Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Шаблюк (3.8.1953, Узда — 2.5.1997, Менск)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Ён быў маім аднакурсьнікам і сябрам, які гаварыў са мною на адной мове, а потым нярэдка станавіўся першым чытачом маіх тэкстаў. Нас зьбліжала й агульная прага вандраваньняў. Мы разам блукалі па вуліцах Полацку і Рыгі, сядзелі за гасьцінным сталом у зэльвенскай хаце Ларысы Геніюш, палохаючы сьвіцязянак, плавалі ў таямнічай начной Сьвіцязі і сустрэліся на берагах Гарыні зь мядзьведзем, што кіраваўся на блізкі пчальнік, а таму паставіўся да нас амаль па-сяброўску. Нават сваё вясельле з Натальляй, таксама гісторыкам, Валера гуляў не ў рэстарацыі, а на маляўнічым поплаве, там, дзе пачынаецца Нёман.

Пасьля гістарычнага факультэту БДУ ён працаваў у школе. Вучні бязьмежна любілі яго і за цікавыя ўрокі, і за іхні працяг — падарожжы па мясьцінах, дзе чутны голас самой Гісторыі. Сотні юных душаў Валера вучыў любіць сваё і бараніць яго,тады, калі вынаходнікі гэтых, папулярных сёньня слоганаў яшчэ не нарадзіліся.

Муза Кліё прывяла яго ў акадэмічны Інстытут гісторыі, зрабіла археолягам — дасьледнікам старадаўніх паселішчаў у басэйне ягонага ўлюбёнага Нёману. Шаблюк быў зь ліку тых гісторыкаў, якія не хаваліся ад сучаснасьці ў сваіх кабінэтах ці ў раскопах. Не радзей, чым у сяброўскім коле, мы сустракаліся зь ім у сярэдзіне 1990-х на апазыцыйных акцыях. Ён балюча перажываў рэфэрэндум 1995-га, але адрозна ад некаторых калегаў не кідаўся ў роспач і не лічыў, што ўсё страчана.

Валера загінуў страшна й недарэчна — на пешаходнай зэбры пад уласнымі вокнамі яго зьбіла службовая машына генэральнага пракурора, кіроўца якога катаўся ў сьвяточны дзень па горадзе з прыяцелькамі.

Майго сябра хавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам. Яму не хапіла часу абараніць доктарскую дысэртацыю і напісаць свае гістарычныя аповесьці. Але Валерава прысутнасьць доўжыцца — у дочках Насьці й Вераніцы, у вучнях, у яго артыкулах, якіх толькі ў Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі блізу сотні.

Сястра Валеры Тацяна, якая ўжо даўно жыве ў Аўстраліі, піша мне лісты па-беларуску. Мове яна вучылася ад брата.
XS
SM
MD
LG