Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хромавыя боты


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

На пачатку шасьцідзясятых кожны трэці мінак-мужчына шыбаваў па гарадзкой вуліцы ў хромавых ботах. Храмачы былі ня проста абуткам. Гэта быў стыль, неад’емны атрыбут рафінаваных савецкіх людзей – адданых справе партыі і гатовых у любую хвіліну выкрыць і абясшкодзіць ворага.

З маленства запомніўся верш пра храмачы, які чыталі на піянэрскім зборы.

Загорелые, смуглые лица, Голенища сверкают как жесть. В них упругая стойкость границы И холодное мужество есть. На тропинке, от слякоти ржавой, Не они ль проверяли посты? И шпион агрессивной державы Убирался обратно в кусты.

У 1955 – 58 гадах з узброеных сілаў скарацілі 1 мільён 200 тысячаў чалавек. Ужо ў цывільным жыцьці скарачэнцы прыкметна вылучаліся з натоўпу. Яны, па старой вайсковай звычцы, палілі “Казьбек”, на пінжаку ў іх былі ордэнскія калодкі, а на нагах хромавыя боты. Прычым за правую халяву часьцяком была запіхнутая газэта “Правда”. Ужо дарэшты зацяганыя, боты па-ранейшаму азываліся кадравым афіцэрскім рыпам і халявы блішчэлі са статутнай зухаватасьцю. Скарачэнцы – іх яшчэ называлі інвалідамі халоднай вайны – працавалі начальнікамі аддзелаў кадраў, інструктарамі ДТСААФ, старшынямі розных камітэтаў і сваім абуткам дыстанцаваліся ад звычайных савецкіх рабацяг, якія хадзілі ў завэзганых кірзачах.

Праўда, у адрозьненьне ад вайсковай завядзёнкі спавіваць нагу белай анучай, напачатку шасьцідзясятых адстаўнікі ужо насілі шкарпэткі. Балазе, іх сталі выпускаць з гумкаю. Для тых ня ведае, паведамлю, што дагэтуль шкарпэткі трымаліся на падцяжках, якія надзявалі на галёнку. І калі насунуць бот, падцяжка намульвала нагу. Так што анучы згаданым часам накручвалі толькі тыя, у каго была тонкая костка – каб халява не матлялася на назе.

Боты трэба было пэрманэнтна шараваць. Шаравалі звычайна старым нагуталіненым шалікам. А пашараваўшы, ссоўвалі халявы гармонікам, ды так, што храмачы рабіліся падобнымі да зімовых чаравікаў.

У сярэдзіне шасьцідзясятых адстаўніцкія храмачы пачалі развальвацца, і ў шавецкіх майстэрнях раз-пораз гучала пытаньне: “Колькі будзе каштаваць пашыўка ботаў са сваімі халявамі?” Аднак на той час ужо зьвяліся фаховыя шаўцы і адстаўнікам давялося, скрывіўшы вусны, насунуць на пяткі цывільныя лідзкія туфлі.

Ну а ў народны фальклёр ад той пары ўплішчыўся крылаты выраз: “На халяву”. Гэта значыць, узьбіцца на дармаўшчыну альбо наагул уехаць у рай на чужым карку. Прататыпамі халяўшчыкаў, відавочна, былі адстаўнікі -- уладальнікі хромавых ботаў.
XS
SM
MD
LG