Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь запрасілі збанкрутаванага польскага фэрмэра


Валер Каліноўскі, Менск Польская “Gazeta Wyborcza” сёньня піша пра збанкрутаванага фэрмэра з-пад гораду Тарнова Ўладзімера Кнуроўскага, якога беларуская амбасада ў Варшаве, нібыта, запрасіла прыехаць у Беларусь – распавесьці, як яго перасьледуюць у сваёй краіне. Спадар Кнуроўскі зь сям’ёй ужо выехаў у Менск, ня маючы квітка на павяртаньне.

У інтэрвію “Газэце выборчай” польскі фэрмэр Уладзімер Кнуроўскі паведаміў, што ён не выключае таго, што можа нават папрасіць палітычнага прытулку ў Беларусі, калі яму там спадабаецца. Акрамя таго, спадар Кнуроўскі разьлічвае на сустрэчу з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, які, паводле ягонага меркаваньня, асабіста зацікавіўся гэтай гісторыяй. Прынамсі, фэрмэру абяцалі арганізаваць такую сустрэчу.

Да таго ж, спадару Кнуроўскаму дэкляравалі сустрэчы зь беларускімі сялянамі й праўладным кіраўніцтвам Саюзу Палякаў Беларусі, якое мае намер аспрэчыць інфармацыю польскіх СМІ пра перасьлед польскай меншасьці ў Беларусі. Сам спадар Кнуроўскі зьбіраецца распавесьці ў Беларусі, як перасьледуюць яго ўлады Польшчы, у прыватнасьці, пра тое, што летась судовы выканаўца за нявыплату падаткаў забраў у яго 14 коней і 63 сьвіньні, што дзяржава не дапамагае выбрацца з пазык.

Спадар Кнуроўскі добра вядомы ў Польшчы сваімі пратэстамі: у 1999 годзе ён прывязаў сябе й дзяцей да плуга перад канцылярыяй прэм’ера, у 2001 годзе – прыкаваў сябе да трамвайных рэек у Варшаве. Такім чынам фэрмэр дамагаецца ад дзяржавы кампэнсацыі за пашкоджаныя паводкамі палі. З 1998 году ён не аплачвае рахункаў за электрычнасьць і арэнднай платы за 90 гектараў зямлі. Цягам гэтага часу ягоная гаспадарка мела з польскіх дзяржаўных фондаў і са сродкаў Эўразьвязу збожжа, угнаеньні, паліва. Дадаткова да гэтага Кнуроўскі атрымаў падатковыя льготы ад мясцовых уладаў, 36 тысяч злотых банкаўскага крэдыту, – падае “Газэта выборча”.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў нічога ня ведае пра сам факт і пра мэты прыезду ў Беларусь польскага фэрмэра.

(Папоў: ) “Ня ведаю… А чаму палякі ня маюць права прыяжджаць у Беларусь?”
XS
SM
MD
LG