Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У гарадзенскім Катэдральным касьцёле, дзе здарыўся пажар, не хапала грошай на пажарную сыгналізацыю


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні пра сытуацыю ў храме журналістам расказаў ксёндз-пробашч Ян Кучынскі, а пра расьсьледаваньне прычынаў пажару — сьледчы Аляксандар Кізілевіч.

Згодна з распараджэньнямі пажарнай службы, у Катэдральным касьцёле мусілі да верасьня ўсталяваць аўтаматычную пажарную сыгналізцыю. Паводле пробашча, храм вельмі вялікі, таму патрэбны былі немалыя грошы, зборам якіх і займаліся прыхаджане. Пра аднаўленьне страчанай часткі алтару гаварыць яшчэ зарана, бо патрэбны праект рэканструкцыі й каштарыс.

Сьледчы Аляксандар Кізілевіч патлумачыў: пакуль разглядаюцца тры вэрсіі, хаця могуць зьявіцца цягам сьледзтва й новыя. Высновы можна будзе рабіць толькі пасьля экспэртызы, якую правядуць у сталіцы. Цяпер магчымасьць падпалу выглядае ня вельмі пераканаўчай, і сьледзтва больш схільна лічыць, што прычына пажару — замыканьне электраправодкі (замена праводкі ў храме адбылася ў 1994 годзе). Паводле трэцяй вэрсіі, пажар мог здарыцца з прычыны знаходжаньня каля алтару самазапальных рэчываў.

Сьледчы зазначыў, што ў Беларусі не існуе мэтодыкі ацэнкі стратаў, учыненых помнікам архітэктуры, таму рэальную суму іх можна будзе назваць толькі пасьля таго, як адрэстаўруюць алтар і адрамантуюць касьцёл.

На здымку: ксёндз-пробашч Ян Кучынскі
XS
SM
MD
LG