Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 3 жніўня


Дзьмітры Падбярэзскі, Менску Толькі думка, бадай, хутчэйшая за Інтэрнэт. Але ж колькі ў беларускім Сеціве тых думак, а таксама інфармацыі, навінаў і проста займальных фактаў.

Да прыкладу, аўтарскі праэкт Віктара Дзятліковіча — сайт “Беларуская Масква” www. maskva.com. Віктар жартам пераназваў станцыі маскоўскага мэтро, і цяпер на мапе можна пабачыць замест звыклых такія назвы: “Прашпэкт Скарыны”, “Булак-Булаховіча”, “Слуцкія ткачыхі”, “Радыё Свабода”, “Паляндвіца”, “Бартосікі”. Тут жа Генадзь Прыбытка выклаў праваднік па Беларускіх месцах Масквы. Вы даведаецеся: дзе жылі паслы Вялікага Княства Літоўскага; дзе утрымлівалі знатных палонных-беларусаў падчас войнаў Масковіі і ВКЛ; дзе жыў, вянчаўся і памёр Янка Купала; дзе палілі кнігі Францыска Скарыны...

Калі вы зазірнеце на сайт Беларускай вуніі www.unija.info, дык зможаце, апрача іншага, пазнаёміцца з саюзамі беларусаў у некаторых краінах сьвету. Іх мэты тлумачыць Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла: “Нас сотні тысяч на чужыне. Кожны з нас мае доступ да палітыкаў. Калі “мы выйдзем шчыльнымі радамі”, нас паслухаюць, не дазволяць новага паняволеньня нашага народу. Абавязкам кожнага беларуса — дапамагчы сваім суродзічам, сваім братам і сёстрам на Бацькаўшчыне”.

У ЖЖ-суполцы “Беларусь” community.livejournal.com/by revanshist дзеліцца ўражаньнямі аб наведваньні ў якасьці сьведкі суда над удзельнікамі “Парнэрства”: “Па судзе іх выведуць у кайданках праз задні ход і пад узмоцненай аховай разьвязуць па камэрах. Я выйду сам, праз галоўны ўваход, куплю бутэльку “Аліварыі” і зь нянавісьцю да сьвету ў душы накіруюся дадому. Я буду ненавідзець дзяржаву, мянтоў і пракурораў, якія садзяць за краты незадаволеных. Тугадумных грамадзян, што лічаць гэту дзіч нормай… Але больш за ўсё я буду ненавідзець людзей, якія разумеюць, што так жыць нельга, але вечна не гатовых “плаціць такі кошт”.

На галоўнай старонцы сайту www.studenty.by, сёньня зьмешчана гарачая навіна: “Зьміцер Гліндзіч (Kvasir) з community studenty.by учора ўзьняў на вяршыні гары Эльбрус бел-чырвона-белы сьцяг і расьцяжку нашага сайту. Беларуская альпінісцкая каманда (3 чалавекі, клюб "Надзір") пад кіраўніцтвам студэнта БДУ Зьміцера Гліндзіча узыйшла на Эльбрус 2 жніўня, а 8:30 па менскім часе. P.S. Па вяртаньні Зьміцера ў Менск на studenty.by будзе падрабязны рэпартаж і інтэрвію пра гэту падзею”.

“Зараз 475 гасьцей і 23 наведвальнікаў online”, — прачытаў я, як толькі наведаў сёньня сайт беларускага гістарычнага віртуальнага клюбу “Стары гетман” www.probelarus.ru. На форуме сайту можна прачытаць шмат артыкулаў, прысьвечаных ураджэнцам Беларусі. Так, кансультант клюбу Вячорка знаёміць сёньня з Аляксандрам Пальмбахам: “Адзін са стваральнікаў тувінскай пісьмовасьці, аўтар прац пра тувінскую мову, жыццё Тувы, перакладчык. Нарадзіўся ў 1897 годзе ў г.Дрыса (цяпер Верхнядзьвінск)”.

Карыстальнік balachon адзначыў сёньня ва ўласным ЖЖ-дзёньніку balachon.livejournal.com : “Сёньня апублікавана інструктыўна-мэтадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі "О преподавании истории в 2006-2007 учебном году". Найбольш уразіла: З гэтага навучальнага году выкладаньне гісторыі Беларусі ў 9-10 клясах (дванаццацігодка) усіх расейскамоўных школаў будзе адбывацца на расейскай мове. Нагадаю, што да гэтага гісторыя Беларусі павінна была выкладацца па-беларуску незалежна ад галоўнай мовы навучаньня канкрэтнай школы”.

А вось свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас вы можаце дасылаць на адрас NSvaboda@tut.by на беларускай мове. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, шчэ сустэнемся…
XS
SM
MD
LG