Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Сагановіч: “Значэньне Клецкай бітвы 1506 году — велізарнае”


Міхась Скобла, Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 23 ліпеня).

Сёлета 5 жніўня спаўняецца роўна 500 гадоў з таго дня, калі пад Клецкам адбылася бітва войска Вялікага Княства Літоўскага з крымскімі татарамі, якую трыюмфальна выйграў князь Міхал Глінскі. У чым было ваеннае і палітычнае значэньне Клецкай бітвы? Чаму яе трыюмфатар перайшоў на службу ў Масковію і ўдзельнічаў у захопніцкіх войнах супраць сваіх суайчыньнікаў? Па якой прычыне беларускія ўлады цалкам праігнаравалі юбілейную дату? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае гісторык Генадзь Сагановіч.

(Скобла: ) “Генадзь, геаграфічнае становішча Беларусі на працягу стагодзьдзяў правакавала войны на восі Ўсход — Захад. З захаду ішлі крыжакі, з усходу — Масковія. А наколькі небясьпечны для Вялікага Княства Літоўскага быў поўдзень? Хто пагражаў адтуль і дзеля якіх геапалітычных інтарэсаў?”

(Сагановіч: ) “З поўдня Беларусі стаў пагражаць Крым — Перакопская арда. Адбылося гэта ў другой палове 15 стагодзьдзя, пасьля таго, як Крымскае ханства было аб’яднанае пад уладай дынастыі Гірэяў. І калі маскоўскі ўладар Іван ІІІ дамогся стратэгічнага ваеннага саюзу з Крымскім ханствам. Для Масквы гэта было вельмі зручна, таму што праз Крымскае ханства Масква стрымлівала Вялікае Княства Літоўскае і Польскае Каралеўства. А для крымскіх ханаў гэты саюз таксама быў стратэгічна важным, бо Масква пагражала і стрымлівала супернікаў Крыма — рэшткі той вялікай Залатой арды — Нагайскую, Заволскую, Казанскую орды. Дамогся саюзу з Крымам Іван ІІІ рознымі шляхамі — падарункамі, уладкоўваньнем да сябе на службу ханскіх сваякоў — і саюз гэты выкарыстаў напоўніцу. Ён заўсёды падбухторваў крымскіх татараў рабіць як мага глыбейшыя напады на тэрыторыю Вялікага Княства, на Ўкраіну, на Беларусь. Пісаў, каб ішлі да Слуцка, да Пінску — ваяваць незваяваныя землі”.

(Скобла: ) “А які характар мелі напады крымчакоў на землі ВКЛ?”

(Сагановіч: ) “Крымскія наезды былі імклівыя. Кожны татарын браў з сабою па тры-пяць коняў, каб, дасягаючы непрыяцельскіх земляў, рухацца імкліва, дзень і ноч. Татары хапалі на землях Беларусі і Ўкраіны самы на той час важны тавар — людзей і жывёлу, якіх было лёгка даставіць у Крым, бо яны самі рухаліся. Крымчакі проста спусташалі вялікія тэрыторыі, хоць набегі былі кароткія. Таму яны зьяўляліся для нашых продкаў грознай сілай, якая з канца 15 стагодзьдзя вельмі моцна дапякала Вялікае Княства. Напрыклад, у 1505 годзе адбыўся крымскі наезд, татары спыніліся лягерам каля Менску і літаральна пустошылі землі ў радыюсе 120 кілямэтраў. Калі верыць нашай “Кроніцы Быхаўца”, то яны даходзілі да Вільні, Полацку, Віцебску, а на захадзе заходзілі аж за Нёман”.

(Скобла: ) “Карыстаючыся вайсковым тэрмінам, давай правядзём рэкагнасцыроўку на мясцовасьці. Якія сілы былі ў супернікаў падчас Клецкай бітвы? Хто і ў чым меў перавагу і найперш мог разьлічваць на перамогу?”

(Сагановіч: ) “Агульныя мабілізацыйныя магчымасьці Крымскага ханства на той час былі ня больш 15 000 вершнікаў. Зыходзячы з тагачасных кронікаў і дакумэнтальных сьведчаньняў — лістоў Міхала Глінскага і караля Рэчы Паспалітай Аляксандра адразу пасьля бітвы — можна сысьціся на тым, што крымскіх наезьнікаў было каля 6 000 — 7 000. Але частка татараў падчас бітвы знаходзілася ў рэйдах, таму ў бітве бралі ўдзел каля 5 000 вояў. З боку Вялікага Княства сілы былі прыкладна такія ж. З ліста каралеўскага сакратара вынікае, што кароль і вялікі князь Аляксандар Казімеравіч зь Ліды пасылаў насустрач татарам 6 000 паспалітага рушаньня. Трэба сказаць, што рушаньне і на той час ужо было састарэлай формай арганізацыі ўзброеных сілаў”.

