Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы сакратар амбасады Беларусі ў Латвіі аб’яўлены пэрсонай нон грата


Ганна Соўсь, Менск. Дзьмітрыю Краюшкіну належыць цягам 24 гадзінаў пакінуць тэрыторыю Латвіі, як вынікае з паведамленьняў прэсавай службы латвійскага МЗС, у сувязі з тым, што ён учыніў дзеяньні, не сумяшчальныя са статусам дыплямата. І таму замежнапалітычнае ведамства Латвіі ў адпаведнасьці з Венскай канвэнцыяй 1961 году аб дыпляматычных стасунках аб’явіла дыплямата пэрсонай нон грата. Адпаведная нота была ўручаная 2 жніўня Часоваму Паверанаму ў справах Рэспублікі Беларусь Валерыю Доўганю, якога выклікалі ў міністэрства замежных справаў.

Гэты крок стаў працягам дыпляматычнага скандалу між Беларусьсю й Латвіяй, зьвязаны зь ператрусам у кватэры другога сакратара амбасады Латвіі ў Менску, якога беларускія ўлады абвінавацілі ў распаўсюдзе порнапрадукцыі.

2 жніўня міністар замежных спраў Латвіі Артыс Пабрыкс заявіў, што лічыць немагчымай заплянаваную на 9 жніўня сустрэчу з новым беларускім амбасадарам у Рызе Аляксандрам Герасіменкам, пакуль беларускі бок ня дасьць афіцыйных тлумачэньняў наконт інцыдэнту.

У прэсавай службе МЗС Латвіі сёньня Радыё Свабода паведамілі, што тлумачэньні ад беларускіх уладаў дагэтуль не атрыманыя.

Адрозна ад беларускага дыплямата, другі сакратар амбасады Латвіі Рэйма Шмітс сам ад’ехаў з Менску ў Рыгу і цяпер знаходзіцца ў адпачынку.
XS
SM
MD
LG