Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску распачынаецца фэстываль сучаснай паэзіі “Парадак слоў”


Галіна Абакунчык, Менск У Менску распачынаецца першы міжнародны фэстываль сучаснай паэзіі “Парадак слоў”. Сярод арганізатараў творчай імпрэзы – маскоўскі часопіс “Современная поэзия”, а таксама літаратурны музэй Максіма Багдановіча. Удзел у паэтычных чытаньнях возьмуць літаратары Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны, Казахстану й Расеі.

Фэстываль будзе праходзіць цягам трох дзён у літаратурным музэі Максіма Багдановіча, што ў Траецкім прадмесьці беларускай сталіцы. Чаму міжнародная паэтычная імпрэза праходзіць у Менску, тлумачыць адзін з арганізатараў – Мікалай Суліма.

(Суліма: ) “Ідэя была супольная – правесьці фэстываль у Менску. Бо, на маю думку, наш горад ня надта сьпешчаны рознымі культурнымі імпрэзамі. Асабліва што тычыцца паэзіі”.

Фэстываль распачнуць беларускія паэты, у тым ліку Андрэй Хадановіч, Алена Казанцава, Глеб Лабадзенка й іншыя. У наступныя дні выступяць замежныя госьці – кажа дырэктарка музэю Максіма Багдановіча Тацяна Шаляговіч:

(Шаляговіч: ) “Максім Багдановіч на пачатку ХХ стагодзьдзя сваёй творчасьцю прынёс у маладую беларускую літаратуру здабыткі іншых краінаў, іншых літаратураў. Так, на пачатку ХХІ стагодзьдзя літаратурны музэй паэта таксама не жадае заставацца ўбаку ад літаратурных працэсаў, якія адбываюцца сёньня”.

Арганізатары спадзяюцца, што міжнародны фэстываль сучаснай паэзіі “Парадак слоў” у Менску стане штогадовым.
XS
SM
MD
LG