(Скобла: ) “Калі параўнаць Клецкую бітву зь бітвай пад Воршай, дзе сышліся ў бойцы больш за 100 000 войска (з абодвух бакоў), то бітва з татарамі выглядае куды больш сьціпла. А як можна рэканструяваць саму батальную сцэну?”

(Сагановіч: ) “Бітва гэтая сапраўды выглядае сьціпла ў лічбах. Але трэба ўлічваць, што ў палявых бітвах татары нават меншай сілай маглі дамагчыся перамогі, дзякуючы сваёй вялікай рухомасьці. Татарская коньніца была настолькі імклівая, што цяжкая кавалерыя ВКЛ у полі проста гублялася. Войскам Вялікага Княства кіравалі гетман Станіслаў Кішка і маршалак дворны Міхал Глінскі. Кішка за дзень да бітвы, калі заставалася 20 км да Клецку, нечакана захварэў, і паны рада вырашылі перадаць галоўнае камандаваньне Глінскаму. Глінскі сапраўды быў тады найлепшай кандыдатурай на такую ролю, паколькі быў вядомы сваім вайсковым майстэрствам і амбіцыяй”.

(Скобла: ) “І якую тактыку выкарыстаў Міхал Глінскі?”

(Сагановіч: ) “Глінскі адразу вырашыў набліжацца да Клецку ня з боку Наваградку, адкуль ішло яго войска, а з паўднёвага захаду, зь Пінскага тракту, каб адгарадзіць татарам шлях да адступленьня. Трэба ўлічваць і тое, што Глінскі быў татарынам з паходжаньня, гэта значыць, меў уяўленьне пра вайсковую тактыку сваіх супляменьнікаў. Да таго ж, ён служыў і ў Італіі, і ў Нямеччыне, і ў Гішпаніі, а значыць, ведаў і эўрапейскую ваенную тактыку. Глінскі падышоў да татарскага лягеру й вырашыў сходу перапраўляцца праз забалочаную пойму ракі Лань, якая аддзяляла яго ад татараў. А татары тым часам апынуліся ў няпростай сытуацыі. З аднаго боку, у іх было сабрана шмат палонных людзей і жывёлы, нарабаванай па розных землях Беларусі (а яны на той час былі ў наезьдзе каля дзесяці дзён). У іх у палоне было каля 40 000 людзей”.

(Скобла: ) “У чатыры разы больш, чым уласнага войска?!”

(Сагановіч: ) “Так, яны набіралі палонных значна больш, чым войска, бо ў іх было шмат коняў, і зьвязаных палонных можна было везьці дзясяткамі тысячаў. Перад Клецкай бітвай яны не маглі кінуць сваю здабычу. З другога боку, татары не хацелі кідаць на волю лёсу тыя загоны, якія былі ў разьездах. І ўсё ж яны адважыліся даць бітву Глінскаму ў месцы прытоку ракі Цэпры ў Лань. Там узвышша было, з двух бакоў іх абаранялі рэкі. Але татары пазбавіліся галоўнай сваёй перавагі — прасторы, на якой можна было б манэўраваць. Калі Глінскі сходу пачаў будаваць дзьве гаці, то татары асыпалі яго вояў градам стрэлаў. Каля трох гадзінаў пад татарскімі стрэламі будаваліся гаці. Войска ВКЛ прыкрывалі ўсяго дзьве гарматкі і ручніцы. Пераправа пачалася дзьвюма харугвамі. Правай ішло Наваградзкае паспалітае рушаньне, а левай — Менскае і Гарадзенскае. На Наваградзкую харугву, якая пераправілася хутчэй, адразу ж навалілася татарская коньніца, і для Глінскага настала адчайнае становішча. Загінула шмат людзей. І тады ён прымае імгненнае рашэньне, узначальвае пераправу левай харугвы, абыходзіць са сваёй коньніцай татараў і імкліва ўразаецца ім з тылу. Татары расколатыя, яны запанікавалі і пачалі бязладна адступаць, топячыся ў Цэпры. Бітва была імклівай — пачалася яна апоўдні, а праз нейкую гадзіну татары ўжо ўцякалі. У гэты час вельмі разумна, рацыянальна павялі сябе рэгіянальныя сілы ВКЛ. У прыватнасьці, княжна слуцкая Анастасія мабілізавала сваё баярства і працягвала граміць татараў пад Слуцкам. Дасталося ім і каля Капыля, каля Петрыкава, каля Оўруча. Паводле польскіх краністаў, паводле нашай “Кронікі Быхаўца”, да Крыма дабралася вельмі нязначная частка татарскіх аддзелаў, у тым ліку сыны Менглі Гірэя — Беці і Бурнаш”.

(Скобла: ) “Як вядома, кароль польскі і вялікі князь літоўскі на той час моцна хварэў, і войска супраць татараў зьбіралі, як падае “Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі”, з “панскіх поштаў і наёмнай коньніцы”. Гэта што, паштальёны замест таго, каб пошту разносіць, ішлі ваяваць з крымчакамі?”

(Сагановіч: ) “Не, “пошты” — старабеларускае слова, так называліся прыватныя вайсковыя аддзелы паноў-магнатаў ці князёў, якія валодалі вялікімі надзеламі зямлі і з гэтай зямлі выстаўлялі ўзброеных ратнікаў. У залежнасьці ад колькасьці насельніцтва, якое жыло на гэтай зямлі, ад гэтак званых “дымоў” ці “службаў”. Гэта адпаведная форма арганізацыі земскіх службаў. У Вялікім Княстве ні да таго, ні пазьней не было сталай ваеннай сілы. Звычайна, зьбіралі шляхцічаў з павету або пошты паноў і князёў. Што было ня вельмі эфэктыўна. Хоць, трэба прызнаць, перад Клецкай бітвай паспалітае рушаньне было сабрана на дзіва хутка, за чатыры дні. І гэта быў вялікі посьпех”.

(Скобла: ) “А як можна вызначыць значэньне Клецкай бітвы ў беларускай гісторыі?”

(Сагановіч: ) “Значэньне гэтай бітвы велізарнае. І найперш палітычнае. Перамога, поўны трыюмф, разгром пад Клецкам даволі значнага татарскага войска, траціны ўсіх узброеных сілаў Крымскага ханства, аслабіла сілы Крыма, ён адразу пайшоў на мір. І Менглі Гірэй прыслаў да караля Аляксандра свайго пасла. Праўда, акурат на той час Аляксандар памёр, і ўжо Жыгімонт падпісваў мір з крымчакамі. Крымскае ханства стала саюзьнікам ВКЛ і некалькі гадоў не чапала землі княства”.

(Скобла: ) “Усяго некалькі гадоў?”

(Сагановіч: ) “Так, бо з 1508 году сытуацыя мяняецца, а ў 1512 годзе Крым разам з Маскоўскім княствам зноў пачынае дзейнічаць супраць Вялікага Княства Літоўскага. Значэньне Клецкай бітвы большае ў палітычным сэнсе, чым у ваенным. Таму што перамога пад Клецкам была першай перамогай над Крымскім ханствам у адкрытай бітве. Раней крымчакоў грамілі толькі даганяючы, у пагоні, і ўсяго некалькі разоў — у 1497, у 1503-м. А цяпер упершыню крымскія наезьнікі былі разгромленыя ў бітве, выкананай па ўзорах антычнага ваеннага майстэрства, у адпаведнасьці з рэнэсансавай ваеннай навукай. Клецкую бітву параўноўвалі зь бітвай пад Равэнай у 1512 годзе. І перамогу над татарамі мог тады атрымаць менавіта Глінскі. Бо што ў першую чаргу вырашыла лёс бітвы? Здольнасьць ваеннага правадыра прыняць у пэўны момант хуткае і трапнае рашэньне. І Глінскі гэта зрабіў”.

(Скобла: ) “У славутай Грунвальдзкай бітве войскам ВКЛ камандаваў Вітаўт Вялікі. У бітве пад Воршай атрымаў вянок пераможцы князь Канстанцін Астроскі. Гэтыя бітвы заслужана ўзьнятыя на шчыт у нашай гістарычнай літаратуры. Можа быць, Клецкая бітва больш забытая, бо яе трыюмфатар Міхал Глінскі перайшоў потым на службу ў Маскоўскае княства? Дык хто ж ён — герой ці здраднік?”

