Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Ірану заклікае да ліквідацыі Ізраілю


Радыё Свабода Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэджад, а таксама лідэры 20 ісламскіх краінаў, што ўваходзяць у Арганізацыю ісламскай канфэрэнцыі, запатрабавалі сёньня ад ААН зрабіць неадкладныя захады ў дасягненьні як мага хутчэйшага замірэньня на Блізкім Усходзе.

Іран падтрымлівае Хэзбалу і прэзыдэнт гэтай краіны Махмуд Ахмадзінэджад яшчэ раней, летась восеньню заклікаў сьцерці Ізраіль з мапы сьвету. Сёньня ў Малайзіі, у часе надзвычайнага саміту Арганізацыі ісламскай канфэрэнцыі, Ахмадзінэджад заявіў, што адзіны шлях скончыць канфлікт на Блізкім Усходзе гэта “ліквідацыя Ізраілю”, але прызнаў, што на дадзеным этапе найперш трэба дасягнуць замірэньня.

Іранскі лідэр заклікаў таксама да ізаляцыі Злучаных штатаў, Вялікабрытаніі і іншых краінаў, якія падтрымліваюць Ізраіль.

Іншыя ўдзельнікі саміту Канфэрэнцыі таксама асудзілі ізраільскую апэрацыю ў Лібане і падкрэсьлілі, што яе працяг можа прывесьці да катастрафічных наступстваў.

Прэм’ер-міністар Пакістану Шаўкат Азіз заявіў, што баявыя дзеяньні павінны быць спыненыя, пакуль гвалт не ахапіў увесь рэгіён і пакуль не страчаная вера ў тое, што на Блізкім Усходзе можа запанаваць мір.

(Азіз: ) “Выхад у тым, каб неадкладна дасягнуць замірэньня, потым задумацца над фундамэнтальнымі прычынамі гэтага канфлікту і паспрабаваць вырашыць праблему шляхам абмеркаваньня і дыялёгу. Мы ўсе хочам гэтага і ведаем, што гэты працэс прывядзе да жыцьцяздольнага ўрэгуляваньня”.

У адмысловай заяве Арганізацыі ісламскай канфэрэнцыі асуджаюцца “падвойныя стандарты”, што да ацэнкі ізраільскай апэрацыі, а таксама ўтрымліваецца патрабаваньне каб Ізраіль кампэнсаваў Лібану страты, якія паўсталі ў выніку вайсковых дзеяньняў.

Прэм’ер-міністар Лібану Фуад Сініора, у часе відэазвароту да ўдзельнікаў саміту сказаў, што ў выніку больш чым трохтыднёвага канфлікту загінулі ўжо каля 900 лібанцаў, сярод іх – дзеці.

Між тым паводле вынікаў расьсьледаваньня ізраільскай вайсковай камісіі ў справе бамбаваньня лібанскай вёскі Кана, дзе загінулі 54 чалавекі, адказнасьць за гэтую трагедыю нясуць таксама ваеўнікі групоўкі Хэзбала, якія выкарыстоўваюць цывільных людзей ў якасьці жывых шчытоў.

Сьледчыя высьветлілі, што будынак у Кане быў абстраляны, бо меркавалася, што там хаваюцца тэрарысты, прычым жыхароў вёскі шмат разоў папярэджвалі, каб яны пакінулі свае дамы.

Ізраільскае войска яшчэ раз выказала шкадаваньне з нагоды трагедыі.

Між тым, як падае аўтарытэтная праваабарончая арганізацыія Human Rights Watch, ў Кане загінулі не 54 асобы, як падае Бэйрут, а 28.
XS
SM
MD
LG