Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд у справе “Партнэрства”, магчыма, будзе вынесены ўжо сёньня


Любоў Лунёва, Менск Учора на працэсе над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” выступілі адвакаты. Падсудныя Эніра Браніцкая, Цімафей Дранчук й Аляксандар Шалайка мелі “апошняе слова”. У сваіх прамовах яны выказалі стаўленьне да абвінавачаньня. Нагадаем: актывістаў “Партнэрства” арыштавалі 21 лютага й абвінавацілі ў кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы й інтарэсы грамадзянаў. З 28 ліпеня над імі працягваецца суд за зачыненымі дзьвярыма.

Судзьдзя Леанід Ясіновіч заслухаў прамовы адвакатаў арыштаваных актывістаў “Партнэрства”. Эніра Браніцкая, Аляксандар Шалайка й Цімафей Дранчук выступалі літаральна па некалькі хвілінаў. Прадстаўнік пракуратуры Андрэй Мігун пасьля выступаў падаў некалькі рэплік наконт таго, наколькі адпавядае рэчаіснасьці абвінавачаньне сьледчых КДБ.

Для сваякоў арыштаваных выступ пракурора стаў нечаканасьцю. Ён папрасіў пакараць Міколу Астрэйку пазбаўленьнем волі на 3 гады, астатніх арыштаваных – на 2. Маці Міколы, Яўгенія Астрэйка, стаяла каля будынку суду. Яна прызналася, што была ў шокавым стане.

(Астрэйка: ) “Тое, што ўчора запрасіў пракурор, – папросту жах. Мы, усе бацькі, у шоку. Ня спалі ўсю ноч. Стаім тут зноў пад дзьвярыма… Мне здаецца, што найперш, калі чалавек на пасадзе, хай сабе й на дзяржаўнай, мусіць быць сумленьне”.

Бацька Цімафея, Валер Дранчук, лічыць, што судзьдзя можа згадзіцца з абвінаваўцам.

(Дранчук: ) “Я мяркую, што да ведама будуць прыняты меркаваньні абароны, і суд ня пойдзе на такі жорсткі крок адносна нашых дзяцей, нашай будучыні. Думаю, усё скончыцца судом. Гэта мая надзея. Лічу, гэта будзе больш-менш разумны зыход справы”.

Каля суду, апроч сваякоў і паплечнікаў актывістаў “Партнэрства”, былі прадстаўнікі АБСЭ й Амбасады ЗША. Зьміцер Касьпяровіч сам некалькі месяцаў правёў за кратамі ў часе выбарчай кампаніі. Ён прыйшоў выказаць салідарнасьць з арыштаванымі.

(Касьпяровіч: ) “Я сам быў за кратамі. І таму ведаю, што такое знаходзіцца ў няволі. Прыйшоў сюды на знак салідарнасьці са сваімі сябрамі, знаёмымі. Прыйшоў падтрымаць актывістаў незалежнага назіраньня. Я ведаю: для чалавека, які сядзіць за кратамі, вельмі важнай ёсьць вонкавая маральная падтрымка. Калі адчуваеш, што пра цябе не забыліся й змагаюцца за тваё вызваленьне, – трываць няволю лягчэй”.

Судзьдзя Леанід Ясіновіч перанёс на сёньня, 4 жніўня, выступ Міколы Астрэйкі. Яго прывязуць у суд разам з Энірай Браніцкай, Цімафеем Дранчуком і Аляксандрам Шалайкам. Некалькі дзясяткаў чалавек чакалі блізу будынку суду, пакуль арыштаваных павядуць у “аўтазак”. Сустрэлі іх воплескамі.

Сёньня судзьдзя абвесьціць, калі чакаць прысуду – напрыканцы дня альбо 7 жніўня.



На здымку: людзі праводзяць аўтазак, у якім павезьлі актывістаў “Партнэрства” у СІЗА.
XS
SM
MD
LG