Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хутка беларусы пераадолеюць палітычную апатыю?


Радыё Свабода Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўным друку

Артыкул палітоляга Віталя Сіліцкага друкуе сёньня “Наша ніва”. Ён піша, што “чым больш часу мінае пасьля памятных сакавіцкіх падзеяў, тым менш застаецца адзнакаў уздыму і аптымізму, які выклікала Плошча Каліноўскага”. Адначасова аўтар шукае адказ на пытаньне, чаму Беларусь вяртаецца ў стан, зь якога яе ненадоўга вывелі выбары.

Як піша “Наша ніва”, у пагоні за патрэбнымі паказьнікамі жніва ў асобных гаспадарках Гомельшчыны на загад з раёнаў зерне зьбіраюць пры вільготнасьці 30 працэнтаў. Журналісты спрабавалі даведацца першыя вынікі. Але на блянках для статыстычных зьвестак стаіць штамп: “Канфідэнцыяльна”. Гэтую сакрэтнасьць газэта кваліфікуе магчымасьцю для прыпісак.

Журналісты “Комсомольской правды в Белоруссии” сустрэліся з дачкою нябожчыка пісьменьніка Янкі Брыля. Словы Натальлі Семашкевіч вынесены ў загаловак: “Нам было сорамна, што мы не пасьпявалі прачытаць столькі, колькі бацька”. Дапаўняюць інтэрвію шматлікія здымкі. Публікуюцца таксама некаторыя тэксты з апошняй кнігі Янкі Брыля “Парастак”.

Цяперашні тыдзень – першы, як на Аўгустоўскім канале зьнятая памежная зона. Як паведамляе “Вечерний Гродно”, рашэньне прыняла абласная ўлада. Такім чынам, бяз пашпарту і дазволу можна наведаць пасёлак Сапоцкін, хутар Дамброўка і яшчэ некалькі населеных пунктаў. У чацьвер, піша выданьне, будзе завершаны дэмантаж забаронных знакаў і надпісаў.

Слуцкая газэта “Инфо-курьер” друкуе статыстыку прысудаў паводле крымінальных спраў ад пачатку году. Як паведамляе журналіст Алесь Дастанка, асуджаныя цяпер найчасьцей накіроўваюцца ня ў турмы, а на так званую хімію:

(Дастанка: ) “Паводле 288 крымінальных справаў былі асуджаныя 353 чалавекі. І ў асноўным яны накіраваныя на папраўчую працу. Колькасьць такіх прысудаў перавышае над пазбаўленьнем волі. У мінулыя гады такога не было. Але такая тэндэнцыя набірае абароты”.

Алесь Дастанка адзначыў таксама, што слуцкія “хімікі” працуюць у іншых раёнах на фэрмах і будоўлях, у лясных ды камунальных гаспадарках.
XS
SM
MD
LG