Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі памяць грамадзянкі ЗША Рут Уолер (фота)


Валер Каліноўскі, Менск 60 гадоў таму ў Менску памерла грамадзянка ЗША Рут Уолер, якая працавала разам з мужам у місіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у справе дапамогі й аднаўленьня (ЮННРА). Сёньня ў Менску ўшанавалі яе памяць.

Рут Уолер была жонкай апошняга кіраўніка беларускай місіі ЮННРА, якая спрыяла аднаўленьню паваеннай гаспадаркі краіны й каардынавала дастаўку ў Беларусь матэрыяльнай дапамогі ад Аб’яднаных Нацыяў. У склад той місіі ўваходзілі 15 амэрыканцаў і 1 грамадзянін Новай Зэляндыі.

25-гадовая Рут Уолер, жонка апошняга кіраўніка місіі ЮННРА, аднаго разу летам 1946 году заўважыла, як у возеры патаналі трое беларускіх хлопчыкаў. Адразу ж кабета паклікала дапамогу. І сама кінулася ратаваць дзяцей. Якраз пасьля гэтага выпадку Рут захварэла на запаленьне лёгкіх і хуткацечны мэнінгіт. Лекары не змаглі ўратаваць спадарыню Ўолер.

Штогод Дзень памяці Рут Уолер адзначаюць у амбасадзе ЗША ў Беларусі і ў прадстаўніцтве ААН – гаворыць дарадца прадстаўніка ААН у Беларусі Уладзімер Шчэрбаў:

(Шчэрбаў: ) “Такім чынам мы плацім даніну павагі ёй і, празь яе асобу, іншым супрацоўнікам адміністрацыі ЮННРА. Дый увогуле ухваляем намаганьні ўсіх гуманітарных супрацоўнікаў ААН, якія загінулі на службе чалавецтву”.

Магіла Рут Уолер у Менску дагледжаная: сёлета на Радаўніцу яе прыбралі тэхнічныя супрацоўнікі Вайсковых могілак. У музэі Вялікай Айчыннай вайны, у экспазыцыі да 60-й гадавіны беларускай місіі ЮННРА, усталяваны адмысловы стэнд, прысьвечаны Рут Уолер. Гаворыць дырэктар музэю Сяргей Азаронак:

(Азаронак: ) “Гэта быў чалавек, пра якога казалі вельмі добра. Памяць пра яе ня згасла. Мы, беларускія людзі, з удзячнасьцю прыгадваем усё зробленае і місіяй, і гэтым простым чалавекам, якая ўсклала на сябе цяжкасьці й нягоды, што зваліліся на тых, хто дапамагаў аднаўляць народную гаспадарку краіны”.

Муж Рут Уолер, Тэадор Уолер, дагэтуль жыве ў штаце Алабама, ЗША. Зь ім сустракаўся былы амбасадар Злучаных Штатаў у Беларусі Джордж Крол. Тэадор Уолер падаў свае матэрыялы для выставы пра ЮННРА ў Музэі Вялікай Айчыннай вайны. Згадваюць пра Рут Уолер таксама й аўтары нядаўна створанага дакумэнтальнага фільму пра місію ЮННРА.





XS
SM
MD
LG