Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Гомеля пра Віктара Януковіча


Радыё Свабода “Як вы ставіцеся да таго, што ва Ўкраіне прэм''ер-міністрам стане Віктар Януковіч і як гэта паўплывае на беларуска-ўкраінскія ўзаемадачыненьні”? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля, бліжэйшага да Ўкраіны беларускага абласнога цэнтра.

(Мужчына:) “Я думаю ня зьменіцца нічога. Ва ўкраінцаў ёсьць нацыянальная самасьвядомасьць, свой мэнталітэт. Яны ад свайго не адступяцца, як некаторыя нашыя беларускія палітыкі”.

(Жанчына:) “Мы сябруем з украінцамі. Яны прывозяць нам танейшы тавар – гародніну, садавіну і ўсё іншае. Гэта і нам выгадна. Як будзе далей, ня ведаю”.

(Жанчына:) “Раней яны нам вазілі і макароны, і грэчку - усё танна. А пасьля забаранілі”.

(Мужчына:) “Думаю, што нашы адносіны стануць лепшымі”.

(Мужчына:) “Ніякіх зьменаў у адносінах паміж Беларусьсю і Ўкраінай не адбудзецца. Украіна цягам апошніх дзесяці гадоў займае пэўную пазыцыю. Там ідзе барацьба паміж рознымі палітычнымі сіламі. Расклад гэты не зьмяніўся, мяняюцца толькі ўдзельнікі гэтых палітычных сілаў. Якімі былі дачыненьні пяць гадоў, год таму, такімі яны паміж Беларусьсю і Ўкраінай захаваюцца і ў будучым”.

(Жанчына:) “У лепшы бок пойдуць адносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Напрамак у Януковіча – ня эўраінтэграцыя”.

(Мужчына:) “Януковіч – гэта палітык прарасейскай інтэграцыі. Яны з Лукашэнкам хутчэй дамовяцца. Але ж у эканоміцы дачыненьні Беларусі і Расеі будуць разьвівацца так, як і раней – дзе лепш, а дзе горш. Яны будуць залежаць ад таго, якія Януковіч будзе мець паўнамоцтвы ў вырашэньні зьнешнепалітычных пытаньняў”.

(Жанчына:) “Нічога ня зьменіцца. Мы – народ рахманы, задзірацца ня будзем. Жывём сабе паціху, дый жыць будзем”.

(Жанчына:) “Канешне, зьменіцца ў лепшы бок. Хацелася б нам, каб правоз праз мяжу павялічылі хаця б да 50 кіляграмаў на чалавека, каб наогул мяжы ня было паміж Беларусьсю і Ўкраінай”.
XS
SM
MD
LG