Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Парыж расквітнее


Вячаслаў Ракіцкі, Мосар, Глыбоцкі раён Зусім нядаўна вёсцы Навадруцк у Пастаўскім раёне была вернутая яе першапачатковая назва Парыж. Народныя паданьні сьведчаць, што Парыжам гэтае паселішча назваў Напалеон Банапарт у часе вайны 1812 году.

Бальшыня месьцічаў пажадалі аднавіць гістарычны назоў. Сярод ініцыятараў зьмены назвы быў і знакаміты ксёндз Ёзас Булька з вёскі Мосар Глыбоцкага раёну. Якія пэрспэктывы мае цяпер беларускі Парыж?

Невялікая вёска Мосар на Глыбоччыне становіцца адным з самых прывабных у краіне турыстычных цэнтраў. Выдатны парк ля касьцёлу, крыніца зь лячэбнай вадой, да якой вядзе дарога, устаўленая капліцамі, філія Глыбоцкага гісторыка-краязнаўчага музэю, музэй барацьбы з алькагалізмам, копія віленскай Вострай брамы, прыгожыя, напэўна, як нідзе больш у краіне, дагледжаныя вясковыя могілкі вабяць турыстаў і ўяўляюцца сапраўднай выспай духоўнага адраджэньня беларускай вёскі. І ўсё гэта перадусім плён працы кясндза Ёзаса Булькі.

Мосарскі аазіс паступова разрастаецца, і вось ужо і ў суседніх вёсках – Удзеле, Навасёлках запрыгажэлі тэрыторыі вакол касьцёлаў. Разьбіваюцца паркі, сады, саджаюцца траўнікі і кветнікі, будуюцца альтанкі, мосьцікі. І цяпер, як цьвердзіць ксёндз Ёзас Булька, абавязкова зьменіцца ляндшафт беларускага Парыжу. Зрэшты, трэба ж апраўдваць такі эфэктны назоў. І зноў ініцыятыву выяўляе касьцёл.

(Булька: ) “Ужо прыгналі экскаватары. Яны капаюць басэйн. Каля шпіталю будзем рабіць бульвары. Мы напісалі прэзыдэнту, і нам аддаюць гандлёвы цэнтар, які прыйшоў у заняпад, развальваецца. Там будзе плябанія. Будзе таксама этыкетная заля. Таксама будзе касьцёл, мы зробім і музэй Яна Паўла Другога, з чым пагадзіўся біскуп Блін. Туды прыслалі маладога капляна, які вельмі рупіцца. Прыходзіць да мяне кансультуецца, што і як рабіць”.

У плянах ксяндза Булькі паводле магчымасьці разбудаваць і інфраструктуру мясцовасьці, найперш зьвязаць вёскі добрымі дарогамі.

(Булька: ) “Тут праходзіць некалькі дарог. Мы працягнем іх асфальтаваць. Будзе асфальт з Варапаева ў Мярэцкія.”

(Карэспандэнт: ) “Ствараеце турыстычную зону?”

(Булька: ) “Так, турызм.”

(Карэспандэнт:) “Дзяржава гэта падтрымае?”

(Булька: ) “І падтрымае. Толькі адна дзяржава нічога ня зможа зрабіць, калі зьнізу ня будзе ініцыятараў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG