці ў двор. Але грамада стаяла на дарозе. Шмат у каго былі майкі з надпісам “Суд над “Партнэрствам”, з партрэтамі Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі, Цімафея Дранчука й Міколы Астрэйкі.

Амбасадар Нямеччыны Марцін Гэкер заявіў “Свабодзе”:

(Гэкер: ) “Гэта вельмі сумна й дзіўна. Мне здаецца, што тут ёсьць людзі, якія ня хочуць нармальных адносін з іншымі краінамі Эўропы. Ня ведаю, хто за гэта адказны. Пра гэта сьведчыць і сытуацыя з Латвіяй. Як тут людзі казалі, такое – ганьба для краіны. Мы тут дзеля таго, каб інфармаваць урады нашых краінаў. Мы будзем дакладаць, а яны будуць ацэньваць сытуацыю”.

Выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША Джонатан Мур заявіў:

(Мур: ) “Канечне, гэтыя тэрміны карацейшыя, чым яны маглі быць. Аднак гэта не азначае, што юрыдычныя працэдуры былі легітымнымі. Мы ўпэўнены, што ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі, уключаючы гэтых чацьвярых і сп.Казуліна, мусяць адпусьціць. Дзярждэпартамэнт у Вашынгтоне зробіць больш афіцыйную заяву – рэакцыю на гэтыя выракі суду. Мы будзем пільна сачыць за сытуацыяй вакол гэтага працэсу. Гэты суд скончыўся, але сытуацыя працягваецца. Яна ня скончылася”.

Маці Міколы Яўгенія Астрэйка не змагла вымавіць ні слова. Яе падтрымліваў, абняўшы за плечы, муж.

Цяжарная Вера Шалайка мае маленькае дзіця. Яшчэ адно немаўлятка народзіцца, калі ягоны бацька выйдзе на волю. Вера плакала пасьля абвяшчэньня прысуду. Яна ня здолела гаварыць.

У Паліны Астрэйкі сытуацыя значна горшая.

Заўтра, 5 жніўня, дзень народзінаў Цімафея Дранчука. Ягонаму сыну споўніцца 4 месяцы. Бацька Цімафея Валер Дранчук паведаміў “Свабодзе”:

(Дранчук: ) “Нашы юрыдычная й праваахоўная сыстэмы – ня тыя, на каго можна спадзявацца, нават маючы дасканалую прафэсійную абарону. У нас няма абароны. У нас няма праваахоўнай сыстэмы. У нас практыкуецца замова, і яна выконваецца”.

Маці Эніры Віялета Браніцкая праз два тыдні сустрэне сваю дачку.

(Браніцкая: ) “Эніра праз два тыдні будзе дома. Але я перажываю за хлопцаў”.

Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, калі будзе абвешчана амністыя, у Міколы Астрэйкі й Цімафея Дранчука зьявіцца шанец выйсьці на волю раней за вызначаны судом тэрмін.
XS
SM
MD
LG