Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца выступ пракурора ў судзе над актывістамі “Партнэрства”


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбудзецца чацьвёртае паседжаньне ў крымінальнай справе супраць актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Эніру Браніцкую, Аляксандра Шалайку, Цімафея Дранчука і Міколу Астрэйку абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы і інтарэсы грамадзянаў.

Больш за 5 месяцаў іх утрымліваюць пад вартай. Суд праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Магчыма, сёньня пачнуцца спрэчкі і мы даведаемся якую меру пакараньня для актывістаў “Партнэрства” папросіць дзяржаўнае абвінавачаньне.

Сёньня адвакаты арыштаваных заявяць хадайніцтва, каб дапыталі ў судзе сьведак з боку абароны. Судзьдзя Леанід Ясіновіч заплянаваў агледзіць пісьмовыя матэрыялы крымінальнай справы. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, пасьля гэтага ў судзе пачынаюцца спрэчкі.

Прадстаўнік пракуратуры выступіць з афіцыйным абвінавачаньнем і папросіць суд абраць меру пакараньня для Эніры Браніцкай, Міколы Астрэйкі, Аляксандра Шалайкі і Цімафея Дранчука.

Раней судзьдзя Леанід Ясіновіч казаў сваякам, што ад сёньняшняга дня абвесьціць перапынак у справе, але зьмяніў сваё рашэньне.

Жонка Цімафея Дранчука Вольга Анцыповіч знаходзіцца на лецішчы з маленькім Платонам. Яна спадзяецца, што, чым хутчэй скончыцца суд, тым хутчэй яе муж убачыць свайго сына.

(Анцыповіч: ) “Канечне, нам вельмі важна, што скажа пракурор. Ад ягоных словаў, можна сказаць, залежыць наш лёс. Вельмі хочацца спадзявацца, што ў судзе ўсё скончыцца і Цімафея вызваляць з-пад варты адразу ў зале суду. Тое, што ён знаходзіцца за кратамі больш за пяць месяцаў, гэта папросту нейкі жах. Ён не рэцыдывіст, не злачынца, але з ім абыходзяцца менавіта так”.

Паліна і Мікола Астрэйкі выпускнікі коласаўскага ліцэю, калектыў якога днямі вярнуўся з Польшчы. Намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі прыйдзе сёньня да будынку суду.

(Баршчэўскі: ) “Мікола Астрэйка быў адным з самых “сьветлых галоваў”, калі вучыўся ў нас. Ягоная жонка таксама была адной з самых лепшых вучаніц. Тых, каго судзяць ў апошнія гады, вылучаліся не толькі сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, але й былі і ёсьць “сьветлымі галовамі”. Тыя хто не проста пратэстуюць, а думаюць пра будучыню. Гэтага рэжым панічна баіцца. Ён хоча, каб бээрсэмаўскае пакаленьне, троечнікі, кіравалі далей у дзяржаве і надалей растаптвалі эліту, якая ў такіх пакутах нараджаецца”.

Амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу пільна сочаць за судом над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якая стваралася выключна з мэтай ажыццяўляць назіраньне за выбарамі.

Прадстаўнікі дэмакратычных моладзевых рухаў і апазыцыйных партый прыходзяць да будынку суду на знак салідарнасьці з Энірай Браніцкай, Міколам Астрэйкам, Цімафеем Дранчуком і Аляксандрам Шалайкам.

Будынак суду будзе ачэплены спэцназам. З набліжэньнем даты абвяшчэньня прысуду, штодня павялічваецца колькасьць байцоў у форме і ў цывільным каля будынку суду.
XS
SM
MD
LG