Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 2 жніўня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул “БРСМ стаў адным з апірышчаў разьвіцьця беларускага грамадзтва”. У артыкуле гаворыцца пра тое, што цяпер у БРСМ болей за 370 тысячаў сябраў, што прывабным для моладзі саюз можа стаць дзякуючы ўвядзеньню “моды на сяброўства” ў ім. Вось некаторыя камэнтары наведнікаў парталу TUT.by да гэтага матэрыялу: “Ды годзе вам. Трэба ствараць уяўнасьць справы, вось і стварылі”. “…мода на сяброўства… проста ангельскі закрыты клюб”. “Прачытаў навіну – і як быццам у камсамольскую маладосьць унурыўся. Мова артыкула, лёзунгі, запаветы старэйшых таварышаў і ўсё астатняе. Толькі вось замест ВЛКСМ паўсюль БРСМ нейкае напісана…” “Я не хачу, як раней на памяць вучылі выступы на з’ездах партыі, цяпер вучыць тэксты Ўсебеларускага сходу!!!”

Карыстальнік shupa у сваім інтэрнэт-дзёньніку разважае пра стан сучаснай беларускай мовы: “Галоўная праблема ў тым, што якраз цяпер беларуская мова перажывае чарговую “міжнармалізацыйную” фазу, якая пачалася гадоў 15-20 таму. Афіцыйны правапіс меў і надалей мае свае сыстэмныя хібы і супярэчнасьці… ў нас яшчэ і таму, што сфэра ўжываньня мовы ад 30-х гадоў была значна звужаная і таму вострай патрэбы ў ліквідацыі гэтых хібаў у беларускім грамадзтве не адчувалася... Ад канца 80-х усё яшчэ больш ускладнілася “ўварваньнем” яшчэ менш упарадкаванай тарашкевіцы… Гэтак і будзе аж пакуль ня зьявяцца спрыяльныя экстралінгвістычныя фактары, галоўны зь якіх - рэальнае павышэньне статусу беларускай мовы, пашырэньне сфэры ўжываньня, калі навядзеньне парадку, нармалізацыя стануць жыцьцёвай неабходнасьцю. Можа, тады абодва “варожыя” бакі зразумеюць, што істотнай розьніцы паміж наркамаўкай і тарашкевіцай няма, і пагодзяцца на нейкім сынтэтычным узаемапрымальным аб''яднаўчым варыянце”.

Branislavauna ва ўласным інтэрнэт-дзёньніку сёньня зьмяшчае такую нататку: “Сёньня ранкам іду на прыпынак. Ужо а восьмай з капейкамі за паліклінікай стаіць кампанія "маладых людзей" каля 30-ці – ранішні апэрытыў саабражаюць. Кажуць мне: "Дзевушка, дзевушка! У нас вот он жэніцца хочэт. Дзевушка, сматрыце, какой парэнь. Жэніцца хочэт". Гэта быў пачатак, а зараз вы ўбачыце, што шабаноўскія гопнікі таксама ўмеюць адпальваць: "... толька яму дзеняг не хватает на свадзьбу. Дапамажыце нам, дзевушка. Дзевушка!”

На форуме афіцыйнага сайту Менгарвыканкаму нехта пад нікам Пешаход абураецца: “Чаму ў трамваях не абвяшчаюць пра зьмены маршрутаў?.. Чаму рамонт рэек вырашылі зладзіць у жніўні, калі пачынаюць рыхтаваць дзяцей да школы і на лецішчах сьпее ўраджай? Канечне сталаму чалавеку зручна з кошыкам гародніны з прыпынку аўтобуса “Шчадрына” дабрацца да трамвая №3, каб потым даведацца, што ў Серабранку ён ня трапіць! Чаму гарадзкія ўлады ня думаюць пра жыхароў гораду? Пэўна таму, што самі не спрабавалі даехаць па “зручных маршрутах” грамадзкага транспарту з пункту А ў пункт Б.

А на сайце ”Беларуская жаба” зьмешчаны фотаздымак дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана, шчодра абвешанага ордэнамі й мэдалямі. “Дагонім і перагонім Леаніда Ільіча!” – такі подпіс пад здымкам.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG