Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сустрэнецца кіраўнік МЗС Латвіі з новым амбасадарам Беларусі?


Ганна Соўсь, Менск Працягваецца дыпляматычны скандал між Беларусьсю й Латвіяй, зьвязаны зь ператрусам у кватэры другога сакратара амбасады Латвіі ў Менску, якога беларускія ўлады абвінавацілі ў распаўсюдзе порнапрадукцыі. Міністар замежных спраў Латвіі Артыс Пабрыкс заявіў, што лічыць немагчымай заплянаваную на 9 жніўня сустрэчу з новым беларускім амбасадарам у Рызе Аляксандрам Герасіменкам, пакуль беларускі бок ня дасьць афіцыйных тлумачэньняў наконт інцыдэнту.

Як вынікае з заявы міністра замежных спраў Латвіі Артыса Пабрыкса, беларускі амбасадар ня зможа пачаць паўнавартаснай працы ў Латвіі без такой сустрэчы. І перад ёй МЗС Латвіі жадае атрымаць тлумачэньні наконт таго, як стасуюцца ператрус на кватэры дыплямата й заведзеная крымінальная справа зь міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі й дыпляматычнай практыкай, а таксама ці не падмяняюць дзеяньні праваахоўных органаў Беларусі прынятае ў дыпляматычнай практыцы абвяшчэньне дыплямата пэрсонай нон грата. Гаворыць намесьнік дзяржсакратара латвійскага МЗС Эдгарс Скуя:

(Скуя: ) “Міністар зрабіў такую заяву, і гэта вельмі сур’ёзны крок у дыпляматычных стасунках. Не магу сказаць, ці быў такі прэцэдэнт. Латвія ставіцца да Беларусі як добрасуседзкая дзяржава, і вось атрымалі такую правакацыю з боку беларускіх уладаў. Парушэньне імунітэту латвійскага дыплямата, крок супраць латвійскай дзяржавы, парушэньне Венскай канвэнцыі. Апроч таго, мы ня маем ніякай афіцыйнай інфармацыі ад беларускіх уладаў. Гэта ня можа не ўплываць на нашыя стасункі. І, канечне, адказнасьць за наступствы кладзецца на плечы Беларусі”.

Сёньня ж прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Папоў паведаміў Радыё Свабода, што латвійскі бок атрымае тлумачэньні.

(Папоў: ) “Мы для сябе высьвятляем адпаведную форму й той узровень, на якім мы будзем даваць адказ нашым латвійскім калегам. Я ня ведаю, калі адбудзецца сустрэча. У дыпляматычнай практыцы гэта нармальная зьява, калі сустрэчы пераносяцца. Сустрэнуцца амбасадар зь міністрам у свой час, калі абодва палічаць гэта магчымым”.

Дыпляматычны скандал абмяркоўвала ўчора камісія ў міжнародных справах Сэйму Латвіі, і яе старшыня Вайра Паэгле заявіла, што Латвія павінна неадкладна выступіць на абарону сваіх дыпляматаў і заклікаць Эўразьвяз і ААН асудзіць дзеяньні Беларусі. Працягвае намесьнік старшыні камісіі Леапольдс Озаліньш.

(Озаліньш: ) “Калі б беларускія ўлады папрасілі прабачэньня – маўляў, пераблыталі, нечага ня ведалі, гэта было б найлепшым выйсьцем. Як прыдумалі прычыну для ператрусу, так трэба цяпер і прыдумаць, як выйсьці з гэтай недарэчнай сытуацыі. Ёсьць Венская канвэнцыя, ёсьць законы дыпляматычнай службы, якіх не парушае ніводная дзяржава”.

Як паведамілі Радыё Свабода ў Міністэрстве замежных спраў Латвіі, другі сакратар Латвійскай амбасады Рэйма Шмітс ад’ехаў зь Менску ў Рыгу й цяпер знаходзіцца ў адпачынку.

Нагадаем: 25 ліпеня беларускія спэцслужбы ўчынілі ператрус і канфіскавалі асабістыя рэчы ў кватэры латвійскага дыплямата. А пасьля міністар унутраных спраў Беларусі заявіў, што дыплямата падазраюць у распаўсюдзе порнапрадукцыі. 30 ліпеня беларускае тэлебачаньне ў праграме “Ў цэнтры ўвагі” прадэманстравала полавы акт паміж мужчынамі, сьцьвярджаючы, што адзін з герояў сюжэту – другі сакратар амбасады Латвіі Рэйма Шмітс. Міністэрства замежных спраў Латвіі назвала факт паказу яшчэ адной правакацыяй супраць Латвійскай дзяржавы й яе дыплямата.

Як паведаміла пракуратура Беларусі, 27 ліпеня супраць дыплямата была заведзена крымінальная справа па факце распаўсюду порнапрадукцыі, аднак захадаў у дачыненьні Рэйма Шмітса, зьвязаных з абмежаваньнем ягонай свабоды, і парушэньняў ягонага дыпляматычнага статусу дапушчана не было.
XS
SM
MD
LG