Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці пахавалі загіблых у аварыі на тэрыторыі Польшчы


Радыё Свабода Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўным друку

Сёньня “Брестский курьер” паведамляе падрабязнасьці гібелі чатырох беларусаў у аўтааварыі на тэрыторыі Бяльскага павету. Мэдыкам не ўдалося выратаваць жыцьці вадзіцеля і пасажыраў, бо на рэзкім павароце легкавік больш як 40 мэтраў праляцеў на баку і ўрэзаўся ў дрэва. Як удакладняе выданьне, чацьвёра мужчынаў былі ва ўзросьце да 35 гадоў, займаліся бізнэсам.

“Комсомольская правда в Белоруссии” дасьледуе пытаньне, чаму ў Воршы міліцыя і царква не падзялілі месца ў цэнтры гораду. Спрэчкі ідуць адносна тэрыторыі былога базыльянскага манастыру. Як паведамляецца, у 1969 годзе бальшавікі ўзарвалі сьвятыню, а побач пабудавалі пастарунак. Цяпер вернікі патрабуюць вярнуць асьвечанае месца.

Пінск сёлета ўпершыню стаў унівэрсытэцкім горадам. Тыднёвік “Мясцовы час” цікавіўся, ці будзе мець папулярнасьць навучальная ўстанова? Пра вынікі паведамляе рэдактар Віктар Ярашук:

(Ярашук: ) “Самае цікавае, што нават прыёмная камісія не чакала такога наплыву абітурыентаў. У сярэднім конкурс складае 3,7 чалавека на месца, калі ў краіне 3 чалавекі. А на спэцыяльнасьць “Банкаўская справа” – конкурс больш за 10 чалавек”.

Газэта “Нясьвіскі час” канстатуе, што ўжо тры ночы запар у райцэнтры не працуе тэлеграф. Ад супрацоўніка гэтай службы Уладзімера Пражэніка журналісты даведаліся, што электронная паслуга скасаваная. Сувязіст удакладніў: на начны тэлеграф зьвярталіся хіба 5 ці 6 наведнікаў.

Тыднёвік “Наша слова” друкуе артыкул прафэсара Анатоля Грыцкевіча пра бітву войска Вялікага княства Літоўскага з татарамі ля Клецка. У гэтыя дні роўна 500 гадоў гістарычнай падзеі.

Пра яшчэ адну тэму выданьня расказвае рэдактар Станіслаў Суднік:

(Суднік: ) “Пятая, шостая, сёмая і восьмая старонкі адведзеныя пад фальклёрна-краязнаўчы турызм. Гістарычныя мясьціны, гістарычныя асобы. Пададзеныя міты, якія існуюць да таго ці іншага месца”.

“Наша Слова” распаўсюджваецца ў Віцебскай, Гарадзенскай ды Берасьцейскай абласьцях праз шапікі “Белсаюздруку”. У Менску выданьне можна атрымаць ў сядзібе Таварыства беларускай мовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG