Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Можна толькі павіншаваць БТ з тым, што ён канчаткова стаў каналам порна..."


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за сераду, 2 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Васіль Цюхай зь Беразіна) “Добры дзень! У сувязі са скандалам вакол латвійскай амбасады, я прыгадваю кангрэс дэмакратычных сілаў у Менску, на якім двое маладых людзей (мяркуецца, што яны былі агентамі КДБ) выконвалі ролю “блакітных.” Я тады яшчэ падумаў, як жа кепска быць маладым агентам КДБ. Старэйшыя альбо больш нахабныя таварышы могуць прымусіць вас зрабіцца на вачах у грамадзтва “педэрастам,” калі на тое пайшло, і ў этэры прагучала гэтае слова. Лепей быць сябрам апазыцыі: і сяброўства сапраўднае, і сумленьне чыстае, на той выпадак, калі Бог усё ж такі ёсьць. Няўжо супрацоўнікі спэцслужбаў не разумеюць, што аддаюць Лукашэнку не вайсковы, а свой мужчынскі гонар. Затое гонар чэкісцкага мундзіра падтрыманы, а тое, што пад ім, ня важна.”

“Лукашэнка, напэўна ж, слухае “Свабоду,” і ён чуў, як жанчына абвясьціла галадоўку ўжо амаль як месяц, а ў апошнія дні нават адмовілася піць ваду. І ў Лукашэнкі сэрца крывёю абліваецца, гледзячы на пакуты народа, бо ён цьвёрды, але справядлівы кіраўнік. Закон жа для ўсіх аднолькавы, толькі вельмі падобна, што Лукашэнка ставіць самога сябе ў адзін шэраг з божымі прарокамі, калі не з самім Богам. Таму што, калі прарок прыносіў Божы закон, ён меў зваротную сілу. Іншая справа, што Божы закон добры, дабрыню ўсе людзі адчуваюць душой, а Лукашэнкавы закон выродлівы: які творца, такі і твор.”

(Анастас Семяновіч) “Шаноўнае спадарства, Радыё Свабоды! Добры дзень! На пытаньне, ці патрэбныя незалежныя назіральнікі за выбарамі, адказ кароткі: вельмі патрэбныя. Са свайго досьведу магу сказаць, што, калі камісіі былі незалежныя ад лукашыстаў, то тады яны былі дзеля прыліку. На нашым ўчастку ёсьць два кандыдаты ў Вярхоўны Савет. Ад БНФ Беленькі, і ад камуністаў жанчына-гістэрычка, якую я прапанаваў міліцыі выдаліць. Яе паводзіны асудзілі нават назіральнікі ад камуністаў. Як толькі будзе зьменены выбарчы закон, гэта значыць, датэрміновае галасаваньне і склад камісіі ад участковай да цэнтральнай: павінна быць, як мінімум, 50% ад дэмакратаў і 50% ад улады, усялякія назіральнікі самі сабою адпадуць. Пасьля гэтага хай лукашысты хваляцца сваімі дасягненьнямі. Дзякуй за ўвагу.”

(Козік Вадзім зь вёскі Навасёлкі Петрыкаўскага р-ну Гомельскай вобл.) “Паважаныя слухачы, Радыё Свабода! Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт пытаньня пра незалежнасьць. Перш за ўсё, незалежнасьць краіны – гэта свае грошы, а потым армія і воля народа. А калі кучка палітыкаў рашае за народ, а прэзыдэнт перапісвае канстытуцыю пад сябе, тады гэта рабаўладальніцкі лад, а не незалежнасьць. Дзякуй за ўвагу.”

(Спадарыня з Магілёву) “Сёньня чула, як Вячаслаў Мятліцкі казаў пра вузкае рашэньне пытаньня пра падаткі, якія таксісты - прыватнікі не ў стане заплаціць. Вы што, паважаны?! На працягу месяца ядзіце з апэтытам тры разы ў дзень, спакойна сьпіце, у той час, як 15 чалавек ужо месяц галадаюць Люба Рэзановіч, маці дваіх дзяцей, калі не будзе піць, галадаючы месяц, дні яе ўжо літаральна скончыліся. Ня вузкае, а шырокае, тэрміновае, калі ў вас ня камень, а сэрца, прыняць рашэньне, прыняць патрабаваньні галадоўнікаў. Неадкладна ратуйце Любу, каб дзеці не засталіся сіротамі бяз маці. У адваротным выпадку, я вам проста не зайздрошчу. У вашым горадзе, магчыма, пачнуцца беспарадкі.”

