Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аднойчы раздаецца званок з патрабаваньнем адрамантаваць тэлефон у пастарунку міліцыі...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за чацьвер, 3 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Спадар) “Я нічый прыхільнік, аб’ектыўны чалавек. Але дазвольце задаць вам пытаньне і тым, каго вы запрашаеце, каб адказаць на пытаньні, што яны разумеюць пад незалежнасьцю. Лукашэнка, тут трэба аддаць яму належнае, пры ўсіх складаных сытуацыях захаваў нашую незалежнасьць, як ад Захаду, які хацеў усё сваё прывезьці сюды, і усю таннасьць скінуць сюды, і згубіць нацыянальную эканоміку, я магу прыклады прывесьці; і ад Усходу, успомніце тыя словы Пуціна: “Увойдзеце аднымі абласьцямі…” Ад усяго гэтага ён адбіўся і вядзе дакладную, ясную палітыку. Наша рэспубліка ні ад кога не залежная, усе замахі адбітыя і ад Захаду, і ад Усходу. Што яшчэ трэба? Не зразумела.

І калі больш нічога ўжо прыдумаць ня могуць, пачынаюць чапляцца: а вось мова…А што мова? Хто на якой хоча, на такой і размаўляе…Якія перашкоды для беларускай мовы? Гэта ж проста нейкія жарты, каб пра гэта гаварыць…Паўсюль прысутнічае нацыянальная мова, і плюс яшчэ расейская…Таму што нельга так…Трэба было б яшчэ і ангельскую ўвесьці, і францускую…Нельга нас аддзяляць ад сусьветнай культуры і мастацтва, ад эканомікі, ад думак нашых братоў па крыві…І таксама ня трэба аддзяляць ад вялікага Шэкспіра Ўільяма…Але беларускую ўсе ведаюць…Калі трэба, гавораць, калі трэба, на ёй пішуць…І няма ніякіх праблем…”

“Па вашым радыё вельмі правільна выступіў з лістом грамадзянін, які расказаў пра парадак у дварах. У Беларусі амаль што кожны другі міліцыянт, кэдэбэшнік, прадстаўнік юстыцыі., судзьдзя, пракуроры рэспубліканскія, абласныя, раённыя і гэтак далей…У нас іх столькі панарабілі, што страшна глядзець. Калі іх выставіць, то зь Менску да Масквы будуць маршыраваць ротай. У той жа час, як правільна пісаў гэты чалавек у сваім лісьце, што такога бардаку, які творыцца ў нашых пад’ездах і дварах гораду Менску, мабыць, нідзе ў сьвеце няма. Гэта Клёндайк, гэта Дзікі Захад! П’янства, распуста, лаянка, бойкі, калі толькі зробіш заўвагу... Там жа сьпяць на ганку, дзе п’юць, тут жа “пад сябе ходзяць.” Вось напрыклад, Платонава, 21, першы пад’езд. Што робіцца на гэтых лаўках?! Зьвяртаемся, просім міліцыю. Прыйшоў учора да мяне нейкі маленькі малодшы лейтэнант, нешта пагаварыў, я падпісаў нешта, і ён пайшоў. “Ну, паглядзім-паглядзім…” – і пайшоў. Што глядзець? – Працаваць трэба!”

(Зіноўеў) “Мне прэсавая канфэрэнцыя Сцяпана Сухарэнкі пра “Партнэрства” 1 сакавіка нагадвае эпізод з аповесьці “Фэрма” Джорджа Оруэла, гэта калі памагаты Напалеона Сквірэл сабраў усіх зьвяроў і сказаў, што толькі што знайшоў дакумэнты, якія сьведчаць пра тайнае супрацоўніцтва праўдалюба Сьняжка з былым уладальнікам фэрмы. Вось само разьвіцьцё інтрыгі, правакацыі і падабенства, праўдападобнасьць абвінавачаньня, баюся, не пакідае выбару і самому судзьдзі Ясімовічу, адсюль і закрытасьць працэсу. А апраўдаць абвінаваўчых, гэта значыць, паказаць чырвоную картку ўсяму ведамству Сухарэнкі. Але хочацца спадзявацца на сумленнасьць судзьдзі. І наконт беларуска-латвійскага скандалу. Я лічу, што ў ведамства Сухарэнкі ёсьць свая мантажная тэлестудыя, (гэта не падслухоўваньне) адкуль і прывезьлі гатовую касэту на вуліцу Макаёнка, а БТ сваім загадам паставілі яе ў этэр. Дзякуй, слухаю беларускую “Свабоду”. Да пабачэньня.”

(Спадар) “Добры дзень. Апошнім часам Радыё Свабода аддае шмат увагі суду над сябрамі “Партнэрства.” І адзін з радыёслухачоў спытаў у Радыё Свабода, хто такія сябры “Партнэрства” і за што іх судзяць. На гэта карэспандэнт Радыё Свабоды з нявінным выглядам адказаў, што гэта маладыя людзі, якія хацелі праводзіць назіраньне за выбарамі. І чамусьці ваш карэспандэнт сьціпла прамаўчаў пра тое, што ў гэтых “нявінных” сяброў “Партнэрства” за месяц да выбараў былі вынікі галасаваньня, дзе быў абвешчаны пераможцам Мілінкевіч, а гэта давала добрую падставу абвінаваціць ўлады ў фальсыфікацыі і вывесьці людзей на вуліцы пад гэтым лёзунгам, каб зрабіць пералік галасоў і аб’явіць пераможцам Мілінкевіча. А да чаго гэта прыводзіла, мы ўжо бачылі і ў Югаславіі, і ва Ўкраіне. Калі вы даяце нейкія адказы слухачам, то трэба быць аб’ектыўнымі і сумленнымі да канца. Дзякуй.”

(Мікола Чыбісаў) “Дзень добры, Радыё Свабода! Я хацеў бы, каб Радыё Свабода правяло сур’ёзную працу. І гэта будзе не толькі ваша праца, а важная інфармацыя для ўсяго сьвету. Я хацеў бы, каб вы даведаліся, колькі людзей незаконна звольнілі з працы ў Беларусі, і каб вы ў іх узялі інтэрвію. Гэта была б вельмі патрэбная праца. Дзякуй за ўвагу.”

(Спадарыня) “Добры вечар, шаноўная “Свабода”! Я хачу вам сказаць, што я ўчора бачыла па беларускім тэлебачаньні. Паказалі Фларыду, куды ўцяклі кубінскія людзі ад Фідэля Кастра. Яны настолькі былі радыя, сьпявалі, танцавалі ад таго, што ён захварэў і трапіў на апэрацыю, радаваліся таму, што ў іх на Кубе будуць перамены.”

(Алег) “Пасьля судоў над людзьмі, якія выступаюць за пэўную частку народу, я назаву іх прадпрымальнікамі, дакладней людзьмі, якія хочуць і могуць працаваць…Толькі адзін прыклад з маёй працы магу прывесьці. Я маленькі прадпрымальнік…Мая дзейнасьць – прыватная майстэрня па рамонту тэлефонаў. Аднойчы раздаецца званок з патрабаваньнем адрамантаваць тэлефон у пастарунку міліцыі. Ад гэта я ветліва адмовіўся. Адтуль крыкі, што ліцэнзію я ў зубах прынясу. Мат і мова “фені”… Як блатныя размаўляюць, так і міліцыя… Нумара я не бачыў, але я ж усёткі я – майстра! І далей мая тэхніка запрацавала: толькі ён кладзе слухаўку, як у яго мой званок раздаецца…І вы можаце ўявіць? Ён заікаўся! Імгненна стаў ветлівым, заікаўся і нават не кідаў слухаўку. Ён ужо баяўся яе кідаць. Для чаго гэта я ўсё кажу? Трэба проста ў палітыцы выкарыстоўваць тую ж тактыку. Падзяліць Беларусь на дзьве часткі, адна з іх – людзі, якія хочуць працаваць…Тады толькі можна размаўляць з вэртыкальлю, якая садзіць людзей і знаходзіцца ва ўладзе. Па-іншаму проста нельга, тады яны так сама будуць размаўляць. Іначай любыя выступы будуць карацца, людзі будуць саджацца”

(Спадар) “Калі магчыма, то хацелася б пачуць камэнтары юрыста наконт сытуацыі ў Берасьці з галадоўкай. Хацелася б ведаць, ці пасуе ў дадзеным выпадку да сытуацыі выраз: “закон зваротнай сілы ня мае”.”

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску) “Патрабаваньне пракурора аб прысуду маладым людзям з моладзевай незарэгістраванай арганізацыі зьдзіўляе кожнага сумленнага чалавека сваёй жорсткасьцю. Вельмі спачуваю іх родным. Колькі смутку бацькам, калі яны ведаюць, што іх дзеці ні ў чым не вінаватыя! А яшчэ больш шкада гэтых бацькоў, бо ім нават не дазволілі прысутнічаць на судзе, і ўвесь час яны павінны былі знаходзіцца на вуліцы пад дажджом. Але што яны будуць рабіць, як асудзяць апошняга апазыцыянэра? Чым тады яны будуць займацца? Многіх ужо пакаралі. Амаль кожны дзень пасьля выбараў некага асудзілі бо аштрафавалі. Вось табе і незалежнасьць. Вось табе і адказ на пытаньне аб незалежнасьці.”

“Учора пачула выступ вашага слухача пра тое, што адбываецца ў нашых дварах, наконт п’янак ды нэцэнзурнай лаянкі. Вось куды трэба зьвярнуць увагу нашай міліцыі. Тое ж адбываецца і ў многіх дварах нашага прыгожа Менску. У нашым двары такая ж з’ява: толькі прачнуліся, дык адразу ў краму і на лаўцы сядзяць у радок алькаголікі. Раней такога не было. У гэтых адносінах, для гэтай катэгорыі грамадзян поўная свабода. Нідзе не працуюць, а гэта маладыя людзі да сарака гадоў. Няўжо да прэзыдэнта не даходзяць зьвесткі пра такую з’яву?! Вось каго трэба прыцягваць да адказнасьці і прымусова адпраўляць на “хімію,” а ня гэтых хлапцоў, якія выказваюць разумныя прапановы, каб палепшыць наша жыцьцё.”

(Анастас Семяновіч) “Добры дзень. Шаноўнае спадарства Радыё Свабоды! Дарагія і любімыя мае Мікола Астрэйка, Цімох Дранчук, Эніра Браніцкая і Алесь Шалайка! Я і мае родныя, сябры, мы з вамі! Ганьба той уладзе, што судзіць вас, бо вы мелі намер весьці незалежнае назіраньне за выбарамі прэзыдэнта. Вы, лукашысты, робіце наступную памылку: працэс зрабілі закрытым, каб народ і сьвет менш ведалі пра “вашую элегантную перамогу.” Пытаньне да вас, лукашысты, да якога часу вы будзеце няславіць беларускі народ? Адказу пакуль ня будзе. Вельмі шаноўныя хлопцы і дзяўчына! Вамі як героямі Беларусі будзе ганарыцца наша моладзь, вашым подзьвігам. Вы ўвойдзеце ў Навейшую гісторыю Беларусі. Да вас просьба: не паддавацца на правакацыі ўлады. Я спадзяюся, што хутка яна скончыцца. Далей трываць яе нельга. Жыве родная Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG