Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загінуў магілёўскі прадпрымальнік, юрыст Юры Падольскі


Ігар Карней, Менск У Магілёве пахавалі вядомага ў горадзе бізнэсоўца і юрыста, былога кіраўніка Магілёўскага саюзу прадпрымальнікаў Юрыя Падольскага, які загінуў у аўтакатастрофе па дарозе з Масквы. Апошнім часам Падольскі актыўна спрабаваў сябе ў шоў-бізнэсе.

Сам у мінулым прафэсійны музыка Падольскі быў прадусарам сваёй дачкі Натальлі, якая летась прадстаўляла Расею на “Эўрабачаньні”, а дагэтуль стала адной зь пераможцаў тэлепраграмы “Фабрика звёзд”. У 2004-м Падольскі публічна абвінаваціў Беларускае тэлебачаньне і інтэрнэт-правайдэра “Белтэлекам” у фальшаваньні падліку галасоў да “Эўрабачаньня-2004” у Стамбуле. Тады Натальля фінішавала другой, што толькі паскорыла яе ад’езд зь Беларусі.

У Магілёве Юрыя Падольскага ведалі як унівэрсальнага чалавека: бізнэсовец, адвакат, музыка, прадусар... Як узгадвае кіраўнік Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа, прапановы Падольскага былі эканамічна пралічаныя, а аратарскія здольнасьці прызнавалі нават апанэнты.

(Патупа: ) “Ён заўсёды быў актыўным дзеячам прадпрымальніцкага руху, працяглы час зьяўляўся сябрам нашай Рады. Заўсёды быў вельмі актыўным чалавекам у сэнсе абароны інтарэсаў прадпрымальніцтва, вылучаўся высокай актыўнасьцю, умеў вельмі пераканаўча выступаць. Апрача таго, прафэсійны юрыст, адвакат”.

Сам Падольскі апошнім часам у эпіцэнтар увагі патрапіў, дзякуючы дачцэ. У 2004 годзе нікому не вядомая Натальля Падольская прэтэндавала на тое, каб стаць першай прадстаўніцай Беларусі на конкурсе “Эўрабачаньне”. Аднак вынікі глядацкага галасаваньня абурылі і сьпявачку, і самога Падольскага, які заявіў, што мае ўсе сьведчаньні фальшаваньня падліку галасоў.

(Падольскі: ) “Беларусь упершыню паспрабавала ўлезьці на “Эўрабачаньне” – па-чынавенску. Чыноўнікі ўзялі і вырашылі, хто паедзе. А потым для людзей устроілі звычайнае шоў, хоць само рашэньне ўжо прынялі раней. Нас жа зрабілі клёўнамі. Мы тэлефанавалі, перажывалі, а за нас ужо ўсё вырашылі, нам толькі спэктакль разыгралі. Добра, разыгралі – праваліліся цалкам”.

Свае высновы Юрый Падольскі агучваў адназначна. Калі Беларусь чарговым разам “праляцела” на “Эўрабачаньні”, назваў вінаватых.

(Падольскі: ) “Дзе Міністэрства культуры, дзе Акадэмія музыкі, дзе Ўнівэрсытэт культуры, дзе БТ, ці як яго яшчэ называюць “бідэ”? Куды яны ўсе падзеліся?.. Калі ня зьменіцца сам асяродак, чагосьці чакаць не выпадае. Бо ўсе гэтыя раінчыкі, фінбэргі – усё гэта, па вялікім рахунку, цымбалы, бубен, саламяны капялюш і лапці. І больш яны нічым займацца не жадаюць”.

Юрый Падольскі амаль два дзясяткі гадоў правёў на сцэне, акампануючы народным калектывам. Першыя ўрокі беларускіх сьпеваў у яго атрымала і Натальля (праўда, дзеля таго, каб стаць папулярнай, урэшце давялося зьехаць з краіны). У адным з апошніх інтэрвію для Радыё Свабода Юрый Падольскі сказаў, што сучасная Беларусь засталася на ўзроўні менавіта таго, “лубачнага”, антуражу. І дачка абрала расейскую эстраду не таму, што грэбавала беларушчынай, а таму, што чамусьці мусіла выконваць устаноўкі далёкіх ад усясьветнай музычнай кан''юнктуры дзяржаўных чыноўнікаў.

(Падольскі: ) “Гэта нармалёвыя, звычайныя спаборніцтвы – чый сьпявак лепшы. Бо лепшы сьпявак паказвае лепшы ўзровень разьвіцьця шоў-бізнэсу ў краіне, лепшы ўзровень клімату для шоў-бізнэсу ці, калі хочаце, для разьвіцьця “хай-фаеўскіх” тэхналёгій. Іншымі словамі, дэманструе ўзровень разьвіцьця краіны ў пэўнай сфэры”.

Паводле трагічнага зьбегу абставінаў, Юрый Падольскі вяртаўся з Масквы, дзе наведваў дачку. Месяц таму Натальля трапіла ў аварыю, атрымаўшы сатрасеньне мазгоў. Самому Падольскаму не пашанцавала – на расейскай тэрыторыі шашы Масква-Менск яго машына пратараніла сустрэчны легкавік, у выніку чаго абодва кіроўцы загінулі. Учора Юрый Падольскі быў пахаваны ў Магілеве.
XS
SM
MD
LG