Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыёчастоты бярэ пад кантроль Савет бясьпекі


Радыё Свабода Пры Савеце бясьпекі створана дзяржаўная камісія па радыёчастотах пад кіраўніцтвам намесьніка дзяржсакратара Савета бясьпекі Юрыя Крывашэева. Спэцыяльны ўказ падпісаў кіраўнік Беларусі 31 ліпеня.

Наваствораная камісія заменіць аналягічную, якая функцыянавала пры Міністэрстве сувязі й інфарматызацыі яшчэ з 1994 году.

Прэсавая служба прэзыдэнта цьвердзіць, што стварэньне камісіі пры Савеце бясьпекі дазволіць “аптымізаваць сыстэму дзяржаўнага рэгуляваньня ў галіне разьмеркаваньня радыёчастотнага спэктру і карыстаньня ім”. Зьмяненьне статусу, маўляў, выключыць вузкаведамасны падыход. Пры гэтым будуць аб’ектыўна ўлічвацца інтарэсы грамадзянаў, прыватных і дзяржаўных арганізацыяў. Чаму ж камісія пераведзена ў Савет бясьпекі і ці былі нейкія прэтэнзіі да яе дзейнасьці ў складзе міністэрства сувязі? Кіраўнік прэс-цэнтра Савету бясьпекі Ўладзімер Несьцяровіч сказаў:

(Несьцяровіч: ) “Уся інфармацыя на гэты конт была надрукавана ў нашых выданьнях і інтэрнэт-вэрсіі са спасылкай на прэсавую службу кіраўніка дзяржавы. Гэта ягонае рашэньне і там усё патлумачана. Пакуль што нічога дадатковага я вам не паведамлю”.

Прадстаўнік міністэрства сувязі заявіў, што ня бачыць у гэтым нічога асаблівага: маўляў, калі палічылі так, то няма пытаньняў, толькі б справа рухалася. Але ў прэзыдэнцкім указе гаворыцца, што наваствораная камісія пры можа зьмяняць і спыняць дзеяньне раней прынятых рашэньняў. У міністэрстве сувязі мяркуюць, што ўжо заключаныя дамовы будуць дзейнічаць.

Паводле начальніка тэхнічнай управы кампаніі “Velcom” Міхаіла Дамарода, і дагэтуль камісія ня мела ў сваім распараджэньні асаблівых рэсурсаў, бо яны з большага занятыя сілавымі структурамі.

(Дамарод: ) “Прычым занятыя камэрцыйныя дыяпазоны, якія міжнароднымі інстытутамі сувязі выдзелены пад сеткі другога і трэцяга пакаленьняў. Спадзяюся, будуць станоўчыя зьмены ў пляне лібэралізацыі нашых паслугаў і далейшай канвэрсіі частотнага спэктру для яго карыстаньня ў мірных мэтах. Я спадзяюся, што камісія ў новым складзе працягне працу, якая вялася і завершыць пытаньне, пастаўленае міністэрствам сувязі па расшырэньні працы ў пляне канвэрсіі частотнага спэктру”.

У вялікай ступені гэты ўказ прэзыдэнта тычыцца сродкаў масавай інфармацыі. Дагэтуль, напрыклад, ня ўсе радыё- й тэлекампаніі мелі магчымасьць атрымаць ліцэнзіі для вяшчаньня. Паводле тэлежурналіста Леаніда Міндліна, перавод камісіі ў Савет бясьпекі, сярод іншага, мае ідэалягічныя мэты:

(Міндлін: ) “Па-першае, магчыма, тут праблемы нацыянальнай бясьпекі, як іх разумеюць улады. З імі зьвязаныя таксама нейкія ідэалягічныя прычыны. Калі гэта ўсё пад эгідай Саўбезу будзе, то гэта, як кажуць, кантроль татальны над тэлекамунікацыямі, якія праходзяць праз краіну, над частотным рэсурсам. Кантроль татальны ён і цяпер існуе. Прайсьці гэтыя заслоны для атрыманьня ліцэнзіі – гэта такі вельмі цяжкі працэс. Столькі дакумэнтаў, столькі рагатак зрабілі на гэтым шляху!.. Таму ідэалягічны момант адзін з асноўных у гэтым”.
XS
SM
MD
LG