Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэйлонавыя кашулі


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

У 1964 годзе толькі і размоваў было пра італьянскую сынтэтыку – нэйлонавыя кашулі ды плашчы-балоньні. Дастаць іх было практычна немагчыма. Першым ў нашым чатырохпад’ездным доме нэйлонавую кашулю надзеў мой бацька. Ягоны сябар, Андрэй Манчак, два гады працаваў тэхнічным кансультантам у Рэспубліцы Малі і прыслаў адтуль мадняцкую абнову.

Бацька вельмі ганарыўся такім падарункам і надзяваў кашулю адно на партыйныя сходы ды ўрачыстыя паседжаньні. “Нэйлонавая сарочка носіцца толькі пад гальштук”, – любіў ён казаць, дапаўняючы сынтэтычны гарнітур плеценым з чорнай лёскі гальштукам.

Калі бацька здымаў увечары кашулю – я заўсёды з такога выпадку выключаў сьвятло – долу сыпаліся фіялетавыя іскры, і буркатліва трашчаў уключаны прыймач. Бацькавы валасы пры гэтым злавесна стаўбурыліся як у таго рэжысэра Эйзэнштэйна на вядомым фотаздымку. З-за тых іскраў, дарэчы, нэйлон забаранілі насіць на выбухованебясьпечных прадпрыемствах. І яшчэ: калі зьнятую кашулю кінуць на сьценку, яна надзейна прыліпала да шпалераў. Магла, відаць, з-за эфэкту электрастатыкі, прыліпнуць і да столі. Аднак такога экспэрымэнту бацька ня мог дазволіць: баяўся запэцкаць кашулю ў пабелку.

Нэйлонавыя кашулі былі навылёт празрыстыя, і цела пад імі ружова сьвяцілася. Праўда, тою парою сарочкі на голае цела не надзявалі, толькі на майку. Адначасова зьявілася і жаночая бялізна з нэйлону. Яе можна было набыць альбо ў спэкулянтаў, альбо па буйным блаце. Нэйлонавая камбінацыя на “чорным” кірмашы каштавала 20 рублёў.

Цела ў такіх кашулях ня дыхала, непрыемна ліпла да сьпіны, але затое іх ня трэба было прасаваць. Распавядалі, як адна бабця вырашыла папрасаваць унукаву нэйлонавую кашулю, і тая вомігам расплавілася. Сядзець ля вогнішча ў нэйлоне таксама было небясьпечна: любая іскра рабіла ў ім дзірку. Знаёмы журналіст, які ў маладосьці жыў у прэстыжным доме ў цэнтры Берасьця, распавядаў пра пажар на гаўбцы свайго суседа – мясцовага начальніка. Сусед часьцяком езьдзіў у Польшчу і прывёз адтуль тузін нэйлонавых кашуляў. Аднаго разу жонка павесіла іх на гаўбцы прасушыцца. А дваровая дзятва тым часам пусьціла самаробную ракетніцу, якая выпадкова заляцела на гаўбец. Кашулі заняліся чорным дымам, і суседзі зь перапуду выклікалі пажарную машыну. Потым у Берасьці адно і размоваў было пра пажар, у якім – страшна падумаць! – згарэлі тры нэйлонавыя кашулі.
XS
SM
MD
LG