(Мікола Канаковіч з Пружанаў) “Я адказваю на вашае пытаньне, якое вы задалі на гэтым тыдні: што для кожнага з нас незалежнасьць краіны. На вялікі жаль, тая дэклярацыя аб незалежнасьці была толькі на паперы, ды і тую даўно выкінулі адпаведныя асобы ў прыбіральню. Як была наша краіна расейскай калёніяй, так і засталася па сёньняшні дзень. Бо краіна незалежная, калі яна мае па пэрымэтру ахоўную мяжу, калі дзяржаўнай мовай з’яўляецца спрадвечная мова тытульнай нацыі, калі краіна праводзіць незалежную зьнешнюю і ўнутраную палітыку, калі канстытуцыя служыць усяму народу, а не аднаму чалавеку, калі народ карыстаецца нацыянальнай гістарычнай сымболікай, а не прыдуманай калянізатарамі, Сталінскай. І па сёньняшні дзень мы ёсьць рабы Расейскай Імпэрыі. Нічога не зьмянілася за апошнія дзьвесьце гадоў. Незалежнасьць пакуль толькі у марах, яна нам толькі сьніцца. Дзякуй.”

(Радзімоўскі Юрый, сябра Маладога Фронту з Бабруйску) “Справа ў тым, што мне вельмі шкада, што Аляксандр Уладзіслававіч Казулін сядзіць. Вельмі шкада. Насамрэч, гэта вельмі адукаваны чалавек, прафэсар, акадэмік Акадэміі навук. Чалавек з добрым інтэлектуальным патэнцыялам. Ён павінен прыносіць карысьць Радзіме і працаваць на яе. А тут атрымліваецца, што да Аляксандра Лукашэнкі прыяжджаюць розныя Уга Чавэсы, усялякія дыктатары, толькі не хапае, каб ён зьлётаў у Кубу. Напрыклад, каб хворы Фідэль Кастра прыляцеў да Рыгоравіча прывітацца, паабдымацца, пацалавацца…Вельмі шкада…Але я трымаюся наступнага пункту погляду. Перад выбарамі Казулін прапанаваў, каб Мілінкевіч і ён разам зьнялі свае кандыдатуры. Гэта было б вельмі карысна. Я працягваю. Цяпер, гледзячы на падзеі, што адбываюцца на Ўкраіне, можна сказаць, што гэта было б вельмі карысна. Ёсьць частка людзей, якія мне кажуць: “Вось прыйшоў бы твой Аляксандр Мілінкевіч да ўлады. Так, адукаваны, з добрым патэнцыялам, Але яго кааліцыя…” Не было б такога, што адбываецца на Ўкраіне. Я быў на Ўкраіне, быў на Майдане…Але мне сорамна за тыя спрэчкі, тое разнагалосьсе…Канечне, непажадана тое, што адбываецца…Вельмі дрэнны прыклад дэманструюць украінскія дэмсілы беларускім выбарнікам. Не будзем казаць пра Грузію…З Асеціяй і Абхазіяй там вельмі складана, але я не буду лезьці ў тыя падзеі, але тое, што адбываецца там і на Ўкрайне…”

(Спадарыня) “Прапаную на ваш сайт анімалістычныя прыпеўкі: “Злы Ваўчына заганяе ўсіх зьвяроў у дабрабыт, ды Казуля розум мае – паспытай яе капыт!”

“Адбылося тое ўвесну, моцна Воўчы імідж трэснуў, як Казуля і Баран разам зьдзейсьнілі таран”.

“У нашай пушчы, царства сонна, песьням выйшла забарона. Толькі тым дазвол даюць, хто пра ўладара пяюць”.

“Памагатыя “Сабра” палявалі на “Зубра”. “Зубр” уцёк, яго няма, толькі бегалі дарма”.

“Яксьці рана на двары крысу дзед тапіў у вядры. Крыса зьнішчыла радыс. Ну і дзед, і тэрарыст!”

“Бабка “БелКу” шкадавала, тую, коштам у мільён, хай бы ж нам дапамагала з космасу лічыць варон”.

“Мы рабілі ператрус у вашым халадзільніку, прачынайся, Беларусь, новага прыхільнікам.”

(Спадар) “Паважаная “Свабода”! Дазвольце падзяліцца сваімі думкамі з вамі. Мяркуючы па брыдкім судовым працэсу над сябрамі арганізацыі “Партнэрства,” улада панічна баіцца незалежных назіральнікаў на выбарах усіх рангаў. А баіцца таго, што выплывуць масавыя фальсыфікацыі вынікаў. Менавіта таму маладыя людзі за кратамі – каб іншым не было панадна.

Наконт сюжэту БТ пра адпаведную арыентацыю латвійскага дыплямата. Можна толькі павіншаваць канал з тым, што канчаткова стаў каналам порна. Калі на працягу 12 год канал дэманстраваў парнаграфію духа кіраўніцтва краіны і кіраўніцтва самога каналу, то дэманстрацыя нетрадыцыйнага сэксу канчаткова прыдала каналу статус абсалютнага порна. Умяшаньне ў прыватнае жыцьцё чалавека, падглядваньне за ім у замочную шчыліну сьведчаньне беспрэцэдэнтнага цынізму і амаральнасьці аўтараў сюжэту на БТ. Дзякуй.
XS
SM
MD
LG