Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Летні альбом: футбол 1963 году


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Тысячы твараў прамільгнулі перад вачыма, мільёны словаў скаланулі вушныя мэмбраны, памяць атачыў імглісты туман, але тэнарыста-зьвінючы голас футбольнага камэнтатара Альфрэда Мітрафанава запомніўся да скону.

На дварэ была восень 1963-га. Тае пары футбалісты менскага “Дынама” змагаліся за мэдалі, і ў нашай кватэры зьбіраліся бацькавы сябры, каб паслухаць рэпартаж аб футбольным матчы. Завадатарам тых радыёвячорак быў сусед з 8-й кватэры. У маладосьці ён сам гуляў у футбол, потым, у ранзе рэфэры рэспубліканскай катэгорыі, судзіў матчы заводзкіх каманд, потым – пра тое казалі суседзі – прапіў нейкі спартовы рыштунак і быў адхілены ад судзьдзёўства. Аднак захапляцца футболам ня кінуў.

Сусед ведаў процьму розных каляспартовых плётак. З усіх гэтых гісторыяў мне запомнілася дзьве: як бразылец Гарынча забіў мячыкам гарылу, якую паставілі ў футбольную браму, і як Эдзік Стральцоў уставіў дачцэ польскага вайсковага аташэ, пасьля чаго трапіў у вязьніцу. Я, дзесяцігадовы бэйбус, цьмяна тады ўяўляў – куды і што там устаўлялі, але гісторыя гэтая мяне ўражвала, і я слухаў яе, разявіўшы рота.

Падчас футбольнага рэпартажу сусед звычайна хадзіў з кута ў кут, у момант дынамаўскай атакі на імгненьне спыняўся, гукаў, перакрыкваючы Мітрафанава, каму аддаць пас. А калі менчукі забівалі гол, падбягаў да прымача і захоплена выдыхаў: “Пр-рыгожа!”.

З тае пары мяне таксама апанаваў футбол. Апанаваў дарэшты, да сьвербу ў пятках. Я стаў весьці футбольны дзёньнік і павесіў каля ложка выцяты з газэты “Физкультурник Белоруссии” партрэт свайго куміра – лідэра дынамаўскай атакі Эдуарда Малафеева. Напісаў таксама ліста ў Менск з просьбаю паведаміць, якім чынам ажыцьцяўляецца набор у групу падрыхтоўкі менскага “Дынама”. І, эканомячы на школьных абедах, набываў за 10 капеек патрыманыя нумары тыднёвіка “Футбол”. Насамрэч ён каштаваў 5 капеек, але набыць яго ў шапіку альбо выпісаць было немагчыма.

У 1963-м годзе менскае “Дынама” заваявала бронзавыя мэдалі. Запомнілася гумарыстычная перадача, што прагучала тады на Беларускім радыё. У ёй апавядалася, як бацька карміў маннай кашай двухгадовае дзіцё. “Як, ты ня хочаш глынуць кашы за Ігара Роміна? Гэта ж не абаронца, гэта бэтонны мур! А цяпер лыжку за фэтыш каманды – Леанарда Адамава. Яшчэ лыжачку – за Юру Пагальнікава. Гэта ж не гулец, гэта спружына!” Гульцоў тых ужо няма ў жывых, але я згадаў іх, калі надоечы карміў кашай двухгадовага ўнука. У памяці беларускіх заўзятараў яны заўсёды жывыя – героі чэмпіянату 1963 году.
XS
SM
MD
LG