(Сагановіч: ) “Міхал Глінскі, безумоўна, быў выбітной асобай, якая ня ўпісваецца ў простую, чорна-белую схему. Ён сапраўды быў найбольш таленавітым правадыром, слынным палітычным дзеячом, першым пагромцам татараў. У той жа час ён застаўся ў гісторыі здраднікам, паколькі ў 1508 годзе ўзьняў бунт супраць дзяржаўнай улады і перакінуўся на бок Масквы. Ён самахоць прыняў прапановы Маскоўскай дзяржавы. І разам з маскоўскім войскам спрабаваў браць беларускія гарады і абяцаў, што землі захопленыя Масквой, ёй і застануцца. Праўда, потым, у 1514 годзе ён яшчэ раз паспрабаваў зьмяніць свайго ўладара, вярнуцца ў Вялікае Княства Kняства Літоўскага — пасьля таго, як ягоныя амбітныя запатрабаваньні не былі задаволеныя Васілём ІІІ… Так што асоба Глінскага сапраўды вельмі неадназначная, але адначасова і вялікая асоба”.

(Скобла: ) “Што павінна быць напісана пра Глінскага ў айчынных падручніках па гісторыі?”

(Сагановіч: ) “У падручніках па гісторыі беларускай сувэрэннай дзяржавы павінна быць аддадзена належнае ягоным вайсковым заслугам, ягонаму ваеннаму таленту. Глінскі ўсё ж дамогся першай перамогі над татарамі. Але ў тым жа падручніку павінна быць сказана, што князь Глінскі здрадзіў свайму ўладару і Вялікаму Княству Літоўскаму і перайшоў на службу ў Маскоўскую дзяржаву, якая ў той час вяла войны супраць Беларуска-літоўскага гаспадарства”.

(Скобла: ) “А што прымушала Глінскага ісьці такімі пакручастымі сьцежкамі?”

(Сагановіч: ) “Усяго не раскажаш, розныя былі пэрыпэтыі. Амбіцыі гэтага князя, трэба прызнаць, былі не на пустым месцы. Ён сапраўды быў вельмі таленавіты й здольны. Але калі ягоныя дамаганьні не задавальняліся Аляксандрам, а потым і Жыгімонтам, калі яны не давалі яму вышэйшай дзяржаўнай пасады, якую ён хацеў, то Глінскі схіляўся да дэструкцыйных паводзінаў. А тады, у часе Смаленскай вайны, яму не ўдалося перайсьці на бок ВКЛ. Здаўшы Смаленск, Глінскі паслаў лісты вялікаму князю і Канстанціну Астроскаму. Лісты перахапілі маскоўскія шпегі. Васіль ІІІ закаваў Глінскага, і ён праз пэўны час памёр у маскоўскай няволі”.

(Скобла: ) “Магчыма, лёс Глінскага — гістарычны ўрок для ўсіх перабежчыкаў і здраднікаў… У суседняй Польшчы адзначаюцца на дзяржаўным узроўні ўгодкі Грунвальдзкай бітвы. Расея ледзь ні штогод з размахам ушаноўвае Барадзіно. Я разумею, чаму ніколі ня стане дзяржаўнай датай 8 верасьня 1514 году — перашкодзіць заўсёднае наша братаньне з Расеяй… Але чаму беларуская дзяржава нават дзеля прыліку не заўважыла 500-годзьдзе Клецкай бітвы? У нашай гісторыі ўвогуле падобных датаў няшмат. Ці беларускія ўлады крымскіх татараў асьцерагаюцца пакрыўдзіць?”

(Сагановіч: ) “Наўрад ці яны думаюць пра крымскіх татараў. Каб толькі Клецкая бітва адпавядала іх інтарэсам, то сьвяткавалі б як мае быць на дзяржаўным узроўні. Але поўным ігнараваньнем гэтага юбілею дзяржава яшчэ раз паказала сваё стаўленьне да беларускай гісторыі ў прынцыпе, да гістарычнай памяці, да гістарычнай спадчыны. Улада, як ужо неаднойчы, прадэманстравала поўны гістарычны нігілізм. Нават бітва пад Грунвальдам, якая і ў савецкі час, і цяпер адпавядае афіцыйнай дзяржаўнай дактрыне, абыходзіцца ўвагай. Улада баіцца любой праявы беларускага патрыятызму. А даўнія перамогі нашых продкаў, бясспрэчна, культывуюць пачуцьцё нацыянальнага патрыятызму ў сьвядомасьці нашчадкаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG