Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сілы, якія супрацьстаялі дэмакратызацыі Ўкраіны, узялі нейкі рэванш..."


Валер Каліноўскі, Менск Беларускія палітыкі сочаць за апошнімі падзеямі ва Ўкраіне, дзе пасаду прэм’ер-міністра мае пераняць асноўны апанэнт дзейнага прэзыдэнта Віктара Юшчанкі – Віктар Януковіч.

Ацэнкі беларускага МЗС падзеяў ва Ўкраіне сьціслыя й стрыманыя. Гаворыць прэсавы сакратар ведамства Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Апошнія ўкраінскія падзеі – гэта выбар украінскага народу. Беларусь будзе паважаць і лічыцца з гэтым выбарам”.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка наведваў Кіеў у часе бурных падзеяў Аранжавай рэвалюцыі ў лістападзе–сьнежні 2004 году. Ён мяркуе, што Віктару Юшчанку нядобрую службу саслужылі ягонае няўменьне мацаваць палітычную еднасьць і празьмерны ўплыў алігархаў на вырашэньне палітычных праблем. Галоўны ўрок з украінскіх падзеяў для дэмакратаў Беларусі – навука захоўваць адзінства дэмакратычных сіл – перакананы спадар Вячорка.

(Вячорка: ) “Не хацелася б надта ўжо драматызаваць украінскую сытуацыю. Хаця гэта велізарны ўдар па ідэалах Майдану, пасьля якога, думаю, доўга будуць адыходзіць тыя сілы, што Майдан трымалі. І дапускаю, што тут не абышлося бяз вонкавых уплываў”.

Спадар Вячорка выказаў спадзеў, што ўдасца абавязаць Януковіча не рабіць замахаў на незалежнасьць Украіны.

(Вячорка: ) “Калі Януковіч паставіць свой подпіс пад гарантыямі дзяржаўнасьці ўкраінскай мовы й геапалітычнай скіраванасьці Ўкраіны ў НАТО й Эўразьвяз, то гэта, безумоўна, добра. Нават фармальнае падпісаньне дакумэнтаў да нечага абавязвае”.

Іншы апазыцыйны палітык, Аляксандар Дабравольскі, бачыць у разьвіцьці ўкраінскай сытуацыі і патэнцыйную небясьпеку дэмакратычнаму разьвіцьцю, і выйсьце з вострага крызысу, што пагражаў дзяржаве:

( Дабравольскі: ) “Але я магу сказаць: мару, каб прэзыдэнцкая партыя пасьля выбараў заняла трэцяе месца. Гэта значыла б, што ў краіне ёсьць дэмакратыя й выбірае народ. Якраз так здарылася на Ўкраіне, і гэта значна лепш, чым манаполія на ўладу”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі самым важным лічыць той факт, што палітычны крызыс ува Ўкраіне завяршыўся:

(Красуцкі: ) “Я мяркую, што Юшчанка выявіў дастаткова пісьменны падыход… Цяпер ёсьць пэрспэктывы, што ў пэўнай ступені вастрыня адносін між Расеяй і Украінай будзе паступова зьнята”.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль перакананы: сёньняшнія кіеўскія падзеі сьведчаць пра тое, што Віктар Юшчанка ня выканаў сваёй місіі й адступіў ад ідэалаў, зь якімі перамог на выбарах 2004 году.

(Кароль: ) “Гэта сьведчыць, што палітычныя сілы, якія супрацьстаялі дэмакратызацыі Ўкраіны, узялі нейкі рэванш. Разам з тым, я думаю, што працэсы дэмакратычнага разьвіцьця Ўкраіны на гэтым этапе ня будуць спынены й павернуты назад. Гэта звычайныя цяжкасьці, якія заўсёды перажывае краіна ў пострэвалюцыйны пэрыяд, рухаючыся, тым ня менш, наперад”.
XS
SM
MD
LG